Тры палітвязні выйшлі з няволі: у аднаго скончылася пакаранне, двух перавялі на «хатнюю хімію»


Саджаць з палітычных матываў таксама працягваюць: 6 снежня яшчэ аднаго зняволенага асудзілі за «счэпку» каля Стэлы на тры гады «хіміі».

Палітвязні Юрый Касцюк і Уладзімір Шурубейка.
Фота: «Вясна» / сацсеткі палітвязняў

Аб вызваленні двух палітвязняў з папраўчых установаў адкрытага тыпу праваабаронцы «Вясны» паведамілі 6 студзеня.

24-гадовы берасцеец Юрый Касцюк, асуджаны на год «хіміі», а затым за «парушэнні» (сон у неналежны час па выходных, вяртанне з працы на аўтобусе замест вяртання пешшу) на яшчэ месяц турмы, выйшаў на волю па сканчэнні пакарання. Яго пакаралі за тое, што 4 верасня 2020 года ён тузануў прымацаваны да будынку дзяржаўны сцяг, які адразу зваліўся. Адміністрацыя гатэлю вылучыла матэрыяльныя прэтэнзіі за зламанае дрэўка ў памеры 58 рублёў.

38-гадовы берасцеец Уладзімір Шурубейка, асуджаны на 2 гады «хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады», 5 студзеня быў пераведзены на «хатнюю хімію» і ўжо знаходзіцца ўдома. Яго пакаралі за тое, што ў Viber-чаце размясціў негатыўную ацэнку сілавіка з утрыманнем словаў «с*кло, чмо і ныцік».

Абноўлена. Таксама на «хатнюю хімію» перавялі 50-гадовага менчука Яраслава Збароўскага. Яго асудзілі за «грубае парушэнне парадку» на тры гады «хіміі» і канфіскавалі машыну – за ўдзел у пратэстах у ноч з 10 на 11 жніўня каля менскага гандлёвага цэнтру «Рыга». Яго затрымалі 25 верасня 2020 года, сем месяцаў трымалі ў няволі да суду. Ён не прызнаў віну, а на «відэадоказах» у судзе яго папросту не было.

Усе тры былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Аляксандр Дзям’янцаў. Скрыншот: відэа МУС

А мянчук Аляксандр Дзям’янцаў 6 студзеня быў асуджаны на 3 гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах. 9 жніўня 2020 года яго затрымалі пасля пратэстаў каля стэлы «Менск – горад-герой», дзе ён стаяў у «счэпцы» з іншымі пратэстоўцамі. Разам з тым ён адбывае раней прысуджаныя 2 гады «хіміі» за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане.

Яго абвінавацілі паводле ч.1 арт.342 КК РБ («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Паводле абвінавачвання, ён не толькі стаяў у «счэпцы», але і «не падпарадкоўваўся неаднаразовым патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушаў грамадскі пакой, перашкаджаў руху грамадскага транспарту».

Абарона настойвала, што ў ягоных дзеяннях няма складу злачынства: на відэа бачна, што ён стаяў у «счэпцы» не на дарозе, а на тратуары, а па дарозе нармальна рухаўся грамадскі транспарт. Ён стаяў моўчкі, актыўных дзеянняў не прымаў. Абвінавачаны прызнаў, што стаяў у «счэпцы», але не прызнаў «перашкоды транспарту».

Суд адмовіў «Менсктрансу» ў пазове на 3621 рубель і 1 капейку. Але прызнаў Дзям’янава вінаватым і асудзіў на тры гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Да пачатку адбыцця пакарання яго вызвалілі ў залі суду.

Артыкулы
Праз тэрор і рэпрэсіі амаль у кожнага беларуса моцная псіхалагічная траўма
2021.12.20 10:22

АА belsat.eu

Стужка навінаў