Нобэлеўскую прэмію ў галіне хіміі далі за спрашчэнне складаных працэсаў


Нобэлеўскі камітэт у Стакгольме аб’явіў імёны лаўрэатаў прэміі па хіміі 2022 года. Гэта Кэралін Бэртозі, Мортэн Мэльдаль і Бэры Шарплес. Яны атрымалі прэмію за «распрацоўванне метадаў клік-хіміі і біяартаганальнай хіміі».

Лаўрэаты прэміі па хіміі 2022 года. Крыніца: nobelprize.org

Нобэлеўская прэмія ў галіне хіміі 2022 года прысвечаная спрашчэнню складаных працэсаў. Карл Бэры Шарплес (Karl Barry Sharpless, ЗША) і Мортэн Мэльдаль (Morten P. Meldal, Данія) заклалі аснову для функцыянальнай формы хіміі – клік-хіміі, у якой малекулярныя будаўнічыя блокі хутка і эфектыўна аб’ядноўваюцца. Кэралін Бэртозі (Carolyn R. Bertozzi, ЗША) вывела хімію клікаў на новае вымярэнне і пачала выкарыстоўваць яе ў жывых арганізмах.

Навукоўцы распрацавалі інавацыйныя метады арганічнага сінтэзу, якія значна спрашчаюць і робяць больш эфектыўным стварэнне новых злучэнняў. Таксама гэтыя дасягненні могуць выкарыстоўвацца для вырабу новых лекаў.

«Прэмія гэтага года па хіміі накіраваная на тое, каб не ўскладняць рэчы, а працаваць з тым, што лёгка і проста. Функцыянальныя малекулы можна пабудаваць нават прамым шляхам», – кажа Юган Оквіст (Johan Åkvist), старшыня Нобэлеўскага камітэту па хіміі.

Бэры Шарплес атрымаў ужо другую Нобэлеўскую прэмію па хіміі – у 2001 годзе ён стаў лаўрэатам за стэрэаселектыўныя рэакцыі акіслення, ён займаецца арганічнай хіміяй.

Hавiны
Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізікі далі за квантавыя даследаванні
2022.10.04 14:06

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў