Чаму ў Еўропе зноў бяда з каронавірусам? WHO чакае паўмільёна смерцяў бліжэйшымі месяцамі


Здавалася б, у Еўропе добрыя тэмпы вакцынацыі і шматлікія абмежаванні ў сувязі з пандэміяй. Але Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) б’е трывогу: Еўропа разам з Цэнтральнай Азіяй зноў у цэнтры пандэміі.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Барысаў, Беларусь. 9 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Цяперашнія тэмпы перадачы віруса SARS-CoV-2 у 53 краінах рэгіёну выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць і набліжаюцца да рэкордных, заявіў 4 лістапада рэгіянальны дырэктар WHO Ганс Клюге.

Наколькі ўсё кепска

Дамінаваць працягвае штам дэльта. На мінулым тыдні ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі афіцыйна зафіксавалі 1,8 млн новых выпадкаў COVID-19 і 24 тысячы смерцяў, што адпаведна на 6 % і 12 % больш за мінулы тыдзень, і гэта палова ад усіх зафіксаваных выпадкаў ды смерцяў у свеце. Шпіталізацыі за тыдзень сталі часцейшыя больш як удвая. А за месяц новых выпадкаў стала больш на 55 %.

Рост колькасці захворванняў бачаць ува ўсіх узроставых групах, але найбольш непакоіць рост сярод людзей старэйшага ўзросту (цяпер 75 % смерцяў прыпадае на людзей, старэйшых за 65 гадоў).

Да пачатку лютага 2022 года WHO прагназуе паўмільёна смерцяў ад COVID-19 у рэгіёне, прытым 43 краіны рэгіёну сутыкнуцца з экстрэмальнаю нагрузкаю на шпіталі.

Hавiны
Працаўнік рытуальнай агенцыі: За апошні месяц колькасць памерлых вырасла ў тры разы
2021.11.04 18:16

Чаму так

WHO бачыць дзве прычыны і не вінаваціць у бядзе менавіта штам дэльта.

1. Недастаткова вакцынаваных. У сярэднім у рэгіёне цалкам вакцынаваныя 47 % людзей, але ўзровень вакцынацыі вельмі няроўны па краінах: у 8 краінах ахоп перавысіў 70 %, а ў дзвюх не дасягнуў і 10 % (у Беларусі цалкам вакцынаваныя 24 %).

Дзе мала вакцынаваных, там шмат шпіталізацыяў, а большасць шпіталізаваных і памерлых невакцынаваныя або вакцынаваныя адною дозаю.

WHO заклікае да глабальнай салідарнасці і перадачы вакцынаў краінам у бядзе. Да таго ж, WHO заклікае рабіць дадатковую дозу вакцыны людзям з групаў рызыкі, у тым ліку старэйшым за 60 гадоў.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

2. Антывірусныя захады паслабляюцца. За апошнія два тыдні 23 краіны ўзмацнілі сацыяльныя захады супраць віруса, але 7 краінаў паслабілі. Прафілактычныя захады, адзначае WHO, не «пазбаўляюць свабоды», а забяспечваюць яе і набліжаюць перамогу над вірусам, калі ўжываюцца правільна і паслядоўна.

Калі б 95 % людзей насілі маскі, можна было б уратаваць ад 188 тысячаў да паўмільёна жыццяў да таго самага лютага-2022.

У антывірусны «арсенал» акрамя вакцынаў і масак уваходзяць таксама тэставанне, адсочванне кантактаў, вентыляцыя памяшканняў і фізічнае дыстанцыяванне. Прытым прафілактычныя захады будуць эфектыўнымі і супраць грыпу, сезон якога якраз пачынаецца.

Hавiны
Беларусы стварылі петыцыю супраць выдалення інфармацыі аб масачным рэжыме
2021.10.26 13:27

«Еўропа зноў апынулася ў эпіцэнтры пандэміі, дзе мы былі год таму, – кажа Ганс Клюге. – Розніца сёння ў тым, што мы ведаем больш і можам зрабіць больш. У нас больш інструментаў і сродкаў для змякчэння ды памяншэння шкоды нашым супольнасцям і грамадству.

Цяперашняя сітуацыя і трывожныя кароткатэрміновыя прагнозы павінны прымусіць нас дзеяць. Урэшце, мы выйдзем з гэтай пандэміі, толькі калі палітыкі, навукоўцы і грамадскасць будуць працаваць разам».

АА belsat.eu

Стужка навінаў