«ByPol» пра «мініраванне»: гэта насамрэч небяспечна


У Беларусі – чарговыя паведамленні пра мініраванне навучальных установаў. Разам з прадстаўнікамі ініцыятывы «ByPol» разбіраемся, чаго гэта каштуе дзяржаве і ці магчыма з гэтым бароцца.

Hавiны
У Менску зноў паведамляюць пра мінаванне навучальных устаноў
2021.10.04 11:54

4 кастрычніка міліцыя паведаміла пра новыя выпадкі мініравання навучальных установаў Менску. Паведамленні пра закладзеныя выбуховыя прылады былі разасланыя на электронныя адрасы навучальных установаў. Такая інфармацыя ўжо неаднаразова рассылаліся па ўсёй краіне. Гэтак, ранкам 1 кастрычніка інфармацыю пра закладзеныя бомбы атрымалі 240 школаў краіны, шматлікія ВНУ і каледжы, Лепельскі райвыканкам. Паўсюль праводзілася эвакуацыя, аднак выбуховых прыладаў не было знойдзена.

Паводле інфармацыі Следчага камітэту, апошнім часам у Беларусі назіраецца істотны рост злачынстваў у сферы электроннага тэрарызму. Так, калі за ўвесь 2020 год было зарэгістравана больш за 100 падобных фактаў, то за першае паўгоддзе 2021 года – ужо больш за 130. На думку СК, паведамленні пра мініраванне звычайна прыходзяць напярэдадні значных дзяржаўных падзеяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Супрацоўнікі міліцыі правяраюць кожнае паведамленне, пасля чаго распачынаюць крымінальную справу паводле артыкулу 340 КК РБ («Заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы»), які прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Вядома, што з 2019 года да сярэдзіны лета 2021 года ў Беларусі завялі 295 крымінальных справаў з нагоды электроннага тэрарызму.

Паводле ініцыятывы «ByPol», адсачыць адпраўнікоў паведамленняў пра мініраванне даволі складана.

«З досведу працы можам сказаць, што «мінёры» звычайна карыстаюцца электроннаю поштаю. Тут усё залежыць ад «кваліфікацыі» «мінёра». Калі ён карыстаецца абароненай поштай кшталту «ProtonMail», VPNам, то шанцаў практычна няма. Тым не менш, імавернасць выкрыцця існуе – але гэта марудны працэс з невядома якім вынікам».

У «ByPol» гавораць, што кожны выпадак магчымага мініравання вымагае працы розных экстранных службаў, якая каштуе дзяржаве пэўных сродкаў.

«Наконт кошту адказаць складана – сюды ўваходзяць выдаткі на выезд сапёраў, ратавальнікаў, хуткай дапамогі. Можна пашукаць інфармацыю пра асуджаных у такіх справах – мажліва, будзе інфармацыя аб сумах, якія з іх спагналі».

Паказальным тут можна лічыць выпадак з паведамленнем пра мініраванне станцыі метро «Малінаўка» 15 лютага 2019 года. 34-гадовы мянчук атрымаў штраф 500 базавых велічыняў, які потым скарацілі да 200, бо мужчыну доўгі час утрымлівалі да суда ў СІЗА.

Здымак мае илюстарцыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Пакуль усе выпадкі паведамленняў пра мініраванні ў Беларусі не пацвярджаліся, а вінаватых у непраўдзівых паведамленнях знайсці вельмі складана, таму фінансавая адказнасць за гэтыя дзеянні ў асноўным кладзецца на дзяржаву. Belsat.eu запытаўся ў «ByPol», ці не прывядзе такая сітуацыя ў выніку да таго, што на паведамленні пра мініраванне перастануць рэагаваць.

«Ці змогуць перастаць рэагаваць – складана адказаць адназначна, але рэжым здольны і на такія рашэнні. Насамрэч гэта небяспечна, нават калі існуе мізэрная магчымасць таго, што хоць адно паведамленне праўдзівае».

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў