Навошта збіраць падатак на першую кватэру, калі шмат зарабіць не ўдасца?


Міністэрства фінансаў задумала ўнесці праўкі ў Падатковы кодэкс. У праекце – падатак на кватэру, нават калі яна ва ўладальніка адна. Кажуць, падатак складзе каля 50 рублёў на год для менчукоў, 25 рублёў – у рэгіёнах.

Ілюстрацыйная выява. Сталічная забудова на заходзе сонца.
Фота: «Белсат»

У праекце прапаноўваюць вызваляць ад падатку толькі людзей пенсійнага ўзросту, інвалідаў І і ІІ групаў, непаўналетніх дзяцей, вайскоўцаў тэрміновай службы і асобаў, якія маюць права на льготы адпаведна Закону аб ветэранах. Калі ў гэтых асобаў два і больш аб’екты для абкладання падаткам, вызваляць ад падатку збіраюцца самы дарагі аб’ект.

Калі законапраект прымуць сёлета, то ў гэтым годзе наўрад ці давядзецца плаціць: хоць падатак на нерухомасць трэба плаціць да 15 лістапада, спавяшчэнне на яго аплату мусілі выслаць не пазней за 1 жніўня.

Якія гэта сумы

Паводле першага намесніка міністра фінансаў Дзмітрыя Кійко, словы якога перадавала БелТА, для менчукоў памер падатку складзе каля 50 рублёў на год, для рэгіёнаў – каля 25 рублёў.

Лічыць будуць як 0,1 % ад разліковага кошту кватэры (за другую і наступныя – 0,2 %). Стаўкі для разліку ў наступным годзе вырастуць, але пакуль яны такія: для Менску – 496,82 рубля за 1 м², для абласных гарадоў і Менскага раёну – 371,93 рубля, для некаторых буйных гарадоў – 309,68 рубля, для астатніх – 223,2 рубля. Паводле Zerkalo.io, у наступным годзе мяркуюць падняць разліковы кошт для Менску з 496,82 рубля да 650 рублёў.

Мікрараён Лошыца-9. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Колькі дакладна дзяржава збярэ з такога падатку, цяжка разлічыць: колькасць кватэраў у краіне не публікуюць у адкрытых крыніцах. Ды прыблізны парадак сумы – дзясяткі мільёнаў рублёў, але наўрад ці сотні мільёнаў.

Грубы разлік такі. Паводле перапісу насельніцтва 2019 года ў Менску ёсць каля 932 934 хатніх гаспадарак (чалавека або групы людзей, якія разам жывуць у жылым памяшканні і разам робяць гаспадарку), па-за Менскам – 3 386 751 хатняя гаспадарка. Нават калі ўявіць, што ўсе яны жывуць у кватэрах, а не прыватных дамах (і не ў другой кватэры кагосьці з іншай гаспадаркі, а ў сваёй адзінай), то з іх таго падатку набяруць 131 000 000 рублёў за год (калі лічыць па 50 рублёў з Менску і 25 рублёў з астатняй краіны). А хутчэй за ўсё – значна меней, бо вялікая частка гаспадарак – гэта прыватныя дамы.

Калі сума невялікая, навошта збіраць?

Гарадскі актывіст Дзмітрый Кавалгін выказвае «Белсату» здагадку: хутчэй за ўсё, грошы па-ранейшаму скіруюць у мясцовыя бюджэты (цяпер падатак на нерухомасць ідзе ў іх), хоць і не зразумела, хто іх будзе размяркоўваць (мясцовыя адміністрацыі, саветы дэпутатаў ці нехта іншы).

«Гэта прыкмета жорсткага скарачэння бюджэтаў на ўтрыманне і падтрыманне гарадской інфраструктуры, – тлумачыць ён. – Фактычна, ужо ў гэтым годзе бюджэт гораду шмат разоў змяняўся ў бок скарачэння. Эканомілі на ўсім, пачынаючы ад капрамонтаў і да скасавання будаўніцтва запланаваных сацыяльных і спартовых аб’ектаў. Калі гэтыя грошы будуць заставацца ў раённых адміністрацыях, то гэта дазволіць аператыўна ў ручным рэжыме глушыць праблемы, якія ўзнікаюць, і агулам даць ім крыху больш свабоды. У прынцыпе, гэта нармальная захада, якая ўжываецца ва ўсёй Еўропе».

Ілюстрацыйнае фота. Работнікі камунальнай гаспадаркі падмятаюць смецце ў дзень рэспубліканскага суботніка ў горадзе Барысаў. 17 красавіка 2021 года. Барысаў, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

Але ці варта дзеля гэтага лішні раз раздражняць людзей яшчэ адным зборам? Ён закране ў тым ліку тых, каму раней не даводзілася асабіста мець справаў з падатковай.

Кавалгін лічыць: 50 рублёў на год – не такая вялікая сума, асабліва калі на яе адкладаць з 12 заробкаў. Наўрад ці такі крок выкліча абурэнне з улікам «татальнага ціску з усіх бакоў», але і прыхільнікаў не дадасць:

«Дзяржава ўжо не асабліва непакоіцца пра тое, што можа раззлаваць народ. Народ ужо і так злы. Мяркуючы па ўсім, прынятае рашэнне не зважаць на тое, што частка прыхільнікаў можа адвярнуцца», – дадае ён.

Магчыма, мяркуе актывіст, улады якраз спрабуюць пазбегчы або купіраваць у зародку непрадказальныя праблемы, якія могуць стаць трыгерам для хвалепадобнага распаўсюду пратэсту.

«Калі гэтыя грошы пойдуць у раённыя адміністрацыі, то гэта можа быць пэўнай падушкай бяспекі для вырашэння крытычных інфраструктурных праблемаў накшталт леташняй аварыі з вадой, – разважае Кавалгін. – На самай справе, адміністрацыі раёнаў нават для арганізоўвання пешаходнага пераходу не маюць уласных сродкаў і вымушаныя ісці на паклон вышэй. Таму для той жа знаёмай мне адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску 5 000 000 рублёў будуць зусім не лішнімі».

У яго застаецца два пытанні: ці не будуць гэтыя грошы марнавацца на «святы адзінства» і ці будуць у грамадзянаў механізмы кантролю за выдаткоўваннем гэтых сродкаў?

Як у суседзяў?

У цэнтры Гданьску, Польшча.
Фота: Белсат

Расея. Падатак на кватэру ці жылы дом вызначае кожны рэгіён або горад федэральнага значэння, але падатак не можа перавышаць 0,3 % разліковага кошту (стандартна – 0,1 %). Напрыклад, у Маскве трэба плаціць за кватэры плошчай звыш 50 м², у залежнасці ад кадастравага кошту, ад 0,1 % да 0,3 % кошту.

Украіна. Падатак трэба плаціць за кватэру плошчай звыш 60 м², будынак звыш 120 м², некалькі аб’ектаў плошчай звыш 180 м² (калі ва ўласнасці аднаго чалавека). За кожны «лішні» квадратны метр просяць да 1,5 % мінімальнага заробку – 70,8 грыўні (6,7 беларускага рубля), але мясцовыя ўлады могуць вызначыць і меншую стаўку.

Польшча. Падатак плацяць штоквартальна, памер вызначае мясцовае самакіраванне, а максімальныя стаўкі падатку залежаць ад індэксу цэнаў, які вызначае Цэнтральнае статыстычнае кіраўніцтва. Сёлета падатак на жылыя дамы і іх часткі не можа перавышаць 0,85 злотага (каля 0,54 беларускага рубля) за 1 м². Максімальную стаўку ўжываюць у буйных гарадах.

Літва. Трэба плаціць падатак на некамерцыйную нерухомасць, даражэйшую за 150 000 еўраў – такі летась плацілі 12 600 чалавек. Стаўка прагрэсіўная ў залежнасці ад кошту, складае ад 0,5 % да 2 %. Цяпер разглядаюць розныя варыянты змены гэтага падатку, у тым ліку адмову ад падатку на асноўнае жытло.

Латвія. Памер падатку на нерухомасць вызначае мясцовае самакіраванне ў дыяпазоне ад 0,2 % да 1,5 % кадастравага кошту (калі самакіраванне не вызначылася, за кватэры і прыватныя дамы да 56 914 еўраў будзе 0,2 %, ад гэтай сумы да 105 715 еўраў – 0,4 %, для даражэйшых – 0,6 %).

АА belsat.eu

Стужка навінаў