Казахстанскі палітык Уладзімір Казлоў: «Мірны пратэст можа быць і павінен быць жорсткім»

З 2 студзеня ў Казахстане працягваюцца масавыя акцыі пратэсту. Колькасць ахвяраў унутранага канфлікту ўжо лічыцца дзясяткамі жыццяў, у краіну ўведзеныя войскі краін-удзельніц АДКБ, блакуецца інтэрнэт, мітынгоўцы патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Такаева. Казахстанскі палітык і былы палітвязень Уладзімір Казлоў у эфіры праграмы «Студыя Белсат» падзяліўся сваім бачаннем развіцця канфлікту ў краіне, а таксама настроямі ў самым казахстанскім грамадстве.

Галоўная навіна апошніх содняў – гэта ўвядзенне сіл АДКБ у Казахстан для ўрэгулявання ўнутранага канфлікту. Са словаў Уладзіміра Казлова, гэтая мера была спецыяльна падстроеная ўладамі краіны.

«У Алматы было арганізаванае замяшчэнне пратэстных людзей крымінальнымі групоўкамі – не без дапамогі высокапастаўленых супрацоўнікаў Камітэту нацбяспекі, – і гэта прывяло да той сітуацыі, якая дала падставу Такаеву, хоць і фальшывую падставу, звярнуцца ў АДКБ. І цяпер на казахскай зямлі, як мы лічым, расейскія і іншыя акупанты прыехалі, каб «навесці ў нас парадак». Гэта вельмі дрэнна».

У гэты ж час казахстанскі палітык не адмаўляе таго, што сам пратэст у краіне быў першапачаткова жорсткім, але ён быў адэкватным у дачыненні да дзеянняў уладаў. Уладзімір Казлоў упэўнены, што толькі так можна перамагчы дыктатуру.

Дзясяткі чалавек. Названая прыкладная колькасць ахвяраў сутыкненняў у Казахстане

«На вашым, на жаль, досведзе, беларускім досведзе, мы бачым, што дыктатуру ў белых пальчатках папрасіць сысці не атрымаецца. Тым больш, зараз мы маем справу з аб’яднанай дыктатурай – Беларусь, Казахстан і Расея, – чые кіраўнікі паміж сабой пастаянна маюць зносіны, абменьваюцца вопытам, кансалідуюць свае намаганні. АДКБ ужо ўжытае для падаўлення грамадзянскага пратэсту ў адной з гэтых краінаў. Таму мірны пратэст можа быць і павінен быць жорсткім, гэта значыць адэкватнасць павінна быць. Калі нас бʼюць, мы павінны адказваць цалкам адэкватна жорстка».

Назарбаеў сышоў. Чаму пратэсты ў Казахстане не спыняюцца і чаму іх не здушылі, як у Беларусі?

Уладзімір Казлоў звяртае ўвагу на тое, што пратэсты ў краіне працягваюцца, і іх галоўная мэта на дадзены момант – адстаўка прэзідэнта Такаева.

«Пратэст у Жангаўэзене і пратэст у Актаў працягваецца. Цяпер на плошчы Ынтымак у Актаў знаходзяцца блізу паўтары тысячы чалавек, яны нікуды не сыходзяць, і яны патрабуюць адстаўкі прэзідэнта дзейнага – Такаева. Менавіта таму, што ён стварыў прэцэдэнт і ўвёў замежныя войскі на тэрыторыю Казахстана».

Поўнасцю размову з казахстанскім палітыкам Уладзімірам Казловым можна паглядзець тут:

ВК/ІР, Belsat.

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны