За тыдзень судовага разгляду справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» сапраўднай змовы не выявілася


З 29 ліпеня Менскі абласны суд разглядае так званую справу «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады». Першапачаткова суд меў адбывацца ў закрытым рэжыме, але нечакана суддзя падтрымаў хадайніцтва палітвязня Аляксандра Фядуты і зрабіў разгляд справы адкрытым. «Белсат» сабраў інфармацыю, што ж адбывалася на паседжаннях на працягу тыдня.

Менскі абласны суд пачаў разгляд «cправы аб дзяржаўным перавароце». Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

У так званай справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» абвінавачваюць 10 асобаў. Але за кратамі толькі пяцёра чалавек, якіх і судзяць. Гэта Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. КДБ таксама абвінавачвае ў гэтай справе Дзмітрыя Шчыгельскага, Аляксандра Перапечку, Паўла Кулажанку, Віталя Макаранку і Ігара Макара. Але гэтыя асобы застаюцца за мяжой і на волі.

Пяцярых абвінавачаных затрымалі летась у красавіку, з таго часу яны за кратамі. Вядома, што Юрася Зянковіча абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варажнечы»). Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва вінавацяць паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). А Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Пасля арыштаў Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты ў Маскве Лукашэнка заявіў, што змоўнікі распрацоўвалі некалькі сцэнароў «дзяржаўнага перавароту» ў Беларусі. Першапачаткова яны нібыта планавалі ліквідацыю Лукашэнкі на парадзе 9 траўня. Але паколькі рэалізацыя такога сцэнару была складанай, яны адмовіліся ад гэтага і вырашылі ўчыніць напад на картэж. Дзеля гэтага яны набылі і прывезлі ў Беларусь гранатамёты. Але і гэты сцэнар стаў немагчымым, бо аўтамабілі ў картэжы рухаюцца даволі хутка і трапіць у іх з гранатамёта вельмі складана. Таму абралі трэці варыянт – напад на загарадную рэзідэнцыю Лукашэнкі. І на гэтыя мэты нават вылучылі 10 мільёнаў долараў, а на снайпера – 1 мільён долараў. Праўда, Лукашэнка не сказаў, хто вылучыў грошы і каму яны паступілі.

Hавiны
Лукашэнка агучыў версію планаванага «дзяржперавароту ў Беларусі»
2021.04.24 19:11

Пазней пасля гэтых выказванняў беларускае дзяржаўнае тэлебачанне паказала фільм пад назвай «Забіць прэзідэнта». Фільм стварылі на падставе матэрыялаў КДБ. Аўтары распавядаюць, што здзейсніць дзяржаўны пераварот у Беларусі хацелі ЦРУ, ФБР і Злучаныя Штаты ў цэлым. За тыдзень судовага разгляду гэтай справы пакуль такіх заяваў і словаў не прагучала.

Менскі абласны суд пачаў разгляд «справы аб дзяржаўным перавароце». На фота: Аляксандр Фядута. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Меркавалася, што разгляд справы, які праходзіць у Менскім абласным судзе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Арэшкі, будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. Але 29 ліпеня раптам паседжанне зрабілі адкрытым. Дзякуючы гэтаму і вядома, што робіцца на судзе.

На працягу тыдня ў судзе зачыталі абвінавачанні, дапыталі фігурантаў справы і пачалі допыт сведкаў.

Вядома, што Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук прызналі сваю віну. У справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» яны праходзяць як асобы, якія атрымлівалі грошы ад Юрася Зянковіча і пакідалі іх у вызначаных месцах.

Менскі абласны суд пачаў разгляд «справы аб дзяржаўным перавароце». На фота: Юрась Зянковіч. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Аляксандр Фядута сваю віну прызнаў часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачанні матывамі. Рыгор Кастусёў віны не прызнаў. Палітык заявіў, што браў удзел у онлайн-канферэнцыях «змоўнікаў» як слухач. А вось Юрась Зянковіч, як стала вядома на чацвёрты дзень разгляду справы, цалкам прызнаў сваю віну яшчэ на этапе папярэдняга расследавання. Мала таго, палітык падпісаў пагадненне са следствам, у якім агучыў чыстасардэчнае прызнанне і заявіў, што абавязваецца дапамагаць у расследаванні і выкрыць усіх удзельнікаў злачынства. У адпаведнасці з беларускім законам, Зянковічу не можа быць прызначанае пакаранне большае за палову максімальнага.

Падчас разгляду справы стала вядома, што ўдзельнікі так званай змовы ладзілі онлайн-сустрэчы, падчас якіх абмяркоўвалі магчымасці змены ўлады ў Беларусі. На сустрэчах гучала, што аксамітная рэвалюцыя нашай краіны не пасуе. Таму абмяркоўвалі, што змена ўлады ў краіне можа прайсці сілавым шляхам. Прынамсі такую пазіцыю займалі Дзмітрый Шчыгельскі і Юрась Зянковіч.

Менскі абласны суд пачаў разгляд «справы аб дзяржаўным перавароце». На фота: Рыгор Кастусёў. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

У зале суда таксама стала вядома, што працаўнікі КДБ сачылі за ўдзельнікамі онлайн-размоваў. Пазней сілавікі прадстаўляліся вайскоўцамі, якія жадаюць далучыцца да змоўнікаў і прапанавалі перанесці сустрэчы з сеціва. Гэтак, у выніку, Юрась Зянковіч сустрэўся з «сілавіком» Аляксеем Жураўскім. Апошні пераконваў палітыка ў тым, што шмат сілавікоў жадаюць стаць на бок народу і казаў, каб Юрась Зянковіч вёў перамовы пра захоп улады ў Беларусі з прадстаўнікамі амбасады ЗША.

Варта адзначыць, што Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў за час няволі моцна страцілі здароўе. У Фядуты абвастрылася падагра і мігальная арытмія, а ў Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне. З гэтай прычыны абвінавачаныя инфармуюць суддзю пра кепскае самаадчуванне і просяць перанесці разгляд справы. Звычайна суддзя ідзе насустрач такім зваротам. Наступнае судовае паседжанне ў справе адбудзецца ў панядзелак 8 жніўня а 10-й раніцы.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў