Снапкоў заявіў, што Масква і Менск знайшлі кансэнсус па ўсіх інтэграцыйных праграмах


Першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», што саюзная праграма па стварэнні адзінага рынку газу гатовая, урады дзвюх краінаў «выйшлі на фінішную прамую».

«На дадзены момант кансэнсус знойдзены па ўсіх 28 саюзных праграмах. У прынцыпе, мы выйшлі на фінішную прамую. Я вельмі спадзяюся, што прэзідэнты нашых краінаў у ходзе сустрэчы 9 верасня ацэняць нашу працу і прымуць рашэнне: ці гатовыя праграмы да падпісання ў тым выглядзе і ў тых канструкцыях, у якіх яны на дадзены момант прадстаўлены ўрадамі», – заявіў Мікалай Снапкоў.

Першы віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што праграма па стварэнні адзінага рынку газу таксама гатовая (менавіта вакол гэтай праграмы да апошняга вяліся спрэчкі).

«Мапа гатовая. У аснове мапы – вызначэнне ў наступным годзе адназначных, зразумелых абодвум бакам прынцыпаў і падыходаў функцыянавання аб’яднанага рынку газу. Сёння мы канстатуем, што наша цана на газ лепшая ў параўнанні з усімі краінамі СНД і Еўразвязам. Яна для нас камфортная.

Што далей будзе – гэтыя прынцыпы трэба вызначыць. Рынак валацілен, таму гэтыя прынцыпы павінны сфармаваць правільнае рэагаванне цаны (магчыма, нейкая формула) ва ўмовах Саюзнай дзяржавы з тым, каб у нас захоўвалася найбольш камфортная цана», – сказаў ён.

  • На гэтым тыдні Лукашэнка заявіў, што падпісанне інтэграцыйных праграмаў можа адбыцца ў кастрычніку – лістападзе на паседжанні Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. «Калі мы дамовімся канчаткова з прэзідэнтам Расеі 9-га, то 10–11-га ўрады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Найвышэйшым дзяржсавеце», – распавёў Лукашэнка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў