Кіберактывісты распавялі пра ўзлом камп’ютарнай сеткі аўтапарку Гомля і сайту «БелАЗу»


Беларускія кіберактывісты паведамілі 5 верасня адразу пра два ўзлому прадпрыемстваў у Беларусі.

Аўтамабіль БелАЗ на тэрыторыі заводу. Жодзіна, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«За 2 гады кампʼютарныя сістэмы на прадпрыемствах рэжыму так і застаюцца дзіравымі. Карыстаючыся гэтым, навострываем навыкі кібератак на абʼектах транспартнай інфраструктуры, якія падтрымліваюць дыктатара», – распавялі кіберпартызаны.

Яны заяўляюць, што здзейснілі кібератаку на кампʼютарную сетку аўтапарку № 6 у Гомлі, паралізаваўшы працу ўнутранай сеткі і зашыфраваўшы базы звестак. Таксама яны ўключылі раздачу бясплатнага Wi-Fi праз кропкі доступу «JiveBelarus!» з паролем «minsk2020» ды раздрукавалі ўлёткі з заклікам далучацца да Палку Кастуся Каліноўскага і руху «Супраціў».

Ключ шыфравання кіберпартызаны абяцаюць вярнуць у адказ на вызваленне 10 палітвязняў, якія найбольш маюць патрэбу ў меддапамозе.

Таксама беларускія хакеры Абʼяднанага штабу супраціву Менску заявілі, што атакавалі сайты ААТ «БЕЛАЗ». У выніку праца сайтаў была парушаная, а на іх галоўнай старонцы быў змешчаны інфармацыйны ліст АШС. У лісце актывісты адзначаюць, што выступаюць супраць выкарыстання БЕЛАЗу і іншых беларускіх прадпрыемстваў для атрымання расейскіх крэдытаў на тэме імпартазамяшчэння.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў