«Абсалютна ні пра што не шкадую»: размова з палітвязнем Арцёмам Хвашчэўскім


Мінуў больш як год з пачатку беларускай рэвалюцыі – на волю ўжо выходзяць людзі, якія адбылі тэрмін за ўдзел у жнівеньскіх падзеях летась. Сярод іх – палітычны вязень Арцём Хвашчэўскі.

Мянчук, з 2011 года жыве ў Польшчы, куды з’ехаў паводле Праграмы Каліноўскага пасля Плошчы-2010. Там каардынаваў запісы футбольных матчаў і аналізаваў іх для польскай нацыянальнай каманды і Экстракласу ў фірме «InStat Football». У пачатку 2020 года ажаніўся з полькаю. Летась разам з сябрам Арцёмам Саўчуком прыехаў у Менск на вяселле аднакласніка. Браў удзел у акцыях пратэсту, разам з сябрам іх затрымалі 17 жніўня праз падазрэнне ў арганізацыі масавых закалотаў. Арцёма Хвашчэўскага асудзілі на 1 год агульнага рэжыму, Арцёма Саўчука – на 4 гады калоніі строгага рэжыму.

Некалькі тыдняў таму наш герой выйшаў на волю. Зрабіў візу і вярнуўся ў Вроцлаў, дзе ўвесь гэты час яго чакала каханая Катажына і любімая праца.

«Цяпер я адчуваю сябе ў большай бяспецы, чым калі выйшаў», – пачынае свой расповед Арцём у гутарцы з «Белсатам».

Незабыўны дзень народзінаў і тараканы ў камеры

Арцём прыехаў у Беларусь 8 жніўня 2020 года. Браў удзел у выбарах, а пасля выходзіў на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў. Яго затрымалі разам з сябрам, калі яны ехалі на вяселле да аднакласніка.

«Мы ехалі з боку Валадарскага ў бок Акрэсціна. Дапамаглі чалавеку, які стаў на дарозе, выехаць на абочыну, каб не перашкаджаў руху. Нас суправадзіў патруль ДАІ. Пачалі нас правяраць, распытваць, хто мы, адкуль. Затым супрацоўнікі ў цывільным забралі нашыя тэлефоны, папрасілі доступ. Пабачыўшы фота з акцыяў, забралі нас у РУУС», – згадвае Арцём.

Тады ніякага фізічнага гвалту сілавікі не ўжывалі. Быў псіхалагічны ціск, маладзёнаў запалохвалі: «Мне пагражалі, што могуць закінуць у аўтазак з АМАПам за тое, што я пісаў у Telegram у сваіх прыватных перапісках. Але фізічнага гвалту ніякага не было».

Арцём (справа) разам з сябрам Паўлам, на вяселле якога ён ехаў, але так і не патрапіў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

10 гадоў таму Арцём ужо сутыкаўся з беларускаю сістэмаю. Пасля выбараў 2010 года Арцём выйшаў на акцыю пратэсту і быў затрыманы, адбыў 15 содняў арышту ў Жодзіне. Ягонаму сябру Арцёму Саўчуку, разам з якім затрымалі Арцёма Хвашчэўскага, далі 12 содняў. Пасля гэтага іх абодвух выключылі з універсітэтаў: Саўчука – з БНТУ, Хвашчэўскага – з трэцяга курсу Менскага інстытуту кіравання. Сябры разам паехалі ў Польшчу паводле Праграмы Каліноўскага: Саўчук – у Кракаў, Хвашчэўскі – у Вроцлаў, там скончыў Акадэмію спорту, паралельна працаваў трэнерам у моладзевым футбольным клубе (Футбольная акадэмія «Olympic» і «Polish Soccer Skills»). Праз траўмы адышоў ад трэнавання і заняўся аналізам футбольных матчаў.

«10 гадоў таму было ўсё па-іншаму. Гэта быў кароткі адміністратыўны арышт, мы сядзелі з палітычнымі ў адной справе. Цяпер жа ўсё было па-іншаму. Я думаў, што калі мяне затрымаюць, то дадуць содні, але ўсё зацягнулася на больш працяглы час», – распавядае Арцём.

Даведка
Разам з жонкай Катажынай пасля вяртання ў Польшчу. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пасля затрымання мужчына трое содняў прабыў у ІЧУ на Акрэсціна, пасля – паўгода ў СІЗА на Валадарскага. Тут ён 29 снежня сустракаў свой 31-ы дзень народзінаў:

«Хлопцы з камеры павіншавалі, прыгатавалі некалькі турэмных тортаў: з бісквітных каржоў, згушчонкі і сухафруктаў. Нейкія салаты. Зрабілі гарбаты, пасядзелі, адзначылі. Было даволі цікава. 10 гадоў таму мой дзень нараджэння таксама прайшоў за кратамі, у Жодзіне, але там было сумна. Перад маім днём нараджэння раскідалі камеру, зрабілі зборную, і ніхто не ведаў, што ў мяне свята. Таму тады гэта быў звычайны дзень з хлебам і гарбатаю. Гэтым жа разам атрымалася ў пэўным сэнсе незабыўна».

Паводле Арцёма, на Валадарскага было някепскае стаўленне адміністрацыі, было відаць, што многія там таксама хочуць пераменаў. Не было праблемаў з ліставаннем, перадачамі і сустрэчамі.

Арцёма Хвашчэўскага судзілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Вырак вынес суд Фрунзенскага раёну Менску 15 студзеня. Год калоніі агульнага рэжыму – менавіта столькі патрабавала дзяржаўная абвінаваўца, памочніца пракурора Аліна Касьянчык.

У пачатку лютага Арцёма перавялі ў следчую турму ў Жодзіна: «Я прыехаў у лютым. У камеры мы спалі па чарзе, бо на ўсіх не ставала спальных месцаў: на 12 чалавек нас было 14–15. У камеры былі тараканы, цвіль на сценах».

Там Арцём прабыў да 21–22 красавіка. Пасля яго накіравалі ў калонію ў Наваполацк. Аднак транзітам яму давялося на 9 содняў заехаць у Віцебскае СІЗА:

«У Віцебску проста жудасная адміністрацыя. Там адносіны вельмі кепскія не толькі да палітычных, але наагул да ўсіх арыштантаў. Ужываюць фізічны гвалт, часта практыкуюць расцяжку, могуць і дручком пабіць. Пры гэтым адводзяць чалавека так, каб ніхто гэтага не пабачыў. Пастаянна абражаюць, прыніжаюць людзей».

Арцём распавядае, што ўсе, хто праходзіць паводле палітычных артыкулаў, вельмі гуртуюцца за кратамі і падтрымліваюць адно аднаго, нягледзячы на рознасць прафесіяў ці ўзрост.

Абавязковы прагляд БТ, праблемы з ліставаннем і шмат чорнай працы

3 траўня Арцём прыехаў у калонію. Прабыўшы тры месяцы, працаваў прыбіральнікам тэрыторыі прамысловай зоны:

«У мяне як палітычнага быў 5-дзённы працоўны графік. У некаторых палітвязняў было 6 працоўных дзён. Звычайныя ж арыштанты працавалі па тры дні на тыдзень. Са мной у калоніі быў Глеб Гатоўка, які праз умовы пачаў адмаўляцца ад працы і таму не вылазіць з ШІЗА».

Арцём кажа, палітычных заўсёды накіроўваюць на кепскую працу, ім забаранялі ліставацца з несваякамі, вельмі рэдка дазваляліся званкі: «За тры месяцы ў мяне было толькі два званкі. Часам на палітвязня вешалі парушэнні рэжыму за ўсё запар, каб закрыць у ШІЗА».У калоніі практыкуецца абавязковы супольны прагляд тэлебачання: у суботы – «Наши новости», у нядзелі – «Контуры». З альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі была толькі газета «Белорусы и рынок».

Даведка
Арцём Хвашчэўскі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Арцём згадвае, як у калонію прыходзілі лісты ад Юрыя Васкрасенскага з прапановаю напісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Такія лісты прыходзілі яшчэ і тады, калі мужчына быў на Валадарскага: «Натуральна, усе адназначна адрэагавалі негатыўна: да гэтага чалавека нельга адносіцца пазітыўна пасля таго, што ён зрабіў. Але ў пачатку чэрвеня ў калонію прыязджаў з прапановай аб памілаванні чалавек з Генпракуратуры. Тады некалькі палітвязняў пагадзіліся на гэта і напісалі. Але большая частка не пісала. Я не пісаў прынцыпова».

За кратамі былі пастаянныя праблемы з ліставаннем. У калоніі наагул забаранілі камунікаваць са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі, толькі з роднымі. Таму Арцём мог там ліставацца і камунікаваць толькі з жонкаю, маці і братам. Больш ні ад каго ён лістоў не атрымліваў:

«Самым складаным для мяне за кратамі была немагчымасць нармальна камунікаваць з жонкай. Яна за мяжою, не размаўляе па-расейску, не магла прыехаць у Беларусь у сувязі з сітуацыяй у краіне. Плюс калі лісты пачалі па 4-5 месяцаў ісці… Родныя не ведаюць, што з табою, ты не ведаеш, што з імі. У лістах мы падтрымлівалі адно аднаго. Я пісаў, што са мной адбываецца, чым я займаюся, які ў мяне настрой. Мама цяжка гэта ўсё перажывала, думаю, ёй было найцяжэй. Мае знаёмыя, сябры спрабавалі яе супакоіць, падтрымлівалі як маглі. Але, думаю, мне было значна прасцей, чым ёй. За кратамі я вывучаў англійскую мову, рабіў фізічныя практыкаванні ў камеры, каб падтрымліваць сябе ў форме».

«Я хачу, каб у Беларусі нарэшце адбыліся перамены»

Сябар Арцёма Хвашэўскага, Арцём Саўчук, застаецца за кратамі: ён адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі. Іх судзілі асобна.

«Я прызнаў, што выходзіў на вуліцу на акцыі, разумеючы на той момант, што я прайграў, бо нашыя суды нелегітымныя. Калі б я гэтага не зрабіў, магчыма, у мяне быў бы тэрмін тры гады. Сябар не прызнаў віны, там яшчэ прывязаліся да таго, што ён прыцягнуў вазок з крамы і ёю нібыта блакаваў дарогу. Гэта расцанілі як актыўны ўдзел у масавых закалотах. Я напісаў яму ліст, але думаю, ён яго яшчэ не атрымаў. Буду спраўджваць праз ягоных бацькоў, буду спрабаваць яшчэ пісаць. Не ведаю, як прынята ў ягонай калоніі, ці будуць яму даходзіць лісты», – кажа Арцём.

Артыкулы
«Метады НКВД нікуды не сышлі з Беларусі». Бацькі палітвязня Арцёма Саўчука – пра сына і прысуд
2021.03.11 18:56

Мужчына выйшаў на волю крыху раней, яму пералічылі тэрмін у СІЗА як дзень за паўтара:

«Ніхто не паведаміў, калі я выходжу, і мне не далі патэлефанаваць родным. У дзень вызвалення мяне вывелі на працу, а 9:00 па мяне прыйшлі і сказалі: «Усё, пойдзем». Нават я даведаўся пра вызваленне за некалькі гадзінаў да выхаду».

Арцём паехаў у Полацк, пазваніў з таксафона маці, брату і сябру. Брат прыехаў машынаю, маці і знаёмыя чакалі ў Менску каля пад’езду, сустрэлі з шампанскім.

«Я абсалютна ні пра што не шкадую. Я нічога кепскага не зрабіў: я рабіў тое, што лічу патрэбным. Я выходзіў на вуліцу супраць фальсіфікацыяў і несправядлівасці, не наносіў ніякай шкоды. Шкадаваць цяпер бязглузда», – адзначае Арцём.

Бліжэйшым часам мужчына плануе вяртацца да працы: «Мне далі яшчэ час крыху адпачыць і ўвайсці ў рытм. З 11 верасня вяртаюся на працу. Пакуль мяне не было, мая жонка выконвала некаторыя абавязкі за мяне. Дзякуючы гэтаму, пэўна, я не страціў працы».

Напярэдадні выбараў Арцём сачыў за тым, што адбываецца ў Беларусі, перажываў за гэта: «Я хачу, каб у Беларусі нарэшце адбыліся перамены, каб краіна змянілася і пайшла ў больш цывілізаваны бок, чымся цяпер. Мне гэта баліць. І я хацеў бы падзякаваць усім, хто пісаў мне лісты, за падтрыманне. Гэта надзвычай важна. Дзякуючы гэтаму разумееш, што ўсё было недарма».

Гісторыі
«Мама, я вытрымаю. Ты, галоўнае, не плач». Размова з сям’ёю палітвязня Арцёма Хвашчэўскага
2021.03.07 08:00

СП belsat.eu

Стужка навінаў