Беларускія памежнікі прыгразілі Украіне дзейнічаць «вельмі жорстка»


Беларускія памежнікі выкарысталі нязвыкла жорсткую рыторыку, каментуючы інцыдэнт за мяжы з украінскім верталётам.

Паводле беларускага боку 4 снежня ўкраінскі верталёт Мі-8 нібыта парушыў беларускую мяжу ў раёне Новай Рудні. 5 снежня Міністэрства абароны Беларусі перадала ў сувязі з інцыдэнтам ноту пратэсту вайсковаму аташэ пры амбасадзе Украіны ў Беларусі. Пры гэтым украінскі бок не прызнае факт парушэння мяжы.

Афіцыйны прадстаўнік Мазырскага памежнага атраду Сяргей Паўлаў заявіў сёння ў каментары тэлеканалу «Мир»:

«Пры ўзнікненні ў далейшым выпадкаў парушэння дзяржаўнай мяжы беларускія памежнікі будуць дзейнічаць вельмі жорстка».

ВІДЭА
Ці пойдзе беларускае войска паміраць за Аляксандра Лукашэнку?
2021.12.03 17:01

Нагадаем, спецслужбы заходніх краінаў і Украіны лічаць, што Расея плануе ваенны наступ на тэрыторыю Украіны, які можа пачацца ў пачатку 2022 года, прычым уварванне можа адбыцца ў тым ліку праз тэрыторыю Беларусі.

8 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хоча размясціць некалькі дывізіёнаў расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» на мяжы з Украінай. 29 лістапада на нарадзе ў Мінабароны Лукашэнка паабяцаў быць на баку Расеі ў выпадку ейнай вайны з Украінай. 2 снежня Лукашэнка распавёў пра намер сумесныя з Расеяй вучэнні на мяжы з Украінай.

На фоне такіх заяваў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулэба адзначыў, што Кіеў цяпер лічыць Беларусь патэнцыйнай крыніцай пагрозы.

РР belsat.eu

Стужка навінаў