Замарозка коштаў, стыхійныя страйкі прадпрыймальнікаў і юбілей класіка. Тыдзень у малюнках


Забарона на рост коштаў застаецца тэмай нумар адзін у Беларусі. Дзеянні чыноўнікаў ужо далі першыя вынікі – прадпрымальнікі не выйшлі на працу, некаторыя тавары пачалі знікаць з паліц крамаў. Тым часам у шэрагах апанентаў улады таксама скандал – сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету міністаркі фінансаў Таццяны Зарэцкай даў пачатак гарачай дыскусіі – сапраўдная яна мільянерка ці не. Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» сочыць за гэтымі і іншымі гучнымі падзеямі.

Урад прыняў пастанову, якая прапісвае, як павінны расці кошты, але нешта пайшло не так – не ўсе тавары аказаліся здольнымі змясціцца ў гэтае «пракрустава ложа» прынятага дакумента. Першымі за межы рэгулявання вырваліся кветкі. Газеты, часопісы, кампутары і ікру  таксама вызвалілі, што аднак не зрабіла сітуацыю больш зразумелай – кожны день чыноўнікі нешта раз’ясняюць, удакладняюць і рэгулююць.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Тое, што чыноўнікі не вельмі разумеюць, як павінна працаваць новая сістэма, не вызваляе ад пакаранняў прадпрыймальнікаў – кожны дзень паведамляецца пра крымінальныя справы і нават затрыманні бізнесоўцаў.  Тыя можа і радыя былі бы выканаць загад, але не разумеюць як, таму многія вырашылі прыпыніць працу – на краіне пракацілася хваля стыхійных страйкаў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Прадстаўнікі ўлады запэўніваюць, што сітуацыя пад кантролем, і новыя правілы не прывядуць да знікнення тавараў з паліц крамаў, але спажыўцы кажуць, што гэта не так і скардзяцца на дэфіцыт.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

На адыходзячым тыдні скандал разгарэўся ў шэрагах апанентаў улады – не прабыўшы і двух месяцаў на сваёй пасадзе аб сыходзе з Аб’яднанага пераходнага кабінету заявіла прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Таццяна Зарэцкая. Свой учынак яна патлумачыла ціскам на яе, на родных, на партнёраў па бізнесе. Не паспелі былыя калегі і па кабінету і сама Зарэцкая даць тлумачэнні, як з’явілася інфармацыя, што на самай справе Таццяна Зарэцкая сышла, бо  баялася выкрыццяў. Цяпер адныя заступаюцца за былую міністарку, іншыя працягваюць вінаваціць. Высокая верагоднасць, што гісторыя будзе мець працяг на наступным тыдні.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

На мінулым тыдні споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. «Белсат» згадваў цікавыя факты з яго жыцця , а ў Стоўбцах у гэты дзень адкрылі памятнік песняру.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў