Лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву патрэбная тэрміновая аперацыя


Кастусёву прынамсі пачалі даваць лекі, але сітуацыя з анкалагічнаю хваробаю пагаршаецца.

Рыгор Кастусёў. Крыніца: Партыя БНФ / Facebook

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў з 12 красавіка застаецца ў СІЗА як фігурант крымінальнай справы за «змову з мэтаю захапіць уладу». За кратамі ў яго выявілі анкалагічную хваробу. Яго пераводзілі ў турэмны шпіталь яшчэ ў пачатку ліпеня, але дазволілі прайсці абследаванне толькі праз месяц. Меру стрымання тройчы адмаўляліся змяніць.

У лісце да магілёўскага абласнога каардынатара руху «За свабоду» Пятра Мігурскага Кастусёў паведаміў, што з 14 кастрычніка яму пачалі даваць хоць нейкае лекаванне: па два ўколы на дзень і кучу таблетак. Пра ліст напісалі Naviny.by.

14 кастрычніка Кастусёву зрабілі паўторнае ультрагукавое даследаванне, якое паказала пагаршэнне сітуацыі.

«Кажуць, што сітуацыю можа паправіць толькі аперацыя. Прытым тэрміновая», – піша Кастусёў.

У расследаванні крымінальнай справы зменаў няма, збольшага следчыя дзеянні спыніліся ўжо тры месяцы таму, расказвае ў лісце вязень.

27 кастрычніка на маёмасць Кастусёва – кватэру ў Шклове, гараж і дом у вёсцы – наклалі арышт. Будуць арыштоўваць таксама аўтамабіль.

Лісты даходзяць не заўсёды

«Кастусёў – вельмі мужны чалавек, які не будзе выстаўляць на паказ балячак, – кажа «Белсату» Мігурскі. – Ён мужны, але ясна, што з ягонымі хваробамі, калі не займацца здароўем, сітуацыя будзе пагаршацца. Вядома, ёсць праблемы са здароўем. Вядома, перажывае. Часам, прарывае ў яго: тое баліць, тое…

У яго адсутнасць інфармацыі пра знешні свет, таму вельмі важна, каб мы яму гэтую інфармацыю давалі. Не ўсе нашыя лісты даходзяць, гэта яго нервуе».

Мігурскі расказвае, што з ягоных 9 лістоў Кастусёву дайшлі 8, яму ад Кастусёва – 10. А ёсць чалавек, які напісаў Кастусёву 12 лістоў, а той атрымаў толькі 5.

«Ён не плача на жыццё, ён змагаецца за жыццё, за сваю свабоду, – дадае Мігурскі. – Мне хочацца, каб ён хутка выйшаў на волю. Але нашых сілаў для гэтага, напэўна, мала. Трэба, каб сусветная супольнасць ставіла рубам пытанне пра ягонае вызваленні».

Паспрабаваць напісаць Кастусёву можна на адрас: Галоўпаштамт, а/с 8, Менск, 220050, Рыгору Кастусёву.

Hавiны
Што за Венскі механізм ужылі да Беларусі і чым гэта пагражае Лукашэнку
2021.11.05 11:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў