Казахскі пратэст скончыўся? Сведка: у Алматы ваююць не з пратэстоўцамі, а з марадзёрамі


Пратэстоўцы дамагліся зніжэння цэнаў на паліва, адстаўкі ўраду і фармальнага сыходу Нурсултана Назарбаева. А рэжым Такаева атрымаў прысутнасць расейскіх вайскоўцаў.

Адміністрацыю Алматы ачапілі вайскоўцы. Казахстан. 5 снежня 2022 года.
Фота: KazTAG

Праз блакаванне інтэрнэту і праблемы з тэлефоннаю сувяззю інфармацыі з Казахстану 6 студзеня няшмат, яна пераважна паступае з расейскіх дзяржаўных медыяў, ад казахскіх сілавых ведамстваў і прэс-службы кіраўніка Казахстану Касым-Жамарта Такаева.

«Белсат» спытаў, што адбываецца ў краіне, у казахскага праваабаронцы ды прэзідэнта грамадскага фонду «Liberty» Галыма Агелеуава, які на ўласныя вочы бачыў пратэсты ў Алматы.

У Алматы цяпер у некалькіх месцах адбываецца «антытэрарыстычная аперацыя»: затрымліваюць марадзёраў. Уначы Агелеуаў сам бачыў, як рабуюць крамы, у тым ліку білі вітрыны ювелірнай крамы каля ягонага дому, як адтуль выходзілі ўзброеныя людзі.

Галым падкрэслівае, што марадзёры скарысталіся хваляю пратэсту, захапілі зброю, чынілі пагромы, рабаванні і крадзяжы. Яны добра арганізаваныя, але да мітынгоўцаў не маюць аніякага дачынення.

У Алматы цяпер густы туман, вельмі кепская бачнасць. Але выглядае на тое, што менавіта пратэстаў там ужо няма.

На захадзе краіны іншая сітуацыя. Там людзі зноў выходзілі на плошчы з патрабаваннямі дэмакратычных зменаў, але пастанавілі сыходзіць, бо іхныя патрабаванні выканалі: будуць парламенцкія выбары.

У тым, што Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў Казахстанам 30 гадоў, цяпер сышоў, Агелеуаў сумняецца: Назарбаеў, падобна, усё яшчэ мае ўладу, уплыў і вялікія грошы, а старая эліта застаецца. Ды Такаеў, хоць і стаўленік Назарбаева, імкнецца паменшыць уплыў ягонай сям’і.

Hавiны
Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым
2022.01.05 14:22

Праблема, кажа праваабаронца, у тым, што краіна выдаткоўвала вялізныя сродкі на сілавікоў, а бюджэт краіны карміў карупцыянераў, звязаных з кланам Назарбаева. Таму і злачынствы, і карупцыя – частка сістэмы першага прэзідэнта.

Неабходнасці ўводзіць войскі АДКБ не было, перакананы Агелеуаў: парадак у краіне можна аднавіць цягам дня, бо большасць актывістаў, якія патрабуюць зменаў у краіне, цяпер разыходзяцца і не бяруць удзелу ў акцыях. Частка насельніцтва выказвае пратэст супраць увядзення войскаў АДКБ, гэта можа толькі падагрэць сітуацыю.

Hавiны
Беларускія вайскоўцы ўвайшлі ў склад «міратворцаў» АДКБ для Казахстану. Па іх ляціць самалёт са Пскова
2022.01.06 10:58

Якая роля АДКБ у гэтым канфлікце – праваабаронцу складана сказаць. Рэч у тым, што ў Казахстане ўсе цудоўна ведаюць, хто ўзначальвае злачынныя групоўкі, што цяпер кіруюць на вуліцах: гэта ўсё ў руках сям’і Назарбаева. Адсюль і загад, каб паліцыі не было на вуліцах гарадоў, і фактычны кантроль злачынных груповак над Алматы.

Улады Казахстану могуць скарыстацца спыненнем пратэстаў, каб пазней абвінаваціць у тэрарызме і экстрэмізме людзей, якія патрабуюць пераменаў. А Крэмль можа ўзмацніць свой уплыў на Казахстан.

Hавiны
Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане
2022.01.05 19:38

АА belsat.eu

Стужка навінаў