Алесь Аляхновіч: Палітычны крызіс закранае не толькі эканоміку, немагчыма развіваць медыцыну, адукацыю і іншыя галіны


Існы крызіс у Беларусі закранае не толькі гаспадарку. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч і аналітык Сяргей Чалы, якія разважалі пра праблемы ў эканоміцы краіны ў стрыме.

Фота: Белсат

У Беларусі востры палітычны крызіс, і менавіта праз гэта эканоміка краіны нясе вялізныя страты. У людзей і бізнесу знікае давер да дзяржаўнага апарату, да судовай сістэмы, – кажа эканаміст, прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч. У выніку рэпрэсіяў бізнес баіцца інвеставаць, людзі не хочуць свае грошы выдаткоўваць на буйныя пакупкі, рознічны гандаль скарачаецца. Беларускую эканоміку пакуль трымае вонкавы попыт.

«Такі крызіс можа працягвацца даволі доўга, усё залежыць ад таго, як доўга кіраўніцтва краіны будзе працягваць рэпрэсіі. Раней, калі былі эканамічныя крызісы, напрыклад, у 2009 годзе, дастаткова было правесці дэвальвацыю рубля і шматлікія праблемы ў эканоміцы вырашаліся. Цяпер крызіс цягнецца другі год, а яго вынікі мы бачым», – кажа Алесь Аляхновіч.

Алесь Аляхновіч, дарадца Ціханоўскай у эканамічных пытаннях.
Фота: Белсат

Наступствы для насельніцтва ад існага крызісу будуць такія ж, як і падчас ранейшых крызісаў. Адзінае, што цяпер маскіруе сітуацыю ў эканоміцы краіны, кажа эканаміст Сяргей Чалы, – гэта спрыяльная вонкавая эканамічная кан’юктура. Але насамрэч, крызіс цяпер рукатворны. Гэта крызіс легітымнасці. У выніку якога мы маем спажывецкую рэцэсію. Крызіс вонкавай легітымнасці прывёў да таго, што для нас зачынілі рынкі капіталу, за выключэннем Расеі.

«Праблема з вонкавымі пазыкамі нікуды не падзелася. Каб іх абслугоўваць – трэба даставаць сродкі з эканомікі краіны, што яшчэ больш прыгнятае эканамічную актыўнасць. Гэта парадаксальны крызіс. Спрыяльныя лічбы вонкавага гандлю ідуць паралельна з ненармальнай сітуацыяй унутры краіны. І гэтую сітуацыю ўсвядомліваюць эканамічныя ўлады, яны нешта імкнуцца зрабіць, каб вырашыць крызіс, але сутнасць праблемы ў тым, што пакуль не з’явіцца давер інвестараў унутры і звонку краіны да палітыкі ўладаў, пакуль людзі не перастануць баяцца за свае прыбыткі, ён ніяк не вырашыцца. Іншых захадаў не існуе», – кажа Сяргей Чалы.

Галоўныя праблемы ў эканоміцы краіны яшчэ наперадзе

Улады абмяжоўваюць кошты, але гэта прыводзіць да дэфіцыту, з’яўляюцца іншыя тавары, якія нашмат даражэйшыя. З інфляцыяй змагацца даволі складана. Рэальная праблема ў тым, што прыбыткі людзей не растуць на працягу апошніх двух месяцаў, а наадварот, зніжаюцца. Пасля таго, як спрыяльная вонкавая сітуацыя будзе змяняцца, праблемы стануць яшчэ больш відавочныя ў краіне, лічыць Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы, эканаміст, аўтар праграмы «Эканоміка на пальцах».
Фота: Belsat.eu

Кошты, рэгуляваныя дзяржавай, растуць хутчэй, да гэтага дадаецца і скарачэнне заробкаў, пенсіяў. Беларусы забіраюць свае валютныя дэпазіты з банкаў. Адток склаў каля 30 %. Гэта ўсё даволі сур’ёзныя тэндэнцыі, кажа Алесь Аляхновіч. Улады пры гэтым не спяшаюцца вырашаць праблемы з заробкамі ў краіне. Усё больш складана выжываць пенсіянерам.

Пенсіі ў Беларусі і да крызісу былі даволі нізкія. Стандарт, што пенсія павінная быць да 40 % ад заробкаў, не выконваўся ніколі. Адзінае, на чым рабілі акцэнт улады – гэта тое, што яны выплачваюцца своечасова, – звяртае ўвагу Сяргей Чалы. Цяпер пенсіі скарачаюцца. Алесь Аляхновіч дадае, што цяпер памер пенсіяў у краіне дасягае 35 % ад сярэдняга заробку. Пры гэтым заробкі ў краіне растуць на працягу апошніх 10 гадоў вельмі павольна. Напрыклад, ва Украіне за апошнія сем гадоў заробкі выраслі ў 4 разы, а ў нас – на 40 %. І гэта дэманструе, што Украіна расце нашмат хутчэй. Цяпер ва Украіне афіцыйны заробак амаль такі ж, як у Беларусі.

Эканоміка з Чалым
Прычыны ўмацавання беларускага рубля трэба шукаць у экспарце?
2021.10.21 20:30

Праз палітычны крызіс у стагнацыі не толькі эканоміка

Увогуле палітычны крызіс закранае не толькі эканоміку. Немагчыма цяпер будаваць і развіваць медыцыну, адукацыю, – звяртае ўвагу Алесь Аляхновіч. Сяргей Чалы дадае, унутраных сродкаў для росту, без рэформаў, няма. Надзеі перачакаць крызіс, не прывядуць да станоўчага выніку. Улады імкнуцца забяспечыць хоць нейкі рост за кошт вонкавых пазыкаў. І цяпер узнікаюць складанасці з яго абслугоўваннем, што прызнаюць таксама і ўлады. Структурныя праблемы існуюць ужо даволі даўно. Дадаецца і дэмаграфічная праблема, скарачаецца колькасць насельніцтва і расце доля пенсіянераў.

«Праблемаў у нас даволі шмат і дзяржава не імкнецца іх вырашаць. 2020 год у нас пачаўся з таго, што ў Беларусь Расея перастала пастаўляць нафту. Потым распачалася пандэмія. Усё гэта было яшчэ да пратэстаў і выбараў. Трэцяя частка году – самыя выбары. Таму нават калі б не было палітычнага крызісу, улады з існай эканомікай не змаглі б выйсці з крызісу», – кажа Алесь Аляхновіч.

Аб’ектыў
Эканоміка-2022: заробкі ўпадуць да 30 %
2021.10.06 22:37

Замест рэформаў дзяржаве лезе ў кішэні беларусаў

Дзяржава пачынае павялічваць падаткі, імкнецца залезці ў кішэні да грамадзянаў краіны. Сяргей Чалы выказвае меркаванне, што такім чынам улады дэманструюць, што яны нібыта робяць максімальныя высілкі, каб выйсці з складанай сітуацыі.

«Чыноўнікі, якія разглядаюць мэтазгоднасць такой захады, як адмену ільгот на падатак на нерухомасць, прыйшлі да рашэння, што ўводзіць яго трэба з 2023 году. Сацыяльныя наступствы будуць вельмі кепскімі, а зборы складуць капейчыны. Насамрэч спосабаў адшукаць сродкі, якія б не пагоршылі сітуацыю, вельмі мала. Наступствы ад неабдуманых захадаў могуць быць даволі складанымі. Напрыклад, могуць замарозіць дэпазіты, перавесці валютныя зберажэнні грамадзянаў у рублёвыя з пералікам паводле курсу Нацбанку. Гэта пакуль не разглядаюць, але сітуацыю такія захады вельмі пагоршаць», – кажа Сяргей Чалы.

Аналітык дадае, што жаданні ва ўладаў такія ёсць, але пакуль размовы пра гэта ўсур’ёз не вядуцца. Гэта канфіскацыйныя захады, параразмеркавальныя. Гэта проста адкідвае нас у развіцці.

Аб’ектыў
Пенсіі і заробкі змяншаюцца, інфляцыя – расце
2021.08.27 00:19

Што рабіць беларусам падчас крызісу?

Сяргей Чалы кажа, што даволі даўно назірае за паводзінамі беларусаў падчас крызісаў і прыйшоў да высновы, што грамадзяне паступаюць у большасці правільна.

«Людзі могуць не разумець, што адбываецца з эканомікай, але як зберагчы свае сродкі, добра ведаюць. Паводзіны людзей падчас крызісаў сведчыць вельмі яскрава пра тое, што яны думаюць пра ўлады, чым нейкія сацыялагічныя апытанні. Грамадзяне цяпер задумваюцца ў першую чаргу не пра тое, як павялічыць свае зберажэнні, а пра тое, як іх захаваць. Эканамічныя паводзіны звязаныя са зняццем дэпазітаў – гэта перасцярога, іншыя набываюць нерухомасць. Людзі разумеюць, што далей будзе яшчэ горш. Цяпер не той час, каб набываць некаторыя рэчы. Людзі набываюць больш танныя прадукты. І людзі правільна паступаюць, падчас крызісу даверу. І гэта, акрамя іншага, падрывае рэжым, пагаршае рэцэсію», – кажа Сяргей Чалы.

Hавiны
Рэцэсія, адставанне ад суседзяў і збядненне: перспектывы Беларусі пры існай уладзе
2021.10.17 17:29

СК belsat.eu

Стужка навінаў