Рэжым будзе размаўляць пра будучыню Беларусі ў Аўстрыі?


Рэжым Лукашэнкі не збіраецца весці перамоваў пра палітычную будучыню Беларусі, хоць яго актыўна запрашаюць да гэтага працэсу. 22 лістапада Вена прыме міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню наконт Беларусі, куды запрошаныя прадстаўнікі кіраўніцтва як краінаў Захаду, гэтак і Расеі, а таксама рэжыму Лукашэнкі і дэмакратычных сілаў Беларусі. Ці магчыма пасадзіць за адным сталом усе гэтыя бакі і як кожны з іх бачыць перамоўны працэс?

Аўстрыя – ініцыятар ды арганізатар канферэнцыі, дзе могуць упершыню афіцыйна сустрэцца прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі і дэмакратычных сілаў Беларусі. Маючы бізнес-інтарэсы ў цяперашняй Беларусі ды імідж паспяховай перамоўнай пляцоўкі, Вена цалкам лагічна стала месцам правядзення падобнай падзеі.

Каментуе Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай:

«Самае важнае, што галоўныя міжнародныя акторы збяруцца ў адным месцы, каб разглядзець крызіс у Беларусі. Да гэтага такой размовы яшчэ не было, і вельмі важна, што ўрэшце падобная падзея адбудзецца. Важна і асвяціць сітуацыю, нагадаць усім, што гэты крызіс не скончаны, але і падштурхнуць заходнія краіны ды міжнародныя арганізацыі да большай адказнасці за развязанне крызісу ў Беларусі. Таму прадстаўніцтва Беларусі – дэкаратыўнае ці не дэкаратыўнае – у гэтым сэнсе будзе другаснае».

Пакуль высокапастаўленыя лукашэнкаўцы ніяк не рэагавалі на магчымасць удзелу ў канферэнцыі. Да таго ж, ад паездкі на гэтае мерапрыемства публічна адхрысціўся і прыдворны «эксперт» Лукашэнкі Яўген Прэйгерман, якога звычайна рэжым выкарыстоўвае для продажу заходнім палітыкам і дыпламатам у якасці незалежнага палітолага. Маўляў, рэжым будзе весці перамовы выключна наўпростава з кіраўніцтвам Захаду і толькі на сваіх умовах.

«Улады Беларусі спрабуюць праз шантаж мігрантамі навязаць Захаду свой парадак дня перамоваў. То бок абмяркоўваем пытанне спынення міграцыйнага крызісу ў абмен на адмову ад эканамічных санкцыяў. А пытанне правоў чалавека, палітычных свабодаў, рэпрэсіяў выносіцца за дужкі і не абмяркоўваецца», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Размова
Крэмль хоча кантраляваць перамовы адносна Беларусі
2021.11.02 13:56

Адпаведна, канферэнцыя ў Вене можа стаць чарговым сведчаннем нежадання Лукашэнкі ісці на перамовы з Захадам і народам Беларусі з мэтаю выхаду з палітычнага крызісу. Хоць спробы ўсталяваць дыялог са шклоўскім дыктатарам рабіліся неаднаразова. Але ў адказ – толькі эскалацыя канфлікту і шантаж.

«Кантакты паміж рознымі ведамствамі і службамі ідуць. Нагадаю, што міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку сустракаўся з міністрамі замежных справаў Вугоршчыны і Фінляндыі. То бок у прынцыпе кантакты ёсць. І гатовыя гэтыя кантакты працягваць і заходнія краіны. Проста пакуль няма агульнага парадку дня», – кажа Валер Карбалевіч.

Гэтая сітуацыя выдатна дэманструецца рыторыкаю беларускага дыктатара, які падкідае дровы ў вогнішча міграцыйнага крызісу на мяжы з Еўразвязам.

Аляксандр Лукашэнка пагражае:

«З нелегальнаю міграцыяй палякі на мяжы з Беларуссю будуць змагацца з дапамогаю танкаў «Леапард». Напэўна, вы здзівіцеся такому, але як танкамі змагацца супраць мірных жыхароў, я не ведаю. Проста шукаюць любую нагоду, каб прасунуць свае войскі бліжэй да нашых межаў – чытай, межаў Саюзнай дзяржавы. Мы гэта ўсё бачым і, натуральна, будзем вельмі жорстка на гэта рэагаваць».

І мала такой рыторыкі, дык Лукашэнка перайшоў да адкрытага правакавання польскіх памежнікаў: мігранты кідаюць у іх камяні і палкі ды групамі штурмуюць межы. А 2 лістапада прадстаўнікі сілавых структураў Лукашэнкі нелегальна перайшлі мяжу і зайшлі ўглыб Польшчы на 200 метраў, дзе, пабачыўшы польскіх памежнікаў, дэманстратыўна перазарадзілі аўтаматы і павярнулі назад.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай:

«Беларусь у асобе Лукашэнкі ўжо перайшла пэўную рысу, калі яна захапіла грамадзянскі самалёт, калі Лукашэнка зарганізаваў крызіс на мяжы. Гэта ўсё пагражае рэгіянальнай бяспецы. І Расея зацікаўленая ў тым, каб гэтая рэгіянальная бяспека ды стабільнасць усё-такі захоўваліся. Таму ў інтарэсах Расеі было б удзельнічаць у гэтай размове, быць за адным сталом з асноўнымі міжнароднымі гульцамі, аднак у пэўным сэнсе яны таксама вымушаныя кіравацца логікаю рэжыму».

Але Расея намераў сваёй прысутнасці на канферэнцыі ў Вене таксама не пазначыла. Тут для Пуціна вымалёўваецца няпросты выбар з не найлепшых варыянтаў паводзінаў. Бо год таму Лукашэнка кляўся яму ў хуткім транзіце ўлады, але атрымаўшы якую-ніякую падтрымку ад Крамля, пакрысе акрыяў і начыста забыў свае абяцанні, як бывала ўжо не раз і не два. Таму, з аднаго боку, Пуціну трэба публічна падтрымліваць свайго фармальна стратэгічнага хаўрусніка, а з другога – не дазволіць стварыцца ўражанню, што Лукашэнка можа круціць ім, як захоча.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«У пытаннях, якія датычаць улады, Лукашэнка гатовы спрачацца і канфліктаваць нават з Расеяй. І, нарэшце, яшчэ адно пытанне: ці гатовы Пуцін абмяркоўваць гэтае пытанне з заходнімі палітыкамі? У мяне ёсць вялікія сумневы на гэты конт, таму што пазіцыя Расеі такая: Беларусь – гэта нашая дзялянка, сферы ўплыву, і таму не лезьце сюды, мы самі разбярэмся, што тут рабіць і як».

Аднак унутрыпалітычны крызіс у Беларусі ўжо стварыў выклікі для рэгіянальнай бяспекі, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння краінамі Захаду. І таму, калі Менск і Масква не жадаюць ісці на нармальны дыялог, уладам заходніх краінаў застаецца толькі далей ціснуць санкцыямі рэжым Лукашэнкі ды ўзмацняць свае пазіцыі, каб таксама захаваць твар на міжнароднай арэне і ва ўнутранай палітыцы.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж на прэв’ю з фота: STAFF / Reuters / Forum; Mikhail Metzel / TASS / Forum

Стужка навінаў