Абвінавачаны паводле арт. 361 КК Шарэнда – пра змены ў гэты артыкул: «Гэта панічная рэакцыя рэжыму на санкцыі»


Берасцеец і палітвязень Андрэй Шарэнда – абвінавачаны ў дзвюх крымінальных справах: арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, што наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). Шарэнда заклікаў уводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. На суд Андрэй не з’явіўся і пакінуў Беларусь, а цяпер працягвае гэта заклікаць да санкцыяў з-за мяжы, бо толькі так магчыма зваліць гэты рэжым.

Андрэй Шарэнда.
Фота: Белсат

«Учора дзве «палаткі» так званага парламенту прынялі Закон аб змене ў Крымінальны кодэкс, і змена Крымінальнага кодэксу датычыла аднаго артыкулу – 361-га. Паводле новага закону максімальнае пакарання было павялічана амаль у два разы: раней было 7 гадоў, а цяпер стала 12. Для мяне гэта гістэрычная рэакцыя на тое, як дзейнічаюць санкцыі. Лукашысты колькі заўгодна могуць казаць, што санкцыі не працуюць, маўляў, гэта пусты пшык. Але мы бачым, што «Беларуськалій» стаіць на мяжы банкруцтва. На БелАЗ няма паставак рухавікоў, каб выпускаць гэтыя машыны. Пад пытаннем стаіць самае галоўнае, на чым трымаецца рэжым Лукашэнкі: экспарт нафтапрадуктаў.

Калі новыя санкцыі набудуць моц, не будзе магчымасці прадаваць гэтую прадукцыю, і рэжым можа збанкрутаваць на працягу некалькіх месяцаў. І змены ў гэты закон – гэта нервовая і панічная рэакцыя на моц санкцыяў. Рэжым Лукашэнкі хоча пазбавіцца любых магчымасцяў казаць пра санкцыі, яны хочуць, каб ніхто іх не ўзгадваў. Асабліва гэта тычыцца дыяспараў, якія шмат над гэтым працуюць і, вядома, разумеюць, што толькі санкцыі могуць прывесці да краху рэжыму», – кажа ў размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда.

Актывіста абвінавацілі ў тым, што яго заклікі да санкцыяў прыносяць шкоду Беларусі, гэта адбылося пасля некалькіх інтэрв’ю і допісаў у сацыяльных сетках.

«Я стаю на сваім, толькі моцныя санкцыі робяць рэжым Лукашэнкі слабым, толькі так можна спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў і маю жонку Паліну. Таму заклікаю ўводзіць новыя і новыя санкцыі супраць гэтай улады і прыпыніць з імі ўсякія гандлёвыя адносіны», – заяўляе Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк ужо больш за дзесяць месяцаў застаецца ў няволі. 46-гадовай маці дваіх дзяцей прысудзілі два гады пазбаўлення волі. Сваёй віны Паліна не прызнае і лічыць сябе захопленай у палон.

Учора на адкрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Дакумент змяняе арт. 361 КК, уводзячы крымінальную адказнасць за заклікі да санкцыяў супраць прадстаўнікоў уладаў.

Праект закону прапаноўвае караць такія заклікі паводле ч. 1 арт. 361 КК абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў, паводле ч. 2 – пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў, паводле ч. 3 – пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да 12 гадоў.

Дакумент 27 верасня ўнёс у Палату прадстаўнікоў на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі дэпутат Алег Белаконеў.

Алег Белаконеў нарадзіўся ў 1965 годзе ў Прыморскім краі Расеі. У Беларусь трапіў у сталым веку пасля заканчэння Омскай вайсковай вучэльні. У 2014 годзе яго прызначылі начальнікам Генеральнага штабу – першым намеснікам міністра абароны. З 2019 года – дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Генерал-маёр Алег Белаконеў падчас цырымоніі развітання з афіцэрам КДБ Дзмітрыем Федасюком заявіў, што ў адказ трэба забіць 20 ці нават 100 чалавек.

Hавiны
Генерал Белаконеў прапанаваў забіць сто беларусаў у адказ на гібель працаўніка КДБ
2021.10.01 14:52

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў