Амбасадар Расеі ў Беларусі распавёў, якім чынам Менск бярэ ўдзел у вайне супраць Украіны


Надзвычайны і паўнамоцны пасол РФ у Беларусі Барыс Грызлоў распавёў падрабязнасці ўдзелу нашай краіны ў так званай спецаперацыі Расеі супраць Украіны. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка афіцыйна заявіў, што ў вайне Расеі супраць Украіны Беларусь бярэ ўдзел на баку Крамля.

Барыс Грызлоў на лінейцы ў школе № 50 у Менску.
Фота: Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Беларусі

Падчас адкрыцця Форуму бяспекі ў Калінінградскай вобласці Расеі надзвычайны і паўнамоцны пасол РФ у Беларусі Барыс Грызлоў павітаў удзельнікаў і распавёў пра тое, якім чынам афіцыйны Менск бярэ ўдзел у вайне супраць Украіны.

«Мы цэнім тое падтрыманне, якое Рэспубліка Беларусь надае нашай краіне ў межах спецыяльнай ваеннай аперацыі, удзельнічаючы ў забеспячэнні працы адзінай сістэмы СПА і ажыццяўляючы патруляванне межаў Саюзнай дзяржавы, у тым ліку і яе заходняга перыметру. Дапамога, якую нашы краіны заўсёды гатовыя надаць адна адной, – гэта нават не проста падтрыманне, а непарушныя саюзніцкія абавязкі, якія, несумненна, будуць выкананыя», – заявіў расейскі дыпламат.

Таксама Барыс Грызлоў нагадаў, што на тэрыторыі Беларусі цяпер размяшчаецца расейская ракетная зброя, РФ таксама гарантуе нашай краіне «ядравы парасон».

Напярэдадні Лукашэнка афіцыйна прызнаў, што Беларусь прымае ўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

«Што датычыць нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі [Расеі. – Заўвага рэд. Belsat.eu] ва Украіне, мы бяром удзел там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не дасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем сваіх абавязкаў. Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюду гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццём спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у спіну расейцам страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка пацвердзіў свой удзел у вайне Расеі супраць Украіны
2022.10.04 14:54

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў