Расейскі суд забараніў пошук у Google і «Яндэкс» па запыце «разумнае галасаванне»


Арбітражны суд Масквы забараніў Google і «Яндэксу» выдаваць вынікі на запыт «разумнае галасаванне». Суд прыняў рашэнне ў якасці забеспячальнай меры па пазове ТАА «Вулинтертрейд», вынікае з картатэкі арбітражных спраў, піша vot-tak.tv.

У чэрвені стаўрапольская кампанія «Вулинтертрейд», якая спецыялізуецца на продажы воўны, падала ў Распатэнт заяўку на рэгістрацыю таварнага знака «Разумнае галасаванне». Ён уключае ў сябе сам тэкст і лагатып. Яны цалкам паўтараюць сімволіку праекту прыхільнікаў Аляксея Навальнага. Распатэнт ухваліў гэтую заяўку ў рэкордна кароткія тэрміны – за месяц. Звычайна гэта займае год.

Суд у Маскве адхіліў апеляцыю расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, Масква, Расея. 20 лютага 2021 года. Крыніца: прэс-служба суда

Цяпер кампанія патрабуе ад Google і «Яндэкса» назаўжды забараніць пошукавую выдачу па гэтых ключавых словах. Фірма лічыць, што пошук сайтаў па запыце «разумнае галасаванне» парушае іх інтэлектуальныя правы.

Паплечнік Навальнага Іван Жданаў лічыць, што арбітражны спрэчка – толькі спроба прыкрыць палітычную барацьбу. Ён таксама не выключае, што працэс арганізавалі чыноўнікі адміністрацыі прэзідэнта.

«Рашэнне арбітражнага суда незаконнае: “Разумнае галасаванне” – не прадмет камерцыйнага абароту, выкарыстоўваецца намі ўжо некалькі гадоў (што кажа аб злоўжыванні права істцом). Суд наогул праходзіць нават без нашага ўдзелу», – сказаў Жданаў.

БАРАЦЬБА З «РАЗУМНЫМ ГАЛАСАВАННЕМ»

У чацвер, 2 верасня, Раскамнагляд запатрабаваў у Apple і Google выдаліць прыкладанні «Разумнага галасавання» з AppStore і GooglePlay. Ведамства прыгразіла шматмільённымі штрафамі і абвінавачваннем ва ўмяшанні ў выбары.

Таксама Раскамнагляд прасіў Google «спыніць апрацоўку персанальных звестак» на сайце праекту. Да гэтага невядомыя размясцілі ў сетцы падроблены клон ўэб-старонкі «Разумнага галасавання».

Мітынг у падтрыманне Навальнага ў Санкт-Пецярбурзе. 31 студзеня 2021 г.
Фота: Vot Tak TV

Адначасна паліцыя абыходзіць дамы тых, хто рэгістраваўся ў «Разумным галасаванні». Сілавікі палохаюць людзей крымінальнай адказнасцю, просяць напісаць заяву на прыхільнікаў Навальнага. Па дадзеных «Бі-бі-сі», яны робяць гэта па просьбе Крамля.

«Разумнае галасаванне» – праект каманды Навальнага, прыдуманы ў 2018 годзе. Яго мэта – не дапусціць каб у органы ўлады трапілі прадстаўнікі партыі «Адзіная Расея». «Разумнае галасаванне» стала асноўнай пратэставай стратэгіяй на выбарах у Дзярждуму ў 2021 годзе.

Сам Навальны знаходзіцца ў ВК-2 ва Уладзімірскай вобласці. Суд змяніў яму ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» 2014 года на рэальны пасля таго, як Навальны вярнуўся з Берліна. У Германіі ён лячыўся ад атручвання баявым рэчывам «Новичок».

Выбары ў Дзярждуму адбудуцца 19 верасня.

«Вот Так» /ІР

Стужка навінаў