Як пачынаўся «чырвоны тэрор»


5 верасня 1918 года бальшавікі прынялі пастанову «Аб чырвоным тэроры». Былі заканадаўча легалізаваныя масавыя расстрэлы ўсіх, каго абвінавачвалі ў спробах змовы і «мяцяжу», а таксама прадугледжвалася стварэнне канцэнтрацыйных лагераў для «класавых ворагаў». 

На шляху да «масавага тэрору»

Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года бальшавікі, каб забяспечыць падтрыманне шырокіх колаў грамадства, актыўна выкарыстоўвалі папулярныя лозунгі. Але ажыццявіць абяцанняў яны не змаглі, таму ўжо 7 (20) снежня 1917 года Уладзімір Ленін стварыў службу бяспекі савецкай дзяржавы – Усерасейскую надзвычайную камісію для барацьбы з контррэвалюцыяй і сабатажам (ВЧК). Яе ўзначаліў нарадзінец маёнтку Дзяржынава Ашмянскага павету Фелікс Дзяржынскі.

Акцыя падтрымання Чырвонага тэрору ў Петраградзе. Верасень 1918. Крыніца: Scherbakowa: GULAG – Spuren und Zeugnisse 1929- 1956 (2021)

Нягледзячы на адмену смяротнага пакарання, бальшавікі расстрэльвалі тых, каго лічылі сваймі палітычнымі праціўнікамі, як тое кіраўнікоў партыі кадэтаў ці прадстаўнікоў царскай сям’і. Яскравым пацверджаннем таго, як справы бальшавікоў разыходзяцца са словамі, стаў падпісаны ў сакавіку 1918 года з Германскай імперыяй Берасцейскі мір, пасля якога Саветы на тэрыторыі Беларусі толькі часткова кантралявалі Магілёўскую і Віцебскую губерні. Бальшавікі падтрымлівалі папулярны лозунг «мір без анексіяў і кантрыбуцыяў» ды намагаліся яго прапаведаваць нават на міжнародным узроўні. Але гэта было ў той час немагчыма, што і выявілася падчас перамоваў аб міры з Нямеччынай. Перамовы былі сарваныя, і немцы занялі амаль усю тэрыторыю Беларусі.

Бальшавікі заклікалі працоўных і сялянаў да больш актыўнага змагання супраць «класавых ворагаў» (памешчыкаў, буржуазіі, святароў), але гэта было цяжка ажыццявіць на фоне страты падтрымання, пагатоў рашэнні сабатаваліся нават бальшавіцкімі органамі. Усё змянілася напрыканцы лета 1918 года.

Незадаволенасць супраць бальшавікоў вылілася ў акты індывідуальнага тэрору ў адносінах лідараў Савецкай дзяржавы: у чэрвені забіты В. Валадарскі (сапраўднае імя Майсей Гальдштэйн, у гонар якога названа вуліца ў Менску, дзе стаіць вядомая турма), 30 жніўня – кіраўнік Петраградскай надзвычайнай камісіі Майсей Урыцкі, і ўрэшце здзейснены няўдалы замах на Уладзіміра Леніна.

Ужо ўвечары пасля замаху на Леніна старшыня Усерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту Якаў Свярдлоў, фактычна на той час лідар дзяржавы, заклікаў да «масавага тэрору супраць усіх ворагаў рэвалюцыі». Без суда і следства вызначаліся вінаватыя: «Мы не сумняваемся ў тым, што і тут будуць знойдзеныя сляды правых эсэраў, сляды наймітаў англічанаў і французаў».

31 жніўня пайшлі справаздачы пра паспяховыя акцыі застрашвання. Напрыклад, у Ніжнім Ноўгарадзе на ўліку ВЧК былі 1500 «афіцэраў і жандараў», з якіх былі арыштаваныя 700. Пасля замаху на Леніна 41 чалавек «з лагеру буржуазіі» быў расстраляны, акрамя іх – яшчэ 17 «зладзеяў». І гэтая «мясцовая» ініцыятыва атрымоўвала пашырэнне. Таму для выхаду з поля «не да законаў» савецкае кіраўніцтва вырашыла легалізаваць масавыя рэпрэсіі, у тым ліку забойствы.

Пастанова СНК аб чырвоным тэроры. 5 верасня 1918 года. Крыніца: «Лидеры советской эпохи», «Ленин»

«Больш крыві!»

2 верасня пры адсутнасці параненага Леніна савецкае кіраўніцтва выдала пастанову «Аб ператварэнні Савецкай Рэспублікі ў вайсковы лагер», у якім уся «расейская буржуазія» была абвінавачаная ў здрадзе. Дадаткова Свярдлоў склаў рэзалюцыю, у якой выказаўся пра неабходнасць распачаць «чырвоны тэрор супраць буржуазіі і яе агентаў». Бальшавіцкая «Правда» пісала: «Надышоў час, калі мы мусім знішчыць буржуазію, калі мы не хочам, каб буржуазія знішчыла нас… Гімнам працоўнага класу цяпер будзе песня нянавісці і помсты!» «Красная газета» заклікала: «Няхай пральецца кроў буржуазіі і яе паслугачоў, – больш крыві!»

Урэшце 5 верасня пасля дакладу Фелікса Дзяржынскага савецкае кіраўніцтва прыняло пастанову «Аб чырвоным тэроры». Цяпер ён афіцыйна вызначаўся як частка дзяржаўнай палітыкі, а таксама заканадаўча вярталася адмененае раней смяротнае пакаранне.

Пад расстрэл падпадалі «ўсе былыя жандарскія афіцэры» паводле спецыяльна складзенага спісу, зацверджанаму Надзвычайнай камісіяй. Пад расстрэл ішлі і тыя, у каго будзе знойдзеная зброя ці несапраўдныя дакументы, каго абвінавачвалі ў сувязях з іншаземнымі ворагамі і арганізацыямі, усе актыўныя ўдзельнікі абвешчаных варожымі бальшавікам партыяў.

У канцэнтрацыйныя лагеры людзі траплялі за заклікі да палітычных страйкаў і зрынання савецкай улады, але толькі ў тым выпадку, «калі яны не падвергнутыя расстрэлу», туды змяшчалі былых афіцэраў без заняткаў, усіх вядомых сябраў «былых патрыятычных і чарнасоценных арганізацыяў».

Пад дакументам ад 5 верасня стаяць подпісы сакратаркі Лідзіі Фоціевай з Разані, кіраўніка справамі Саўнаркаму Уладзіміра Бонч-Бруевіча, сям’я якога паходзіла з Магілёва, і двух нарадзінцаў Украіны – першага савецкага пракурора Дзмітрыя Курскага і Рыгора Пятроўскага. У гонар апошняга ў 1926 годзе быў названы горад Днепрапятроўск (з 2016 Дняпро), ды шматлікія вуліцы ва Украіне, а таксама ў Гомельскай вобласці Беларусі.

Яшчэ да прыняцця пастановы «Аб чырвоным тэроры», 3 верасня Пятроўскі ставіў у віну сваім падначаленым недастаткова масавы характар тэрору супраць палітычных ворагаў. Ён заклікаў: «Пры найменшых спробах супраціву павінен ужывацца масавы расстрэл». Пра тых жа, хто праявіць нерашучасць, мусіць паведамляцца неадкладна. Цяпер за нерашучасць (а значыць сабатаж) пагражаў расстрэл.

Ужо на самым пачатку верасня ў Петраградзе былі расстраляныя паводле розных падлікаў ад 500 да 800 прадстаўнікоў былой эліты (чыноўнікі і выкладчыкі). На месцы пайшла інструкцыя «Страляць усіх контррэвалюцыянераў. Даць раёнам права самастойна расстрэльваць». Заклікаюць ствараць невялікія канцэнтрацыйныя лагеры. Напрыклад, у Пяцігорску ў пачатку лістапада было забіта больш за сотню прадстаўнікоў мясцовай эліты, якія да таго змяшчаліся ў канцлагеры. На іх зэканомілі кулі – рубілі шашкамі і забівалі кінжаламі. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як «Пяцігорская бойня».

Фелікс Дзяржынскі разам з іншымі ўдзельнікамі Надзвычайнай камісіі. 1918–1919 гады. Крыніца: Расейскі дзяржаўны вайсковы архіў 

22 верасня Надзвычайная камісія на чале з Дзяржынскім пачала выдаваць «Еженедельник», у якім распавядала пра «метады барацьбы з ворагамі» ды публікавала дакументы пра рэпрэсаваных. Падкрэслівалася, што супраць працоўных рыхтуюцца шматлікія змовы, таму што «калі не дыктатура пралетарыяту, то дыктатура буржуазіі; трэцяга не дадзена». Што ж тут гаворыцца пра Беларусь, дакладней, пра частку яе цяперашніх Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў?

«Біржа, не горшая за лонданскую, нью-ёркскую»

Дзяржынскі вызначаў «чырвоны тэрор», як «пастрашэнне, арышты і знішчэнне ворагаў рэвалюцыі паводле прынцыпу іх класавай прыналежнасці». Памежны статус накладаў адбітак на правядзенне «чырвонага тэрору» на той тэрыторыі Беларусі, якую кантралявалі бальшавікі. Як следства – вельмі шмат арыштаў не за «контррэвалюцыйную» дзейнасць, але перш за ўсё за «спекуляцыі» і кантрабанду.

Адзін з такіх прыкладаў – зачыстка Воршы, дзе ў часе вайны, якая ператварыла мястэчка Магілёўскай губерні ў памежны пункт варожых войскаў, была ўтвораная імправізаваная «біржа», якая «не горш за лонданскую, нью-ёркскую біржы дыктуе кошты сусветным рынкам». Праз Воршу ішло мыла і вязаныя вырабы ў Менск, Вільню, Варшаву, адкуль тавары накіроўваліся ў іншыя гарады Еўропы, а на ўсход – у Смаленск, Маскву і Петраград – прадукты хімічнай прамысловасці і сахарын. Пры гэтым актыўнай кантрабандай займаліся, у першую чаргу, чыноўнікі і памежнікі па абодва бакі мяжы.

Нездарма сярод справаў, распачатых аршанскай Надзвычайнай камісіяй, – 60 аб злачынствах на пасадзе, 100 – аб спекуляцыі і толькі 20 – за контррэвалюцыйную дзейнасць. Паказальныя таксама выпадкі Мсціслаўлю, дзе былі асуджаныя за крадзеж 29 тысячаў рублёў два чыноўнікі – Грыдала і Янкоўскі, і Лупалава (прадмесце Магілёва). У Лупалаве, дзе з пачаткам «чырвонага тэрору» вынялі шмат розных скураў на некалькі мільёнаў рублёў, вылучыўся загадчык мясцовага аддзелу сацыяльнага забеспячэння Міхаіл Скорабагатаў. Ён выехаў у Маскву па 40 тысяч рублёў, а па вяртанні сказаў, што грошы скралі. Следства выявіла, што Скорабагаты грошы проста прагуляў. За гэта яго расстралялі.

Значна больш расстрэльвалі ў Віцебску, Чэрыкаве, Прапойску, Дарагабужы, дзе, напрыклад, за спекуляцыю на пачатак верасня 1918 года было заведзена 18 справаў, затое за «контррэвалюцыю» – 36. У Себежу Віцебскай губерні загадалі забіць святара Шаркеровіча «за агітацыю супраць Савецкай улады і служэнне паніхіды па Мікалаю Раманаву», а таксама 16 кулакоў – «за гвалт над чырвонаармейцамі» (г. зн. пры спробе не даць забраць харчаванне).

«Клином красным бей белых». Аўтар: Эль Лісіцкі. 1920 Крыніца: Расейская дзяржаўная бібліятэка 

«Абгрунтаваць і ўзаконіць»

6 лістапада 1918 года, напярэдадні першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, адбылася першая амністыя, а «чырвоны тэрор» афіцыйна быў спынены. Аднак насамрэч усё толькі пачыналася, у тым ліку і для Беларусі, тэрыторыю якой бальшавікі занялі ў час вайны з Польшчай, а ў гарады разам з войскам прыйшлі чэкісты. У выніку з 1918 да 1922 года ахвярамі «чырвонага тэрору» на тэрыторыі Расеі, Беларусі ды Украіны сталі каля 1,7 млн чалавек. Ленін жа адзначаў, што немагчыма спыніць аднойчы распачаты тэрор: «Суд павінен не ліквідаваць тэрор (абяцаць гэта было б самападманам або падманам), а абгрунтаваць і ўзаконіць яго прынцыпова, ясна, без фальшу і без прыкрасаў. Фармуляваць трэба як мага шырэй, бо толькі рэвалюцыйнае правасвядомасць і рэвалюцыйнае сумленне паставяць умовы выкарыстання на справе, больш ці менш шырокага. З камуністычным прывітаннем, Ленін».

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў