«Амаль месяц ад брата няма звестак, невядома, дзе ён». Размова з сястрою затрыманага ў «справе Зельцара»


Работніка МНС у Горадні, 37-гадовага Аляксандра Курганскага, затрымалі 30 верасня. Мужчына быў удома, з жонкаю. Каля 12:00 яму патэлефанавалі з незнаёмага нумара і запыталі, ці ён удома. Праз хвіліну ў кватэру ўварваліся людзі ў касках, браняваных камізэльках, са зброяй. Аляксандра паклалі тварам на падлогу, надзелі кайданкі, не дазволілі нават самому абуцца – сказалі жонцы абуць, інакш павязуць босым. Пра затрыманне і далейшы лёс сям’і «Белсату» распавяла Надзея, сястра Аляксандра.

Аляксандр Курганскі з сям’ёй.
Фота: асабісты сямейны архіў Курганскіх

За што забралі, не сказалі, у ІЧУ хлусілі, што затрыманага ў іх няма

Пасля арышту ва ўласным доме Аляксандра Курганскага звезлі ў невядомым кірунку. З рэчаў забралі толькі тэлефон. Ні яму, ні жонцы не патлумачылі, што адбываецца, за што забіраюць, кажа Надзея, сястра затрыманага.

Прыкладна праз гадзіну пасля арышту ў кватэру Курганскіх зноў прыйшлі – гэтым разам супрацоўнікі ў цывільным, прывезлі з сабою Аляксандра. Учынілі ператрус. Нічога не знайшлі. Зноў не адказалі на пытанні аб прычынах сваіх дзеянняў.

«Жонцы толькі прыгразілі, што калі яна будзе нешта пісаць, лайкаць, каментаваць, то прыйдуць і па яе, – распавядае Надзея. – Яна ўвесь дзень потым шукала Сашу, тэлефанавала паўсюль, ёй адказвалі, што такога чалавека ў іх няма і яны не ведаюць, хто гэта такі. Толькі позна ўвечары нарэшце ў ІЧУ на Гая сказалі, што Саша ў іх і будзе там, хутчэй за ўсё, да панядзелка».

Аналітыка
«Справа Зельцара»: дзве смерці, катаванні і заклік да тэрору. Што стала вядома за месяц
2021.10.28 16:00

Аднак на наступны дзень, 1 кастрычніка, у пятніцу, калі жонка Курганскага прыехала ў ізалятар з перадачай, ёй сказалі, што Аляксандра там няма. Тады сям’я стала шукаць адваката. Знайсці абаронцу, які б узяў гэтую справу, аказалася не вельмі простаю задачаю, зазначае сястра затрыманага. Калі нарэшце заключылі дамову, адвакатка высветліла, што Аляксандр усё ж такі ў ізалятары на Гая, і дамаглася, каб для яго ўзялі перадачу.

«Рэчы ўзялі, а ежу – не, маўляў, палітычным нельга», – зазначае Надзея.

Да 12 гадоў турмы за лайк

Аляксандр Курганскі з сынам.
Фота: асабісты сямейны архіў Курганскіх

У панядзелак 4 кастрычніка Аляксандра перавялі ў турму на Кірава. У пятніцу 8 кастрычніка да яго хадзіла адвакатка. Тады ж гарадзенцу афіцыйна выставілі абвінавачанне паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»).

«Мы даведаліся, за што затрымалі брата, калі нашыя знаёмыя пераслалі нам відэа з аднаго з праўладных тэлеграм-каналаў, – распавядае Надзея. – Пры затрыманні тады нават жонцы не паведамілі, за што, а відэа проста выкідваюць у інтэрнэт, і кожны чалавек можа гэта паглядзець, а сям’я не мае права адразу даведацца. А дзе абарона правоў чалавека, асабістай інфармацыі? Для мяне гэтая сітуацыя абсурдная да немагчымасці».

На ўжо традыцыйным для беларускіх сілавікоў «пакаянным» відэа Аляксандр распавядае, што яго затрымалі за лайк пад каментаром пра смерць супрацоўніка КДБ падчас страляніны на Якубоўскага, калі загінуў таксама Андрэй Зельцар. Мужчынскі голас у кадры прымушае Аляксандра зачытаць каментар, які затрыманы нібыта ўпадабаў, потым Курганскі просіць прабачэння на камеру за свой лайк.

Паводле Надзеі, брат быў у шоку, калі даведаўся аб прычыне затрымання і артыкулах, якія яму закідаюць.

«Хоць ён моцны чалавек, але адвакатка распавядала пасля сустрэчы, што ён быў у раздраі, – кажа жанчына. – І я разумею такі стан. Як можна рэагаваць, калі цябе затрымліваюць як тэрарыста, забойцу і пагражаюць пасадзіць у турму на 12 гадоў за лайк? Як увогуле за гэта можна судзіць? Лайк жа можна абсалютна выпадкова паставіць. У мяне дачка, калі бярэ тэлефон, ставіць мне гэтыя лайкі паўсюль. Абсурдна і страшна».

«Мо іх там збіваюць, і не хочуць, каб нехта ўбачыў, што яны збітыя»

Аляксандр Курганскі.
Фота: асабісты сямейны архіў Курганскіх

Аляксандр праз адваката папрасіў жонку перадаць яму ў турму патрэбныя рэчы. Жонка ўсё набыла і ў аўторак 12 кастрычніка павезла перадачу, але ёй зноў сказалі, як і раней у ІЧУ, што яго там няма, і супрацоўнікі не ведаюць, куды яго звезлі.

«Увечары адвакатка даведалася, што Саша цяпер у Жодзіне, – распавядае Надзея. – Яна двойчы ездзіла ў Жодзіна, спрабавала пабачыцца з ім, аднак штораз атрымлівала адзін адказ: маўляў, ён на каранціне. Я падтрымліваю сувязь з іншымі людзьмі, чые родныя таксама былі затрыманыя за каментары і лайкі ў гэтай справе, і ведаю, што нікому з іх не ўдалося пабачыць сваіх блізкіх, ніводзін з адвакатаў да іх дасюль не трапіў. Некаторых, каго затрымалі 29–30 верасня, адразу адвезлі ў Жодзіна, і з таго часу ніякіх рэчаў людзям не перадаюць. Іх як забралі, так яны ў тым самым адзенні і застаюцца».

Hавiны
«Блізкім не даюць перадаць нават гігіенічных сродкаў». Сваячка затрыманага ў «справе Зельцара»
2021.10.24 12:30

Сям’я дасюль не атрымала ад Аляксандра ніводнага ліста. Невядомасць і адсутнасць інфармацыі найбольш пужае, кажа Надзея:

«У сітуацыі, калі мы не маем ніякай сувязі, прыходзяць розныя думкі: мо іх там збіваюць, і таму не хочуць, каб нехта іх бачыў, бо яны збітыя. Для мяне гэта ўвогуле парушэнне ўсіх правоў. Чалавека затрымалі, аднак ён мае права на абарону, бачыцца з адвакатам, звязвацца з блізкімі, хаця б праз лісты, мець рэчы, каб пераапрануцца. А тут людзі месяц ізаляваныя ад усяго свету, і ўвогуле невядома, што з імі там адбываецца. Мы нават не можам быць упэўненымі, што брат насамрэч у турме ў Жодзіне. Ні яго, ні ўсіх астатніх, затрыманых у гэтай справе, у Жодзіне ніхто не бачыў».

«Калі брат быў у ІЧУ, яму прынеслі туды падпісаць заяву на звальненне прамінулым днём»

Адразу пасля арышту Аляксандр застаўся без працы, распавядае Надзея:

«Калі брата затрымалі, ён быў у адпачынку. Але яшчэ ў ІЧУ яму перадалі паперы з працы, каб ён падпісаў заяву на звальненне. Яго звольнілі за дзень да затрымання».

Аляксандр Курганскі больш за 15 гадоў прапрацаваў у МНС. Перад затрыманнем быў камандзірам аддзялення ў частцы № 7 у Горадні.

«Тры курсы адвучыўся ў Менскім камандна-інжынерным інстытуце МНС, кінуў вучобу, аднак пайшоў працаваць у МНС, – распавядае Надзея. – Ён вельмі любіў сваю працу. Не пагаджаўся змяніць месца жыхарства, пераехаць у іншую краіну. Заўсёды казаў, што любіць сваю працу. Ён увогуле вельмі працавіты, імкнуўся забяспечыць сваёй сям’і годны ўзровень жыцця. У выходныя і начамі падпрацоўваў у таксі, не цураўся іншых падпрацовак. Ён вельмі добры чалавек, сапраўдны сябар, добры сын, найлепшы брат, муж і бацька. І сапраўдны беларус».

Аляксандр з Надзеяй нарадзіліся і выраслі ў вёсцы Малая Бераставіца ў Гарадзенскай вобласці. Там жа Аляксандр ажаніўся, а пазней разам з жонкаю пераехаў у Горадню. У сям’і двое дзяцей: дзяўчынцы – 11 гадоў, сыну – 7.

«Цяпер жонка засталася адна дваімі дзецьмі. Ёй вельмі цяжка цяпер – і фінансава, і маральна», – кажа сястра затрыманага.

«Мэта ўладаў – застрашыць усіх да крайнасці»

Аляксандр Курганскі з сям’ёй.
Фота: асабісты сямейны архіў Курганскіх

У Аляксандра і Надзеі ў Малой Бераставіцы засталася маці.

«У мамы хворае сэрца, – зазначае нашая суразмоўца. – Для яе гэта вельмі цяжкая сітуацыя. Мы ўсё жыццё побач з ёй жылі. А тут і я выехала амаль год таму, а цяпер брат затрыманы, і я не магу вярнуцца ў Беларусь. Не ведаю, як мама вытрывае. Кожны раз, калі мы стэлефаноўваемся, яна пытаецца: за што? Яна не можа зразумець, як можна было затрымаць проста за лайк, ні за што».

Сама Надзея са студзеня гэтага года жыве ў Польшчы. Да пераезду працавала настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы ў школе ў роднай Малой Бераставіцы.

«Я ніколі не маўчала, актыўна выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю, адкрыта выступала супраць гвалту, – кажа жанчына. – Да мяне сталі прыязджаць чыноўнікі з раёну, тлумачыць мне, што я «дзяржаўны чалавек». Мне казалі: вы ж усё разумееце, а я адказвала – не, не разумею, для мяне Канстытуцыя – галоўны закон. Так мне стала ясна, што прыйшоў час збіраць рэчы, тым больш, што муж ужо тры гады працаваў у Польшчы».

Тое, што адбываецца ў Беларусі, і сітуацыя з братам пужае Надзею ды здзіўляе. Жанчына дасюль не можа ўсвядоміць, што ўсё гэта адбываецца ўсур’ёз у ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы:

«Затрыманні за каментары ды нават лайкі я ўвогуле ніяк не магу зразумець і растлумачыць. А тым больш такія сур’ёзныя абвінавачанні. Ну добра, 369-ы артыкул, магчыма, нейкія каментары і можна пад абразу падвесці. Але 130-ы, тым больш частка 3-я – распальванне варожасці ў складзе групы? Гэтыя людзі былі ў розных канцах Беларусі, не ведалі пра існаванне адно аднаго, і цяпер казаць, што яны дзеялі па змове? Гэта абсурд. Гэта ўсё хутка вяртае нас у 1937 год, мэта ўладаў – пасадзіць усіх, хто яшчэ хоць неяк выказвае сваю пазіцыю, застрашыць да крайнасці».

Аляксандра Курганскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычным вязнем.

Артыкулы
Да шасці гадоў турмы за каментар. Размова з жонкаю жыхара Наваградку, затрыманага за «спрыянне экстрэмізму»
2021.10.22 08:30

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў