Кіраўнік дзяржавы, ідэолагі і ваенрукі: як Гітлер рабіў нямецкія школы нацысцкімі


Ува ўсіх беларускіх школах з’явяцца кіраўнікі па вайскова-патрыятычным выхаванні, будуць выдадзеныя новыя падручнікі пра «вялікую айчынную», а школьнікам забароняць абмяркоўваць і крытыкаваць настаўнікаў нават з бацькамі.

Аналітыка
Ідзем у школу ўзмоцненага рэжыму. Чым адметны новы навучальны год у Беларусі
2021.09.01 10:00

Такім чынам рэжым Аляксандра Лукашэнкі імкнецца ўзяць беларускіх дзяцей цалкам пад свой кантроль, максімальна абмяжоўваючы ўплыў бацькоў на тое, чаму вучыць і як выхоўвае школа. Аднак гэта не першая дыктатура, якая прыватызавала чужых дзяцей: і Савецкі Саюз, і фашызм рабілі тое самае, каб выхаваць «новага чалавека» для сваіх мэтаў.

Разглядзім, як гэта рабілася ў мінулым, на прыкладзе нацысцкай Нямеччыны.

«Гітлер-Югенд»

Яшчэ да захопу ўлады Нямецкая нацыянал-сацыялістычная партыя стварыла свае маладзёвыя арганізацыі – «Гітлер-Югенд» (даслоўна «Моладзь Гітлера») і Звяз нямецкіх дзяўчат. Першапачаткова гэта былі абʼяднанні для ідэалагічнага апрацоўвання і спартовага развіцця падлеткаў ды дзяцей сябраў партыі.

Праз тры гады пасля прыходу да ўлады, у 1936-м, нацысты зрабілі сяброўства ў гэтых арганізацыях абавязковым для ўсіх нямецкіх дзяцей. Пры гэтым астатнія моладзевыя арганізацыі былі забароненыя.

Нацысцкі плакат «Моладзь служыць фюрэру. Усе 10-гадовыя – у «Гітлер-Югенд». Крыніца: http://en.wikipedia.org

Завабліваў падлеткаў «Гітлер-Югенд» найперш прыгожаю формаю, спартовымі гульнямі, паходамі на прыроду. Пры гэтым найважнейшаю часткаю была ідэалагічная індактрынацыя: вернасць «правадыру нямецкага народу», антысемітызм, адмаўленне дэмакратыі і свабоды дыскусіяў, пачуццё пагарды да іншых нацыяў і расаў.

Хлопцам, якія мусілі зрабіцца будучымі жаўнерамі, у праграму спартовай падрыхтоўкі паступова ўводзілі абыходжанне са зброяй, стральбу і тактыку пяхоты. Маладзёнам пагражалі, што без сяброўства ў «Гітлер-Югендзе» яны не атрымаюць ніякай добрай працы і не змогуць паступіць ва ўніверсітэт.

У апошнія баі нацысты адпраўлялі ваяваць нават дзяцей з «Гітлер-Югенду». Тут яны ўзятыя ў палон брытанскімі жаўнерамі, 1944 год. Крыніца: Imperial War Museums

«Гітлер-Югенд» выкарыстоўвалі таксама, каб падлеткі паведамлялі пра палітычную нелаяльнасць у касцёлах і лютэранскіх цэрквах, часам нават для зрыву богаслужэнняў. Часта імпрэзы арганізацыі ладзіліся ў нядзелі, каб не пускаць дзяцей на імшу. У школах і ўніверсітэтах чыніліся розныя кампаніі пераследу, часам з ужываннем прыніжэння і гвалту ў дачыненні настаўнікаў і выкладчыкаў, якія лічыліся антынацысцкімі.

Індактрынацыя дзяцей таксама дапамагала ўплываць на бацькоў, часам літаральна знішчаючы сямʼю – найбольш трывалую сацыяльную групу. Часам падлеткі нават даносілі на сваіх «недастаткова лаяльных» Гітлеру бацькоў.

Нацыфікацыя школаў

Нацысты таксама рэфармавалі дзеля сваіх мэтаў нямецкую сістэму адукацыі. Адукацыя павінна была існаваць толькі для таго, каб дзеці і падлеткі больш завучвалі ды не задавалі пытанняў. Аўтарытэтамі для моладзі павінны былі быць толькі Гітлер і ягоныя прадстаўнікі.

Ува ўсіх школах віселі партрэты Гітлера і партыйныя сцягі са свастыкай. У некаторых школах нацысты-настаўнікі загадвалі дзецям вучыць і паўтараць малітву за Гітлера: «Дай нашаму правадыру для ягонай цяжкай працы сілу». Дзяцей вучылі, што Гітлер – адзіны сапраўдны лідар і ратавальнік Нямеччыны.

Спальванне кніг у Берліне з удзелам студэнтаў Берлінскага ўніверсітэту, 1933 год. Крыніца: Bundesarchiv

Былі змененыя навучальныя праграмы: павялічылася доля фізкультуры і гісторыі як прадмету, які меў ідэалагічны сэнс. Акрамя таго, былі ўведзеныя заняткі «расавай навукі». Рэлігійнае навучанне скарацілі, а потым цалкам вывелі з праграмаў, бо хрысціянства супярэчыла нацысцкай ідэалогіі.

Друкаваліся новыя падручнікі, што ўводзілі нацысцкую тэрміналогію кшталту «ніжэйшых расаў» ці «жыццёвай прасторы». Акрамя таго, навязваўся нацысцкі стыль мыслення. Напрыклад, у падручніках па матэматыцы дзецям прапаноўвалі падлічыць, колькі грошай трацяць нямецкія рабочыя на падтрыманне інвалідаў. Гэта было часткаю кампаніі для абгрунтавання эўтаназіі ці дыскрымінацыі невылечна хворых, псіхічна хворых ці «асацыяльных элементаў».

Нацысцкі плакат на падтрыманне эўтаназіі: «Гэты спадчынна хворы каштуе грамадству 60 000 марак. Суайчыннік, гэта і твае грошы». Крыніца: Vancouver Holocaust Education Centre

Таксама адбыліся чысткі сярод настаўнікаў школаў і прафесуры ўніверсітэтаў: звальняліся ўсе людзі габрэйскага паходжання ці з непажаданымі палітычнымі перакананнямі. Праз нейкі час сяброўства ў нацысцкай партыі зрабілася абавязковым для ўсіх настаўнікаў. Яны мусілі прайсці месячны курс нацысцкай ідэалогіі.

У 1933 годзе ўвялі квоту на прыём габрэйскіх вучняў і студэнтаў, у 1938-м ім наагул забаранілі вучыцца ў дзяржаўных школах і ўніверсітэтах.

Бібліятэкі школаў і ўніверсітэтаў былі ачышчаныя ад «шкоднай літаратуры». Гэта датычыла любых ідэйных апанентаў нацызму. Менавіта гэты працэс трапіў на кадры хронікі: нацысты-навучэнцы рабілі вялікія вогнішчы з кніг. Гэтак, 10 траўня 1933 года за адну ноч спалілі больш за 25 000 кніг.

Моладзевы супраціў

Аднак не ўсе падпарадкаваліся ідэалагічнаму ціску і гвалту нацыстаў. Яшчэ ў 1930-ыя гады шмат якія хлопцы і дзяўчаты адмаўляліся ўступаць у нацысцкія арганізацыі, на вуліцах адбываліся бойкі, напрыклад, паміж гітлер-югендаўцамі і скаўтамі – адною з самых масавых арганізацыяў моладзі ў Нямеччыне.

 

Кадры з фільму «Піраты Эдэльвейсу». Крыніца: summerroof

Паўстала нелегальная сетка групаў моладзі, якія называлі сябе «Піраты Эдэльвейсу»: яны адмаўлялі нацысцкія парадкі, слухалі забароненую музыку, спявалі забароненыя песні, хадзілі ў паходы на прыроду, каб быць далей ад партыйнага кантролю, уступалі ў сутычкі з патрулямі паліцыі і гітлераўскаю моладдзю.

У 1942 годзе ў Мюнхене са студэнтаў універсітэту паўстала нямецкая падпольная група «Белая ружа». Невыпадкова яна часткова складалася з былых і дзейных сябраў «Гітлер-Югенду» – інакш немагчыма было паступіць вучыцца.

Зафі Шоль, адна з актывістак «Белай ружы», 1942 год.
Фота: Hans Scholl

«Белая ружа» пашырала антынацысцкія ўлёткі і рабіла графіці «Далоў Гітлера!» і «Свабода» на мурах. Адна з улётак звярталася да немцаў:

«Чаму вы дазваляеце гэтым людзям пры ўладзе крок за крокам, адкрыта і таемна пазбаўляць вас вашых правоў, пакуль аднойчы нічога не застанецца, акрамя бюракратычнай машыны на чале з крымінальнікамі і алкаголікамі? Няўжо ваш дух ужо настолькі забіты, што вы забылі, што маеце права – ці, хутчэй, МАРАЛЬНЫ АБАВЯЗАК – знішчыць гэтую сістэму?»

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў