Дэмакратычная Беларусь сабралася ў Раду Еўропы


Дэмакратычныя сілы пачалі працу па ўступе Беларусі ў Раду Еўропы, паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Першы крок будзе зроблены ў панядзелак. Краіну будуць рэпрэзентаваць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць Беларусі.

Дэмакратычныя сілы пачалі працу па ўступе Беларусі ў Раду Еўропы. Як паведаміў у сваім Telegram-канале дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, першы крок па далучэнні да арганізацыі будзе зроблены ў панядзелак.

«Вялікая і важная падзея. Мы пачынаем афіцыйную супрацу з гэтай міжнароднай арганізацыяй. Лукашэнкаўскую дэлегацыю з Рады Еўропы выкінулі. Цяпер Беларусь будуць прадстаўляць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць Беларусі», – напісаў Вячорка.

Беларусь да нядаўняга часу была адзінай краінай на кантыненце, што не ўваходзіла ў Раду Еўропы. У сакавіку з арганізацыі выключылі Расею за ейнае ўварванне ва Украіну. А з Беларуссю спынілі ўсе стасункі праз суўдзел у агрэсіі.

Рада Еўропы створаная ў 1949 годзе, гэта найстарэйшая на кантыненце міжнародная арганізацыя. Менавіта яна стварыла і ўхваліла Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў асобы і асноўных свабодаў. Сябры Рады Еўропы мусяць адмовіцца ад смяротнага пакарання. Грамадзяне краінаў-удзельніц арганізацыі маюць права звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах асобы ў Страсбургу.

Hавiны
У Радзе Еўропы заклікалі не ствараць візавых абмежаванняў актывістам з Беларусі і Расеі
2022.08.31 15:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў