Ілля Шкурын працягне кар'еру ў Ізраілі


Футбаліст, які асудзіў вайну, не выступаў на сурʼёзным узроўні з красавіка гэтага года. Цяпер Ілля – футбаліст «Макабі» з Пэтах-Тыквы. Гэтая каманда – лідар другога дывізіёну чэмпіянату Ізраілю.

23-гадовы нападнік едзе ў Ізраіль, каб перазапусціць карʼеру. Апошнія два гады ў прафесійным росце футбаліста фактычна выпалі. На пачатку 2021 года Ілля перайшоў у кіеўскае «Дынама», дзе правёў 8 гульняў і галоў не забіваў. Вясной гэтага года Шкурын падпісаў кантракт з польскім клубам «Ракаў» («Raków»), але ў Чэнстахове ў Іллі таксама не пайшло, ён згуляў дзве гульні ды аказаўся ў глыбокім запасе. Больш за тое, улетку яго вывелі са складу клубу. Таму не дзіва, што клуб і футбаліст разарвалі дамову. Больш за тое, агенты Шкурына дабіліся, каб быў скасаваны кантракт з маскоўскім ЦСКА. Камандзе «Макабі» Ілля дастаўся бясплатна.

Ілля Шкурын святкуе забіты гол.
Фота: афіцыйны сайт ЦСКА

Ілля Шкурын – 23-гадовы выхаванец віцебскай спартовай школы, у 2019-м стаўся сапраўдным адкрыццём беларускага футболу і найлепшым бамбардзірам чэмпіянату краіны, забіўшы 19 галоў у складзе менскага «Энергетыка-БДУ». Пасля гэтага падпісаў кантракт з берасцейскім «Дынама», адкуль адразу ж быў прададзены ў адзін з найлепшых клубаў Расеі – ЦСКА. Там правёў год, пасля чаго былі Украіна і Польшча.

У жніўні 2020 года пасля масавага гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў нападнік маскоўскага ЦСКА Ілля Шкурын трапіў у пашыраны спіс нацыянальнай зборнай Беларусі, на што футбаліст адказаў у сваім Instagram:

«Пра траплянне ў пашыраны спіс зборнай краіны зноў даведаўся праз сацыяльныя сеткі, таму свой адказ пішу таксама тут. Рэпрэзентаваць інтарэсы нацыянальнай каманды я адмаўляюся да таго часу, пакуль дзеіць рэжым Лукашэнкі. Жыве Беларусь!»

За гэта гульцу пачалі помсціць. Так, Федэрацыя футболу Беларусі спрабавала забараніць Шкурыну выступаць за мяжой, але ФІФА зноў стала на бок Іллі. Таксама Шкурын выступіў супраць вайны ды падпісаў антываенную дэкларацыю спартоўцаў.

Апошні раз Ілля Шкурын зʼяўляўся на публіцы ў жніўні, калі перамог у складзе каманды Беларускага фонду спартовай салідарнасці – на аматарскім турніры ў падтрымку Аляксандра Івуліна ды іншых палітвязняў.

АЛ belsat.eu

 

Стужка навінаў