Актывістка Матчынага руху 328 наглыталася таблетак у міліцыі, напісала заяву пра давядзенне да самагубства


Жанчыне пагражалі за допісы ў сацыяльных сетках, ноч пратрымалі ў халоднай камеры. Цяпер яна ў лякарні пасля спробы суіцыду.

Марына Кісялевіч.
Фота: Марына Кісялевіч / Facebook

У навагоднюю ноч актывістка Матчынага руху 328 Марына Кісялевіч апынулася ў рэанімацыі. «Наша ніва» звязалася з ёю: жанчына расказала, што ў РУУС пасля пагрозаў сілавікоў выпіла цэлую пласцінку снатворнага – лічыла, гэтага хопіць, каб памерці.

Паводле спадарні Марыны, 30 снежня ёй патэлефанавалі з міліцыі і сталі пытаць пра допісы «УКантакце» ад ейнага імя. Жанчына адказала, што не карыстаецца гэтаю сацсеткай, што актыўная толькі ў Facebook. Але яе забралі ў міліцыю «без аніякіх дакументаў» тры супрацоўнікі Крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС.

Калі Марыну Кісялевіч сталі распытваць пра допісы ўжо ў Facebook, яна адмовілася сведчыць супраць сябе. Тады заявілі, што яе затрымалі нібыта паводле крымінальнага артыкулу 188 – за паклёп. На ноч жанчыну пакінулі ў халоднай камеры метр на паўтара, дзе яна ад марозу не магла спаць, нават сядзець. Зранку яе звазілі ў Следчы камітэт, але справу вярнулі назад. Тады сталі пагражаць ужо адміністратыўнай справай, крычаць.

«У мяне чамусьці не забралі таблетак з асабістых рэчаў. І я не вытрывала, выпіла сваё снатворнае. У мяне з сабою была пласцінка — дастаткова, як я лічыла, каб памерці», – расказала Марына Кісялевіч.

Жанчыне выклікалі хуткую, спрабавалі справакаваць ваніты. Яна страціла прытомнасць, ачуняла ўжо ў рэанімацыі таксікалагічнага аддзялення Шпіталю хуткай дапамогі. Міліцыянты прыйшлі да яе і туды, каб «высветліць акалічнасці справы».

Hавiны
У Магілёве палітвязень Дзмітрый Дудойць скончыў жыццё самагубствам
2022.01.05 20:27

Марына Кісялевіч збіраецца пісаць на супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС заяву пра давядзенне да суіцыду.

«Я цяпер, канечне, разумею, што гэта было неразумна з майго боку, я моцна рызыкавала, і мой сын толькі пацярпеў ад маіх дзеянняў. Але ў мяне здалі нервы. Я гатовая была памерці, толькі б не ў турму па сфабрыкаванай справе. Відаць, паўплывала і тая ноч у камеры-лядоўні: холад стаў для мяне сапраўдным катаваннем», – расказала жанчына праз слёзы.

Матчын рух 328 лучыць бацькоў асуджаных паводле наркатычных артыкулаў, пакаранні паводле якіх у Беларусі надзвычай жорсткія нават за захоўванне невялікіх дозаў лёгкіх наркотыкаў.

Кісялевіч з 2017 года змагаецца за сына, асуджанага паводле наркатычнага артыкулу. Жанчына адзначае, што гэта не першы выпадак ціску на яе, але «раней абыходзілася штрафамі».

Спадарыня Марына згадвае, што ў 2020 годзе падавала скаргі таксама на бяздзеянне ўладаў падчас пандэміі ды на незаконную рэгістрацыю Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзідэнта, у 2021-м пісала заяву на Лукашэнку і КДБ за змову дзеля захопу дзяржаўнай улады.

Hавiны
Як сілавікі беспакарана забіваюць беларусаў: кажуць пра суіцыды і хваробы, садзяць сведкаў
2022.01.03 19:09

АА belsat.eu

Стужка навінаў