З нагоды скандалу, выкліканага «памылкаю» вядоўцы «Дождя»...

Галоўнае апраўданне, якое дае расейскае выданне, – вядоўца агаварыўся. Але калі ацаніць кантэкст, то напрошваецца выснова, што журналіст усё ж не агаварыўся, а прагаварыўся. Не памыліўся ў тэрмінах, а выпадкова распавёў праўду. Ці можа быць такое, што вядоўца не ведаў, а расейскае выданне «Дождь» насамрэч не дапамагае расейскай арміі?

Каб не схлусіць, давайце паслухаем галоўную рэдактарку і заснавальніцу «Дождя» Наталлю Сіндзееву, якая шкадуе «нашых мабілізаваных».

Мяркуючы з выступу кіраўніцы выдання, словы пра дапамогу расейскай арміі не агаворка вядоўцы, а ўсё ж такі выпадкова раскрытая палітыка каналу. Ідэалогія. Прынцыпы. Падыход да жыцця. «Нашыя акупацыйныя войскі», «нашая карная экспедыцыя», «дапамажыце нашым хлопчыкам не змерзнуць».

Дык чым насамрэч засмучаныя расейскія медыйнікі? Што вядоўца ў эфіры выпадкова сказаў праўду. А думка, што дапамагаць фашысцкай арміі, – гэта сумнеўны занятак, ім у галаву не прыходзіць?

Спрэчка ж не пра тэрміны. Паліткарэктнасць – гэта калі вы замест таго, каб назваць кагосьці «сволаччу», кажаце, што ён, напрыклад, ваенны злачынец. Калі ваенных злачынцаў называюць «нашыя салдаты», то гэта не палітычная карэктнасць, а адбельванне тэрарызму. Журналісцкі прыём, які спрабуе намаляваць сувязь паміж гледачамі і бандыцкаю групоўкаю. Салаўёў і Сіманьян у больш вытанчаным фармаце. Чым тады гэтая прапаганда вайны адрозніваецца ад Салаўёва з Сіманьян, акрамя вытанчанасці фармату?

Можа быць, не ўсё так дрэнна, бо незалежныя расейскія медыі працуюць для дэмакратычных расейцаў? А добрых расейцаў сапраўды ж больш, чымся агрэсіўных пуціністаў. Прынамсі мы так прывыклі думаць.

Але давайце паглядзім вынікі даследавання сацыялагічнай кампаніі «Russian Field». На слайдзе – меркаванне большасці расейцаў пасля паўгода вайны.

Крыніца: Даследаванне «Дзевяць хваляў: складанасці і парадоксы васьмі месяцаў «ваеннай аперацыі»

Гэтыя меркаванні ў добрых расейцаў сабралі пасля Бучы, пасля Харкава, пасля Марыупалю. Пасля бамбёжак радзільняў і электрастанцыяў. Меркаванні збіраліся ў Маскве (ясна, што ў  рэгіёнах сітуацыя яшчэ больш сур’ёзная). Меркаванні збіраў не прапуцінскі сацыялагічны цэнтр, а незалежны, антыпуцінскі.

Трэба прызнаць, што мы доўгі час падманвалі сябе ілжывай ідэалізацыяй усходніх суседзяў. Тым, што мы 200 гадоў жылі ў адной краіне, што ў нас падобная ментальнасць, што нашыя мовы роднасныя.

Але праўда – на слайдзе: калі заўтра пуцінскія ўлады пачнуць спецаперацыю для дэнацыфікацыі Беларусі, то двое з трох расейцаў яе падтрымаюць. Ну вядома ж, калі ім гэта скажуць праз тэлевізар.

Пакуль яны будуць нас забіваць, незалежныя расейскія медыі будуць заклікаць дапамагчы «бедным мабілізаваным хлопчыкам», каб яны ў працэсе забівання нас не змерзлі.

Тых, хто будзе настойваць, што не трэба забіваць жыхароў суседняй краіны, назавуць нацыяналістамі. Пра тых, хто будзе прасіць іх не дапамагаць забойцам, скажуць, што яны «за адмену расейскай культуры».

Пра гэта варта падумаць. Гэтаму трэба зазірнуць у вочы.

Hавiны
Міністр абароны Латвіі прапанаваў забраць дазвол на вяшчанне ў тэлеканала «Дождь»
2022.12.02 20:45

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў