Падыходы Крамля перамагаюць. Што трэба ведаць пра падпісанне інтэграцыйных праграмаў


Пасля некалькіх гадоў перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін усё ж падпісалі саюзныя праграмы. Belsat.eu разбіраўся, што гэта значыць.

Канфлікт напярэдадні

Паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы адбылося ва ўмовах відавочнага пахаладання ў стасунках афіцыйнага Менску і Масквы. Напружанне паміж дзвюма краінамі, хутчэй за ўсё, было справакаванае атакаю рэжыму Лукашэнкі на газету «Комсомольская правда в Беларуси». Крэмль раскрытыкаваў паводзіны ўладаў Беларусі і выказаў пажаданне станоўча развязаць крызіс, але Лукашэнка на саступкі не пайшоў. У выніку «Комсомольская правда» была вымушаная закрыць менскую рэдакцыю. Бальшыня аналітыкаў і прадстаўнікоў медыяў успрынялі такую развязку крызісу як капітуляцыю Крамля перад Лукашэнкам.

Аналітыка
Ахвяруючы іміджам. Што азначае «справа Мажэйкі» і выгнанне «КП» для стасункаў Масквы і Менску
2021.10.11 11:30

На фоне скандалу вакол «КП» адмянілі візіт Пуціна ў Менск на саміт СНД, хаця раней улады Беларусі і Расеі анансавалі гэтую падзею. Для рэжыму Лукашэнкі сустрэча мела важнае іміджавае значэнне, бо гэта стаў бы наагул першы візіт замежнага кіраўніка дзяржавы ў Беларусь пасля выбараў 2020 года.

Услед за гэтым 14 кастрычніка з невядомай прычыны Лукашэнка не сустрэўся з міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым, калі той быў у Менску. Хаця звычайна ён не прапускае магчымасці асабіста пагутарыць з расейскімі чыноўнікамі такога рангу.

Увесь кастрычнік бакі абменьваліся рэпутацыйнымі ўколамі. Спачатку ў сеціва злілі вынікі закрытага даследавання Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), якое сведчыла, што рэйтынг Лукашэнкі істотна саступае рэйтынгу апазіцыйных палітыкаў. Потым у эфіры СТВ паводзіны Лукашэнкі падчас пандэміі супрацьпаставілі паводзінам тых палітыкаў, хто «схаваўся ў бункеры» ды «карыстаецца ботаксам» (гэта быў здзеклівы намёк на Пуціна). У сваю чаргу на расейскім дзяржаўным тэлебачанні ў шэрагу праграмаў прагучалі крытычныя выказванні на адрас рэжыму Лукашэнкі. 26 кастрычніка на радыёстанцыі «Эхо Москвы» (кантрольным пакетам якой валодае «Газпром-медиа») выйшла вялікае інтэрвʼю Святланы Ціханоўскай. А 30 кастрычніка на тэрыторыі Беларусі заблакавалі сайт пракрамлёўскага агенцтва «Регнум».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Некаторыя эксперты дапускалі, што ў такой сітуацыі падпісанне інтэграцыйных праграмаў будзе сарванае. Пагатоў паседжанне Дзяржаўнага савету пастанавілі правесці ў фармаце відэаканферэнцыі, да якой Пуцін далучыўся з Севастопалю. Хаця звычайна ўхваленне такіх важных дакументаў адбываецца падчас асабістай сустрэчы.

Адмову ад асабістай сустрэчы можна трактаваць як адназначны сігнал, што ў Крамлі не задаволеныя Лукашэнкам. Але да зрыву падпісання саюзных праграмаў гэта не прывяло.

Hавiны
Падпісалі. Што далей? Спыталі беларускага і расейскага палітолагаў, што плануюць Пуцін і Лукашэнка
2021.11.05 10:55

Што падпісалі Пуцін і Лукашэнка

Дакумент, які падпісалі Пуцін і Лукашэнкі, займае менш за паўтары старонкі. Гэты дэкрэт зацвярджае Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады і саюзныя праграмы. Таксама бакі ўхвалілі новую Вайсковую дактрыну дзвюх краінаў.

Поўны пералік саюзных праграмаў апублікавалі яшчэ ў верасні, адразу пасля перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве. У расейскім урадзе адзначалі, што канчатковым вынікам рэалізацыі 28 інтэграцыйных праграмаў стане прынцып «дзве краіны – адна эканоміка». Але сам па сабе апублікаваны дакумент не выглядаў як праграма эканамічнага аншлюсу. Пра стварэнне наднацыянальных органаў, адзіных рэгулятараў або дзяржаўных службаў там размовы не было. У праграмах гаворыцца толькі пра «гарманізацыю» ды «збліжэнне» ў сферы падатковага і мытнага заканадаўства, грашова-крэдытнай палітыкі, валютнага рэгулявання, плацежных сістэмаў і г.д. Таксама плануюць да канца 2023 года стварыць адзіны рынак электраэнергіі, нафты і газу. То бок дакументы (прынамсі ў сваім першапачатковым выглядзе) былі сфармуляваныя даволі асцярожна, што пакідае афіцыйнаму Менску пэўную прастору для манеўру.

Да таго ж досвед стасункаў Беларусі і Расеі паказвае, што нават падпісаныя дамовы вельмі часта не выконваюцца. Дастаткова нагадаць, што Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якую падпісалі 8 снежня 1999 года, прадугледжвала адзіную Канстытуцыю і адзіную валюту. Але гэтыя пункты дасюль не зрэалізаваныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

То бок само па сабе ўзгадненне праграмаў не азначае, што Лукашэнка не будзе супраціўляцца іх рэалізацыі. Але, выглядае, цяпер ягоныя магчымасці для супраціву вельмі абмежаваныя.

Што гэта азначае

Падыходы афіцыйнага Менску да інтэграцыі, мяркуючы па ўсім, зазнаюць крах. З самага пачатку перамоваў у 2019 годзе Лукашэнка ўвязваў далейшую інтэграцыю са сваймі патрабаваннямі наконт зніжкі на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці і кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне. Нічога з гэтага афіцыйны Менск не дамогся (хаця Крэмль і пакінуў вельмі камфортную для беларускага боку цану на газ).

Новы крэдыт ад Расеі Лукашэнка таксама яшчэ не атрымаў. Нагадаем, што 9 верасня ў Маскве Пуцін паабяцаў да канца года выдаць Лукашэнку $ 630–640 мільёнаў. Мінула амаль два месяцы, але пакуль пытанне застаецца неразвязаным. Прытым, што $ 630–640 мільёнаў – гэта, мяркуючы па ўсім, зусім не тое, на што разлічваў Лукашэнка. Напярэдадні вераснёўскіх перамоваў у Маскве медыі паведамлялі, што ўлады Беларусі хочуць атрымаць ад Расеі праз Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця $ 3 мільярды, то бок суму амаль у пяць разоў большую за абяцаную.

Відавочна, цяпер перамагаюць падыходы Масквы, якая хацела спачатку развязаць пытанні саюзнага будаўніцтва, а потым разглядаць усе іншыя праблемы.

Крымскі падарунак Пуціну

Больш за тое, выглядае, Пуцін лічыць, што і проста падпісанне інтэграцыйных папераў – гэта недастатковая цана за развязанне фінансава-эканамічных пытанняў, якія хвалююць Лукашэнку.

Менавіта таму афіцыйны Менск быў вымушаны істотна змяніць сваю рыторыку наконт крымскага пытання. Лукашэнка падчас перамоваў паскардзіўся на тое, што Пуцін не запрасіў яго ў анексаваны Крым, і заявіў, што хоча наведаць Севастопаль. Адначасова старшыня Пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных у эфіры «Соловьев Live» падкрэсліў, што заяву Лукашэнкі варта лічыць прызнаннем Крыму тэрыторыяй Расеі. Савіных дадаў, што Беларусь даўно прызнала Крым расейскім «і дэ-факта, і дэ-юрэ», проста гэта не было «фармалізавана для расейскай медыйнай прасторы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міхаіл Метцэль / TASS / Forum

Сутнасна заявы Лукашэнкі і Савіных нічога не змяняюць. Беларусь заўсёды падтрымлівала Расею ў крымскім пытанні на ўзроўні ААН. Лукашэнка публічна апраўдваў дзеянні пуцінскага рэжыму ў Крыму, прызнаваў паўвыспу дэ-факта расейскай і ўскладаў адказнасць за анексію на ўкраінцаў. Але пры гэтым пакідаў сабе пэўную прастору для манеўру: адкрыта не вітаў анексію Крыму, не дапускаў візітаў туды на найвышэйшым узроўні і наагул стараўся хаваць сваю пазіцыю за двухсэнсоўнымі фармулёўкамі. Усё гэта дазваляла афіцыйнаму Менску ствараць сабе імідж міратворца на міжнароднай арэне, які нібыта захоўвае роўнааддалены нейтралітэт у расейска-ўкраінскім канфлікце. Цяпер ад гэтага іміджу пастаноўлена канчаткова адмовіцца і адкрыта сінхранізаваць сваё стаўленне да крымскага пытання з Масквою.

Заявы Лукашэнкі і Савіных – гэта важны сімвалічны крок, які можна лічыць асабістым падарункам Пуціну і спробай яго задобрыць. Пакуль складана сказаць, наколькі высока ацэняць гэты падарунак у Крамлі. Але толькі факт таго, што Лукашэнка праз 7 гадоў пасля анексіі пайшоў на гэта, даказвае, што Пуцін цалкам перахапіў ініцыятыву ў двухбаковых стасунках і не збіраецца выконваць просьбаў Лукашэнкі без выразных крокаў насустрач Расеі.

Імаверна, гэта разумеюць і ў Менску. Характэрна, што падчас паседжання Дзяржаўнага савету Лукашэнка перасцярог урады «ад паглыблення ў тэорыю»: «Практычную аддачу ад прыманых рашэнняў мы павінны ўбачыць, што называецца, ужо заўтра». Выглядае, сказана гэта было зусім не ўрадам, а персанальна Пуціну, які, імаверна, не давярае беларускаму боку ды апасаецца, што Лукашэнка пачне сабатаваць рэалізацыю гэтых дамоўленасцяў.

Hавiны
Падпісалі. Што далей? Спыталі беларускага і расейскага палітолагаў, што плануюць Пуцін і Лукашэнка
2021.11.05 10:55

РР belsat.eu

Стужка навінаў