«Як мёртваму паможа». У Мінэканомікі распавялі, як ратуюць эканоміку. У эканаміста іншая выснова


Міністэрства эканомікі Беларусі апублікавала 22-старонкавую справаздачу «Захады падтрымання эканомікі, бізнесу і насельніцтва». Але незалежны эканаміст Уладзімір Кавалкін лічыць распісаныя меры неэфектыўнымі, асабліва ў сённяшняй сітуацыі.

Уладзімір Кавалкін.
Фота: people.onliner.by

«Мы сабралі ў адной публікацыі ўсе прынятыя ключавыя захады падтрымання эканомікі і насельніцтва ва ўмовах дзеяння санкцыйных абмежаванняў з боку недружалюбных дзяржаваў», – заяўляюць у ведамстве, прадстаўляючы сваю справаздачу.

Апублікаваны ведамствам бюлетэнь змяшчае асноўныя рашэнні, прынятыя на ўзроўні Аляксандра Лукашэнкі, Савету Міністраў і Аператыўна-сітуацыйнага штабу пры ўрадзе. Як заяўляецца, яны «сканцэнтраваныя на пяці прыярытэтных і актуальных кірунках»:

  • падтрыманне экспарту праз пашырэнне крэдытавання экспарцёраў і зніжэнне мыта для імпартных тавараў пры вытворчасці на экспарт;
  • выбудоўванне новых транспартна-лагістычных ланцужкоў;
  • стымуляванне імпартазамяшчэння;
  • лібералізацыя ўмоваў гаспадарчай дзейнасці;
  • устойлівасць рынку працы і сацыяльная абарона насельніцтва.

У Міністэрстве эканомікі кажуць, што гэтыя захады павінны вырашыць дзве стратэгічныя задачы: знівеляваць уплыў санкцыяў на насельніцтва і забяспечыць стабільную працу прадпрыемстваў. Як вынік, кажуць у міністэрстве, палепшыцца макраэканамічная дынаміка і адновіцца рост ВУП у другім паўгоддзі 2022 года, а таксама будзе забяспечаная занятасць насельніцтва, павысіцца прадукцыйнасць працы, і вырастуць заробкі.

Чым хваліцца Мінэканомікі

Апублікаваныя захады, якімі Міністэрства эканомікі хваліцца ў сваім бюлетэні, не ёсць новымі. Збольшага гэта пералік разнастайных указаў, пастановаў і рэкамендацыяў, якія былі прынятыя цягам усяго 2022 года і так ці інакш закранаюць эканамічную дзейнасць. Самыя познія з іх пачалі дзеяць больш за месяц таму – 29 чэрвеня, а некаторыя – яшчэ з 1 студзеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны офіс «Беларусбанку» ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Сам бюлетэнь быў апублікаваны 1 жніўня – у дзень, калі перастаў дзеяць адзін з апісаных у ім захадаў: часовая забарона на вываз рысу, крупаў, макароны і мукі. На думку чыноўнікаў, гэта мусіла спрыяць развіццю ўнутранага рынку і ўтварэнню коштаў. Днямі, 17 жніўня, скончыцца і часовае ліцэнзаванне вывазу цукру з краіны.

Яшчэ шэраг захадаў перастануць дзеяць з новага года. Сярод іх:

  • змены ў дзяржзакупах;
  • перанос тэрмінаў абавязковага выкарыстання касавага абсталявання;
  • скарачэнне тэрмінаў разгляду дакументаў для сертыфікацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці;
  • працяг тэрмінаў шэрагу інвестпраектаў;
  • аптымізацыя рэгістрацыі медычных вырабаў і лекаў.

«Спосаб паспрабаваць паказаць нейкія дзеянні»

У каментары «Белсату» Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду», назваў бюлетэнь Мінэканомікі добрым аглядам таго, што робіцца. Але, падкрэсліў ён, апісаныя захады не развязваюць ніякіх праблемаў.

«Гэта спосаб паспрабаваць паказаць нейкія дзеянні для аблягчэння вядзення бізнесу ў краіне на тле немагчымасці паўплываць на рэальную прычыну. Там шэраг захадаў, звязаных з адміністратыўнымі працэдурамі, у духу «Мы вам хутчэй усё аформім». Трошкі дадаць грошай на экспартныя аперацыі і тым самым падтрымаць экспарт, які падае з прычыны санкцыяў. І агулам на гэтым усё», – сказаў Уладзімір Кавалкін.

Эканаміст адзначыў, што праблемы беларускай эканомікі на сёння звязаныя не з адміністратыўнымі працэдурамі, а з санкцыямі і немагчымасцю крэдытавацца на міжнародных рынках. Замест гэтага, на думку Уладзіміра Кавалкіна, «улады спрабуюць з увагі на сітуацыю ў ручным рэжыме нешта мяняць».

«Падазвалялі шмат чаго, што дазваляць нельга»

Асобна эканаміст адзначыў змены, якія датычаць дзяржзакупаў:

«З аднаго боку, яны пашыраюць поле для карупцыі, а з іншага – зразумела, чаму гэта адбываецца: бо ніхто не хоча працаваць з Беларуссю. Відавочна, што і так невялікая колькасць пастаўнікоў будзе і надалей памяншацца. Таму яны падазвалялі шмат чаго, што дазваляць нельга. Яны гэта называюць лібералізацыяй, хоць гэта будзе весці да росту карупцыі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пункт абмену валюты ў гандлёвым цэнтры ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Але ў цэлым, заявіў кіраўнік праекту «Кошт ураду», у сабраных захадах не відаць нічога, што звязана «з рэструктурызацыяй эканомікі, з разуменнем доўгатэрміновых перспектываў – лакальныя рэакцыі на лакальныя праблемы».

«Лекуюць рак аспірынам»

Уладзмімір Кавалкін падкрэсліў, што праблемы ў эканоміцы ўпіраюцца ў Лукашэнку, які «развязаў вайну супраць уласнага народу і працягвае праводзіць рэпрэсіі, і за гэта ён атрымлівае санкцыі».

«А яшчэ большыя санкцыі ён атрымлівае таму, што ёсць памагатым Пуціна ў агрэсіі супраць Украіны. Вось тут прычына», – заявіў эксперт.

Пры гэтым суразмоўца параўнаў дзеянні Мінэканомікі са спробамі «лекаваць рак аспірынам». Паводле яго, тыя рэчы, на якія можа паўплываць міністэрства, не развязваюць кораню праблемаў, які звязаныя з тым, што робіць Лукашэнка.

«Усе гэтыя дробныя спрашчэнні працэдураў, дробная магчымасць дзесьці падтрымаць экспарт, які істотна прасеў, добрыя на этапе, калі эканоміка расла-расла і перастала расці. Неяк падбадзёрыць эканамічную актыўнасць гэтымі захадамі можна. А ў нашай сітуацыі – гэта як мёртваму паможа», – робіць выснову Уладзімір Кавалкін.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў