Затрыманні на фэсце, ад'езд Вольгі Сафронавай і пераварот у Гвінеі. Галоўнае за 5 верасня


Belsat.eu падводзіць вынікі 5 верасня.

Чэмпіёнка Беларусі па конным спорце эмігравала

Беларуская вершніца Вольга Сафронава атрымала гуманітарную візу ў Польшчы.

Вольга Сафронава з’яўляецца чэмпіёнкай Беларусі па конным спорце. Спартоўка мусіла прадстаўляць Беларусь на Алімпіядзе ў Токіо, аднак была выключаная са складу каманды на падставе заключэння дзяржаўнай камісіі, якая вырашыла, што яе конь нібыта кульгае. Але потым Вольга правяла ў Польшчы адпаведныя абследаванні, якія не пацвердзілі гэтыя высновы. Тады яна зразумела, што камісія наўмысна схлусіла, каб не пусціць яе на Алімпіяду.

«Я падумала, што вяртацца ў Беларусь будзе не зусім бяспечна, таму што я бачу, што адбываецца з іншымі спартоўцамі, якія выказваюць сваю пазіцыю», – распавяла Вольга ў інтэрв’ю «Белсату».

У Вольгі Сафронавай былі падставы меркаваць, што праз сваю грамадзянскую пазіцыю яе могуць пераследаваць. Летась яна апублікавала на сваёй старонцы ў сацсетках допіс пад бел-чырвона-белым сцягам, дзе выказалася наконт падзеяў у Беларусі і адзначыла, што яна на баку народу.

«Мне сказалі, што гэты здымак трэба выдаліць. Я адмовілася гэта зрабіць і атрымала апавяшчэнне пра непадаўжэнне кантракту. Кантракт праз два тыдні быў працягнуты, але пасля гэтага ні на адзін міжнародны старт я так і не выехала», – падкрэсліла яна.

Цяпер спартоўка спадзяецца, што зможа працягнуць карʼеру ў Польшчы.

Затрыманні пад Воршай

Увечары 4 верасня пад Воршай адбыліся затрыманні ўдзельнікаў фэсту «Аршанская бітва». Як адзначаецца ў прэс-рэлізе міліцыі, мужчынаў 36, 62 і 64 гадоў затрымалі каля 20:00 гадзінаў у лясным масіве ў Аршанскім раёне «за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства з выкарыстаннем пратэставай сімволікі».

Паводле праваабаронцаў, у тым ліку быў затрыманы Юрый Копцік – гісторык і адзін з арганізатараў фэсту.

Таксама belsat.eu стала вядома, што ўчора сілавікі прыйшлі на будысцкую імпрэзу «Віпасана» ў аздараўленчым лагеры «Будаўнік» у вёсцы Дудзінка пад Барысавым. На арганізатараў склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае масавае мерапрыемства»).

Пераварот у Гвінеі

Раніцай ля прэзідэнцкага палаца ў гвінейскай сталіцы Конакры распачалася моцная страляніна. Паведамлялася, што мяцеж узнялі элітныя падраздзяленні гвінейскага войска на чале з Мамаду Дубуя.

Путчысты па дзяржаўнаму тэлебачанню абвесцілі аб арышце прэзідэнта краіны Альфы Кондэ, закрыцці межаў, роспуску ўрада і парламента, прыпыненні дзеяння канстытуцыі, а таксама намеры ствары пераходны ўрад.

У сеціве з’явіліся відэа і фота прэзідэнта Кондэ нібыта пасля арышту путчыстамі. Аднак сапраўднасць гэтага відэа пакуль не пацверджана.

Імаверна, прэзідэнт Альфа Кондэ пасля арышту путчыстамі.
Фота: guineematin.com

Між тым, прадстаўнікі ўраду Гвінеі сцвярджаюць, што спроба перавароту была сарваная.

Падрыхтоўка да падпісання інтэграцыйных праграмаў

Першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», што ў інтэграцыйных перамовах Менск і Масква «выйшлі на фінішную прамую».

«На дадзены момант кансэнсус знойдзены па ўсіх 28 саюзных праграмах. У прынцыпе, мы выйшлі на фінішную прамую. Я вельмі спадзяюся, што прэзідэнты нашых краінаў у ходзе сустрэчы 9 верасня ацэняць нашу працу і прымуць рашэнне: ці гатовыя праграмы да падпісання ў тым выглядзе і ў тых канструкцыях, у якіх яны на дадзены момант прадстаўлены ўрадамі», – заявіў Мікалай Снапкоў.

Першы віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што праграма па стварэнні адзінага рынку газу таксама гатовая (менавіта вакол гэтай праграмы да апошняга вяліся спрэчкі).

Hавiны
Снапкоў заявіў, што Масква і Менск знайшлі кансэнсус па ўсіх інтэграцыйных праграмах
2021.09.05 23:10

Па раману Віктара Марціновіча паставяць спектакль ў Нямеччыне

Віктар Марціновіч Рэвалюцыя. XXVІII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. 20 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Раман «Рэвалюцыя» беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча паставяць у тэатры Schauspielhaus у Гамбургу. Прэмʼера спектаклю адбудзецца ў красавіку 2022 года.

Сёлета кніга Віктара Марціновіча дэ-факта трапіла пад забарону ў Беларусі. У пачатку 2021 года падчас ператрусу ў выдавецтве «Кнігазбор» сілавікі забралі паўтысячы асобнікаў раману «Рэвалюцыя», а беларуская мытня перастала прапускаць кнігу праз мяжу.

Hавiны
Беларускія дыяспары па ўсім свеце падтрымліваюць землякоў і рэагуюць на падзеі на радзіме
2021.09.05 11:31

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў