Расейскі сухагруз ледзь не заплыў на пляж пад Гданьскам. Афіцэры былі п’яныя


Каля 4-й раніцы 4 снежня карабель-сухагруз «Руслана» расейскай кампаніі «Трансфлот», які плыў з Клайпеды, амаль сеў на мель на Сабяшэўскім востраве на ўсходзе ад польскага Гданьска.

Паводле звестак польскага Марскога парталу, карабель плыў на хуткасці каля 11 вузлоў (20 км/гдз) проста на пляж, але развярнуўся за тры кабельтавы (555 метраў) перад тым, як сеў бы на мель і за 1 км ад краю пляжу. Пасля карабель пайшоў у порт Гданьска.

Марская адміністрацыя паведаміла памежнікам пра дзіўны манеўр. Памежнікі праверылі цвярозасць экіпажу – аказалася, у капітана было каля 1 праміле алкаголю, у двух афіцэраў – каля 1,5 праміле (такая канцэнтрацыя ў выдыханым паветры лічыцца лёгкім алкагольным ап’яненнем). Усе яны – грамадзяне Расеі.

Ці самі яны заўважылі, куды плывуць, ці атрымалі нейкія сігналы, невядома. Таксама не паведамляецца, ці пагражае экіпажу нейкае пакаранне.

Сухагруз, які ледзь не сеў на мель пад Гданьскам.
Фота: Morska Służba Poszukiwania i Ratownictwa

АА belsat.eu

Стужка навінаў