Найвядомейшы абмен палітзняволенымі беларусамі. Пра Францішка Аляхновіча


«Цырымонiя абмену. Адданне чэсцi, паклон капелюшом, сцiсканне рук, падпiсанне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер – чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi», – так занатаваў свой абмен на палітыка Браніслава Тарашкевіча бацька беларускай драматургіі Францішак Аляхновіч. Падзея адбылася 6 верасня 1933 года на савецка-польскай мяжы на станцыі Коласава. Праз пяць гадоў Тарашкевіча расстралялі ў Менску, Аляхновіч пражыў удвая больш, а ягоная кніга «У капцюрох ГПУ», перакладзеная на сем моваў свету, сталася адным з першых сведчанняў пра савецкі ГУЛАГ.

Даведка
Францішак Аляхновіч у 1921 годзе. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Марыў стаць акторам

Францішак Аляхновіч нарадзіўся 9 сакавіка 1883 года ў Вільні. Бацька Караль быў прафесійным музыкам і працаваў у розных тэатрах, на адзін са спектакляў якога і ўзяў пяцігадовага сына. Гэтая падзея сталася лёсавызначальнаю, бо цяпер хлопчык толькі і марыць стаць акторам. Яго цікавіць толькі тое, што звязана з тэатрам. У выніку навучанне не задаецца, яго нават выключаюць з гімназіі. Па дасягненні сталасці Францішак выпраўляецца ў Кракаў, дзе мелася драматычная школа. Ён нелегальна пераадольвае мяжу паміж Расейскай і Аўстрыйскай імперыямі, але ў Кракаве даведваецца, што набору ў школу няма. Але назад не вяртаецца і год слухае лекцыі на гістарычна-літаратурным факультэце мясцовага ўніверсітэту.

Урэшце, увосень 1904 года выбіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу. Па заканчэнні ў 1907-м уладкоўваецца вандроўным акторам. Але гэта была вельмі цяжкая праца, і таму праз год вырашае вяртацца ў Вільню, каб займацца журналістыкаю.

Журналіст

У 1908 годзе Францішак уладкоўваецца рэпарцёрам у розныя газеты, але асабліва моцна збліжаецца з «Нашаю ніваю». Разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам у 1910-м Аляхновіч ставіць першы беларускамоўны спектакль у Вільні, які прайшоў вельмі паспяхова. Аднак Францішак чарговы раз вымушаны пакінуць радзіму, бо ў адным са сваіх артыкулаў дапусціў «крамолу і імкненне ў нізвяржэнні існага ладу». Зноў едзе ў Кракаў і Львоў, дзе ў якасці актора выступае разам з рознымі польскімі тэатрамі. Калі ж у 1913-м з нагоды 300-годдзя дынастыі Раманавых рыхтавалася амністыя, Аляхновіч вяртаецца ў Вільню. Аднак надзеі не спраўдзіліся, і Аляхновіча асудзілі на год турмы і накіравалі ў Лукішкі. Не марнуючы часу, Францішак піша свой першы сцэнічны твор – камедыю «На Антокалі».

Францішак Аляхновіч (злева) з Уладзіславам Галубком у Менску. 1918 года. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

«Усё жыццё – тэатр»

Пачатак Першай сусветнай вайны ў жніўні 1914 года Аляхновіч сустрэў на волі. У час нямецкай акупацыі актыўна займаўся тэатральнаю дзейнасцю, стварыў гурток «Беларуская драматычная дружына», ставіў спектаклі. Аднак сапраўдны творчы ўсплёск назіраецца пасля падзення Расейскай імперыі ды хвалі беларускага адраджэння. У 1917-м піша пяць п’есаў, якія прапагандуюць нацыянальны ўздым. Аднак праз матэрыяльныя цяжкасці вымушаны быў уладкавацца ў дзіцячы прытулак, дзе зарганізаваў Беларускае таварыства пацярпелым ад вайны. Піша дзіцячыя п’есы, казкі.

У чэрвені 1918 года выпраўляецца ў Менск, каб далучыцца да трупы Беларускага дзяржаўнага тэатру. І робіць гэта паспяхова, пасля чаго ладзіць сваю ўласную трупу. Пасля сыходу немцаў і прыходу бальшавікоў Аляхновіч робіцца дырэктарам Беларускага пралетарскага тэатру. Але доўга тут не затрымліваецца, бо яго зноў цягне ў Вільню. Калі ж палякі займаюць Менск, Аляхновіч едзе туды, дзе да жніўня 1920 года ўзначальвае гарадскі тэатр, які пасля прыходу бальшавікоў даў пачатак Беларускаму дзяржаўнаму тэатру (БДТ-1). Але Аляхновіч у гэтым не бярэ ўдзелу, бо ён ізноў у Вільні: піша для розных выданняў і выкладае ў беларускай гімназіі, ладзіць трупу і выпраўляецца ў гастролі.

Аднак у 1926-м Францішак, спакушаны навінамі пра поспехі БССР, выязджае ў Менск. Нават атрымоўвае пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатру ў Віцебску, але ўжо 1 студзеня 1927 года апынуўся ў турме ў Менску – за «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы». Заступніцтва ні Коласа з Купалам, ні Бядулі з Гарэцкім не дапамагло. Аляхновічу даюць 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

Група беларускіх пісьменнікаў. Злева направа сядзяць: Макар Краўцоў, Францішак Аляхновіч, Змітрок Бядуля, Аляксандр Уласаў, Алесь Гарун, Янка Купала; стаяць: Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка. Крыніца: commons.wikimedia.org

Абмен

У 1933 годзе польскія ўлады прапанавалі абмяняць вядомага заходнебеларускага палітыка і навукоўца Браніслава Тарашкевіча, прыхільніка СССР, асуджанага ў Польшчы на 8 гадоў, на Францішка Аляхновіча, асуджанага ў СССР на 10 гадоў. Для Аляхновіча гэта было сапраўды нечакана. Ён падрабязна запомніў усё, што з ім адбылося ў дзень абмену 6 верасня: «Углядаюся ў надпiс: «Коммунизм сметет все границы», якi бачыў гэтак даўно – у лiстападзе 1926 года, калi ехаў у Савецкае гаспадарства з вераю ў магчымасць беларускай культурнай працы там – у БССР. Тады гэтак сама была восень, але я ехаў з надзеяй на вясну ў сэрцы. Сяння варочаюся, бадзяка, у астрожным бушлаце, працверазiўшыся на Салоўках, шчаслiвы, што праз момант нага мая пераступiць мяжу краiны «будаўнiцтва сацыялiзму» – у адваротным кiрунку. I сяння восень, але ў маёй душы цяпер светла, сонечна, радасна…»

У вочы Аляхновічу кінулася адрознасць у знешнім выглядзе з такім жа, здавалася, палітзняволеным Тарашкевічам: «Я ўжо вырозніваў твары людзей, якiя да нас падыходзiлi. Наперадзе ішоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы*. З iм – з двума палiцыянтамi па бакох – той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты момант я адчуў не толькi духовы, але і фiзічны кантраст памiж намi. Вязень «капiталiстычнага гаспадарства» меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце…»

Браніслаў Тарашкевіч і Францішак Аляхновіч. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org / ru.wikipedia.org

І неперадавальныя словамі пачуцці апынуцца на волі: «Урэшце – апошняе халоднае пацiсканьне рук.

– Бывай здароў!..

Ён з астрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край – гэта адзiн вялiкi астрог, дзе думка чалавечая сцiсненая ў абцугох савецкага абсурду, дзе не толькi дзеяць i гаварыць, але і думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблону. Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедства, а я – кiруюся на Захад, да «капiталiстычных» гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы.

Каб жа толькi не бачыць больш кашмарных сноў. Каб забыцца на пяцiгодкi, ударнiцтва, людаедства!..

Я ап’янеў ад шчасця».

10 апошніх гадоў

Замест 10 гадоў катаргі Аляхновічу было адмерана пражыць 10 гадоў на волі. Яны былі розныя. Першая іх палова – у творчых пошуках. Занатоўвае гулагаўскі досвед у выглядзе кнігі «У капцюрох ГПУ», якая выйшла на сямі мовах, а ў канцы 1937-га з’явілася і па-беларуску.

Пасля «вызваленчага» паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь Аляхновіч вымушаны быў перайсці на нелегальнае становішча. Здолеў уладкавацца ахоўнікам. А з пачаткам уварвання немцаў стаўся рэдактарам газеты «Беларускі голас» і ўвайшоў у кіраўніцтва Беларускай незалежніцкай партыі. Ягоныя п’есы ставяцца ў Менску.

Увечары 3 сакавіка 1944 года Францішка Аляхновіча застрэлілі ва ўласнай кватэры ў Вільні. Пачуўшы званок, ён падышоў і адчыніў дзверы. Прагучалі два стрэлы. Хто забіў Францішка Аляхновіча, дасюль невядома.

Кніга «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча па-расейску і па-беларуску. Калаж з фота: livelib.ru

Беларускага дзеяча ўрачыста пахавалі на Кальвінскіх могілках, знесеных у савецкі час. У 1989 годзе адбылося сімвалічнае перазахаванне Францішка Аляхновіча на могілках Росы, дзе ў 1993-м паўстаў помнік аўтарства Эдуарда Падбярэзскага. Але за тры дзясяткі гадоў помнік пачаў разбурацца.

Збор на аднаўленне помніку Францішку Аляхновічу

28 ліпеня віленскі актывіст Кірыл Атаманчык абвесціў збор сродкаў на рэнавацыю помніку Францішку Аляхновічу.

«Беларуская супольнасць Вільні распачынае збор сродкаў на рэнавацыю помніку Францішку Аляхновічу – беларускаму драматургу, тэатральнаму дзеячу, публіцысту і празаіку, чыя аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з самых ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта».

Кірыл Атаманчык тлумачыць «Белсату»:

«Помнік быў у аварыйным стане і тэрмінова патрабаваў рамонту. Таму беларуская грамада абавязаная была рэагаваць. Гэта ніяк не звязана з нейкім маім асаблівым стаўленнем да постаці Аляхновіча. Я б гэта зрабіў і для любога іншага беларускага дзеяча, які патрабаваў бы такога тэрміновага клопату».

Помнік Аляхновічу стаў моцна разбурацца, і ў 2021 годзе было пастаноўлена часова яго прыбраць, каб зберагчы. На тым месцы ўсталявалі драўляны крыж. За аднаўленне помніку ўзяліся літоўскія адмыслоўцы. Ідэя ў тым, каб зрабіць рэнавацыю арыгінальнага помніку аўтарства Эдуарда Падбярэзскага і вярнуць яго на месца ў першапачатковым стане.

Для гэтага беларускай грамадзе Вільні неабходна сабраць прыблізна 6500 еўраў. Збор вядуць дзве беларускія арганізацыі Вільні: Таварыства беларускай культуры ў Літве і моладзевая асацыяцыя «StudAlliance». «Сабралі каля 50 % неабходнай сумы», – дадае Кірыл Атаманчык. Дапамагчы сабраць грошы на аднаўленне помніку Францішку Аляхновічу можна тут.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў