«Нашае святкаванне перамогаў яшчэ наперадзе». Аліна Стэфановіч пра прэмію фонду Клуні «Вясне»


Праваабарончы цэнтр «Вясна» зрабіўся лаўрэатам прэміі «The Albie Awards 2022», якую заснаваў фонд сужэнцаў Джорджа і Амал Клуні «За справядлівасць». Цырымонія ўзнагароджання адбылася 30 верасня ў Нью-Ёрку. Атрымлівала прэмію жонка палітзняволенага «вясноўца» Валянціна Стэфановіча Аліна Стэфановіч. «Белсат» пагутарыў з Алінай пра тое, якія эмоцыі выклікала ўзнагарода, якое значэнне яна мае для «Вясны» і для ўсіх палітвязняў Беларусі, пра апошнія навіны ад Валянціна і што дапамагае трымацца далёка ад радзімы.

Цырымонія ўзнагароджання «The Albie Awards». Аліна Стэфановіч – у цэнтры.
Фота: accessonline.com

«Усё, што трымае Беларусь у павестцы дня, дапамагае палітвязням»

– Аліна, распавядзі, калі ласка, у чым значнасць прэміі «The Albie Awards» і чаму ёй вырашылі адзначыць «Вясну»?

– Прэмія была заснаваная фундацыяй сям’і актора Джорджа Клуні «За справядлівасць». Сама фундацыя працуе ўжо некалькі гадоў, а прэмія «The Albie Awards» уручалася ўпершыню. Яна названая імем суддзі Элбі Сакса, які працаваў у Паўднёвай Афрыцы і таксама фактычна ўсё сваё жыццё займаўся абаронай правоў чалавека. Яму гэтую прэмію таксама ўручылі за асабістыя дасягненні ў жыцці.

«Вясна» атрымала прэмію ў намінацыі «Абаронцам дэмакратыі». Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў публічнай бібліятэцы Нью-Ёрку. Усё было ў найлепшых галівудскіх традыцыях – з чырвонай дарожкай, пытаннямі ад прэсы. Называлі намінацыі і ўручалі прэмію знакамітыя асобы. Непасрэдна мне ўручаў актор Оскар Айзэк.

Вельмі прыемна было пачуць тое, што казалі як само спадарства Клуні, так і спадар Айзэк падчас уручэння. Вельмі важна, што пра Беларусь памятаюць і гавораць. Заснавальнікі прэміі сапраўды сачылі за тым, што адбываецца ў Беларусі, і адзначылі такім чынам усю 26-гадовую працу «Вясны» ў галіне абароны правоў чалавека.

– Пра што ў цябе пыталіся амерыканскія журналісты?

– Пытанні былі не столькі пра Беларусь, а больш агульныя – што для вас справядлівасць, правасуддзе, як вы лічыце, ці дапаможа такая адзнака тым людзям, якія цяпер у турмах, як лідарам «Вясны», так і іншым палітвязням у Беларусі?

– І што ты адказвала? Ці дапаможа?

– Я сапраўды лічу, што ўсё тое, што трымае Беларусь у павестцы, што не дае забыць яе, прыцягвае ўвагу, – важна, і гэта тое, што можа сапраўды дапамагчы вызваліць нашых палітвязняў. Таму я ўдзячная, што пра Беларусь гавораць на такім узроўні.

«Іншыя лаўрэаты маглі ў поўнай меры святкаваць атрыманне ўзнагароды як перамогу, а ў нас яшчэ ўсё наперадзе»

Аліна Стэфановіч на цырымоніі ўзнагароджання «The Albie Awards».
Фота: Clooney Foundation for Justice/Twitter

– Як ты сябе адчувала – апынуцца ў такім месцы, сярод такой колькасці зорак, атрымаць настолькі значную ўзнагароду?

– Адчуванні дваістыя. Так, і гэтае месца, і такая ўвага, знакамітасці, якія запытваюцца, распытваюць цябе пра Беларусь, – гэта прыемна. Прыемна, што іх гэта хвалюе, цікавіць. З іншага боку зразумела, што калі іншыя намінанты атрымлівалі ўзнагароды за дасягненні і маглі ў поўнай меры святкаваць гэтую падзею як сваю перамогу, то мы ўсё яшчэ ў працэсе. Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Леанід Судаленка і Марфа Рабкова дагэтуль за кратамі, і для нас усе перамогі яшчэ наперадзе. Але тое, што гэта адбываецца, сапраўды дае надзею, што гэтыя перамогі і іх сапраўднае святкаванне дакладна будуць.

– Аліна, якія апошнія навіны ад Валянціна?

– Як вядома, нядаўна яму, а таксама Алесю Бяляцкаму і Уладзю Лабковічу змянілі абвінавачванне на больш жорсткае. Цяпер ім пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі, што, канешне, мне асабіста не дадае радасці, мякка кажучы. Але я вельмі радая, што Валянцін настроены ўсё адно аптымістычна. Ён кажа, што гэта гонар для яго – займацца тым, чым ён займаўся, і сядзець за тое, што ён рабіў, за дапамогу людзям.

У апошнім лісце ён напісаў: «Можа, для ўладаў мы нейкія крымінальнікі і бандыты, а для людзей мы тыя, хто ім дапамагаў». Я думаю, што яго гэтая думка вельмі падтрымлівае. Ён напісаў, што іхны лёс не столькі залежыць ад пракурораў, суддзяў, тых лічбаў, якія назавуць на судзе, колькі ад змяненняў агульнай сітуацыі. Я таксама веру ў тое, што сапраўды гэта так, і што гэтыя лічбы – 3 ці 7, ці 12 гадоў – зараз не маюць ніякага значэння.

«Валянціну было важна звярнуцца да міжнароднай супольнасці, і ён гэта зрабіў»

– Як Валянцін успрыняў навіну пра прэмію?

– Ён перадаў з турмы ліст, бо я ўвесь час пыталася ў яго, што мне сказаць на цырымоніі. Гэты ліст я фактычна цалкам і зачытала з вялікай сцэны ў Нью-Ёрку. Пра рэакцыю Валянціна мне цяжка сказаць па лістах. Але я ўпэўненая, што яму прыемна, што працу «Вясны» цэняць не толькі нашыя беларусы, але і міжнародная супольнасць, і не толькі праваабарончая, а больш шырокая. Той факт, што ён рыхтаваў гэты ліст і здолеў яго перадаць, хоць гэта было няпроста, гаворыць пра тое, што яму было важна звярнуцца да міжнароднай супольнасці, і ён гэта зрабіў.

– Як ты цяпер пачуваешся ў Грузіі? Што дапамагае трымацца? Мо патрэбная нейкая дапамога?

– У Грузіі цяпер шмат беларусаў. Напэўна, не выпадае казаць, што мяне гэта радуе, бо прычына таго, што ў Грузіі шмат беларусаў, не вельмі радасная, але мяне вельмі падтрымлівае, што вакол знаёмыя, што заўсёды ёсць да каго звярнуцца па дапамогу, з кім пагаварыць, падзяліцца нейкімі сваімі думкамі, праблемамі, ідэямі. Гэта вельмі важна, і гэта дапамагае трымацца.

Клуні пра «вясноўцаў»: «Яны сапраўдныя героі»

Амал і Джордж Клуні на цырымоніі «The Albie Awards».
Фота: Dimitrios Kambouris/Getty Images

Фонд Клуні «За справядлівасць» заснаваў у 2016 годзе знакаміты амерыканскі актор Джордж Клуні разам з жонкай Амал Клуні. Пара ставіла на мэце пашырэнне правасуддзя ў судовых залах і ў розных супольнасцях па ўсім свеце.

Прэмія «The Albie Awards» названая імем суддзі з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Элбі Сакса. Яе ўручаюць людзям і арганізацыям за пэўныя дасягненні, але таксама каб прыцягнуць увагу да праблемаў, якія ўсё яшчэ не развязаныя.

Сёлета цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, на ёй прысутнічалі такія зоркі амерыканскага кінематографу і знакамітасці, як Мэрыл Стрып, Джулья Робэртс, Джон Олівэр, Дуа Ліпа, Джон Кразінскі, Сіндзі Крофард, а таксама жонка былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы Мішэл Абама. Яны прадстаўлялі намінантаў.

Узнагароду таксама атрымалі:

  • суддзя Элбі Сакс – за дасягненні ў галіне правасуддзя на працягу ўсяго жыцця;
  • Марыя Рэса – у намінацыі «Справядлівасць для журналістаў»;
  • няўрадавая арганізацыя «iAct» – у намінацыі «Справядлівасць для тых, хто выжыў»;
  • доктар Джоўзэфін Кулеа – у намінацыі «Справядлівасць для жанчын».

Джордж Клуні гэтак патлумачыў узнагароджанне «Вясны» ў эфіры тэлеканалу CBS:

«Гэтыя людзі з гатовасцю пайшлі ў турму, бо яны мелі настолькі цвёрдую веру, яны змагаліся за незалежнасць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі».

Шасцёра сябраў «Вясны» застаюцца за кратамі. Некаторых ужо асудзілі на вялізныя тэрміны зняволення. Марфу Рабкову на пачатку верасня 2022 года пакаралі 15 гадамі калоніі, Андрэй Чапюк атрымаў 6 гадоў узмоцненага рэжыму. Леанід Судаленка быў асуджаны летась у лістападзе на 3 гады і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 «Віцьба». Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч усё яшчэ ўтрымліваюцца ў СІЗА і чакаюць суда.

26 верасня 2022 года стала вядома, што крымінальная справа супраць іх паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (нясплата падаткаў) спыненая. Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты – ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэксу і ў фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 КК. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за нясплату падаткаў. Тром палітзняволеным «вясноўцам» цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Жонка Валянціна Стэфановіча Аліна ў 2021 годзе з’ехала з Беларусі ў Грузію, дзе дагэтуль жыве разам з трыма дзецьмі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў