Міністэрства абароны Польшчы: Беларускі вайсковец спрабаваў страляць у польскіх памежнікаў

Міністэрства абароны Польшчы паведаміла пра новую правакацыю на мяжы з Беларуссю. У бок польскіх памежнікаў з Беларусі стралялі не аднойчы, ды цяпер здарыўся цікавы правал.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуску Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года. Фота: ІА / Белсат

Паводле Міністэрства абароны Польшчы, 4 лістапада беларускі вайсковец спрабаваў стрэліць з сігнальнага пісталета ў бок польскіх памежнікаў. Ды зброя не стрэліла.

За 100 метраў ад таго вайскоўца іншыя пяць узброеных беларусаў спрабавалі знішчыць плот і пры гэтым пагражалі, што застрэляць палякаў. Калі ж на месца прыехала падмацаванне з польскіх вайскоўцаў і памежнікаў, беларусы адступілі.

МЗС Беларусі: Гэта хлусня, Варшава беспадстаўна павышае градус напружанасці

Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы напружаная ўжо працяглы час. Здараецца не толькі страляніна: два дні таму ў Польшчу з Беларусі ўварваліся тры ўзброеныя асобы ва ўніформе (Беларусь адказала на гэта, што палякі «нагнятаюць», а беларусы ніколі не правакуюць). У пачатку мінулага тыдня падчас сілавога штурму мяжы мігрантамі раненні атрымалі два польскія памежнікі.

Штодзень палякі фіксуюць і перадухіляюць сотні спробаў незаконна перайсці мяжу з беларускага боку, а беларускія сілавікі прызнаюць, што мігрантаў бачаць, але ім не замінаюць.

Мігранты на польскай мяжы распавялі, як іх абакралі беларускія сілавікі

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны