Справу журналіста Генадзя Мажэйкі перадалі ў суд


Справа журналіста «КП в Беларуси» Генадзя Мажэйкі паступіла ў Менскі гарадскі суд. Следчыя завяршылі папярэдняе расследаванне, якое доўжылася амаль год, паведамляе «Sputnik Беларусь».

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Генадзь Мажэйка ўжо больш за год застаецца ў СІЗА, яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце ў Маскве і вярнулі ў Беларусь. Журналіста абвінавачваюць у парушэнні адразу двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: аб «распальванні сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК РБ) і аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ).

Падставай для пераследу журналіста стаў артыкул, апублікаваны на афіцыйным сайце газеты неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. У матэрыяле, апублікаваным на сайце kp.by, аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага айцішніка.

Матэрыял выклікаў абурэнне ўладаў: «КП в Беларуси» абвінавацілі ў «абяленні тэрарыста» і «прапагандзе экстрэмізму». Раніцай 29 верасня сайт kp.by быў заблакаваны, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Амаль адразу пасля затрымання беларускія праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным вязнем.

Журналіст працаваў у «Комсомольской правде в Беларуси» больш за 10 гадоў, хоць паводле адукацыі ён не журналіст і скончыў БДУіР.

Гісторыі
Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?
2022.10.01 08:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў