Краіны-экспарцёры нафты пагадзіліся рэзка скараціць здабычу


Маніторынгавы камітэт АПЕК+ вырашыў скараціць здабычу нафты на 2 мільёна барэляў за содні, паведамляе «Reuters». Сыравіна пачала даражэць на біржы: за бочку маркі Brent даюць больш за 93 долара. Столькі нафта не каштавала з 21 верасня.

На сустрэчы ў Вене маніторынгавы камітэт АПЕК+ пагадзіўся на рэзкае скарачэнне здабычы нафты. Ужо з лістапада краіны-удзельніцы арганізацыі знізяць вытворчасць нафты на 2 мільёна барэляў за содні. Што праўда, гэта скарачэнне ад квот, а не ад рэальнай здабычы, удакладняецца ў прэс-рэлізе АПЕК+. Такім чынам, з улікам прапорцыі квот і іх выканання ў верасні, здабыча фактычна зменшыцца прыкладна на 880 тысяч барэляў за содні.

Чальцы арганізацыі дамагаюцца павышэння цэн на сыравіну – і на фоне паведамленняў з аўстрыйскай сталіцы кошты пачалі расці на біржах. Барэль маркі Brent падаражэў да 93,17 долара, сумесь WTI – да 87,74 долара.

Па інфармацыі тэлеканалу «CNN», Белы дом напярэдадні гэтага пасяджэння АПЕК+ намагаўся пераканаць саюзнікаў на Бліжнім Усходзе, у тым ліку Саудаўскую Аравію, Кувейт і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, галасаваць супраць скарачэння здабычы. Крыніцы тэлеканалу паведамлялі, што ў адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна перспектывы падаражэння нафты называюць «поўнай катастрофай» і «варожым актам».

Выданне «Financial Times» са спасылкай на аналітыкаў напісала, што ЗША, якія імкнуцца абмежаваць даходы Расеі ад продажу нафты падчас вайны, хутчэй за ўсё, прымуць нейкія захады ў адказ на рашэнне скараціць здабычу.

Hавiны
Міністры фінансаў G-7 дамовіліся абмежаваць цэны на расейскую нафту, у ЕЗ кажуць пра абмежаванне на газ
2022.09.02 18:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў