Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 жніўня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 163-і дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 41 650 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Падраздзяленні Узброеных сілаў РБ ажыццяўляюць узмоцненую ахову беларуска-ўкраінскай мяжы ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях. Таксама адзначаецца, што ў часцях сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі праводзіцца праверка баявой гатовасці.

На сіверскім кірунку расейцы абстралялі цывільную інфраструктуру ў ваколіцах населеных пунктаў Залізны Міст, Гай, Грамяч і Міхальчына Слабада Чарнігаўскай вобласці і Старыкова Сумскай вобласці.

На суседнім харкаўскім кірунку расейскія войскі абстралялі з артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Баршчова, Карабочкіна, Вялікія Прыходы, Рускія Цішкі, Стары Салтаў, Прышыб, Цыркуны, Масьпанава і Безрукі.

На славянскім кірунку абстрэлы былі зафіксаваныя каля Багародзічнага, Мазанаўкі, Гусараўкі, Адамаўкі, Курулькі, Храстышча, Сулігаўкі, Даўгенькага і Вялікай Камішувахі.

На краматорскім кірунку былі здзейсненыя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Сіверску, Мікалаеўкі, Старадубаўкі, Спірнага, Крывой Лукі, Верхнякаменскага, Грыгораўкі, Серабранкі, Райгарадку і Каленікаў. На суседнім бахмуцкім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя і наступальныя дзеянні з мэтаю паляпшэння тактычнага становішча і стварэння спрыяльных умоваў для авалодання Бахмутам і Салядарам.

Акрамя гэтага акупацыйныя сілы абстралялі з артылерыі ваколіцы населеных пунктаў Якаўлеўка, Кодзема, Пакроўскае, Раздолаўка, Вяршына, Бахмут і Салядар. На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзяць штурмавыя дзеянні, баі працягваюцца.

Былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у сваім тэлеграм-канале паведамляе, што населены пункт Піскі амаль цалкам захоплены расейцамі, а Мар’інка – на дзве трэція.

Таксама былі абстраляныя ваколіцы населеных пунктаў Піскі, Прачыстаўка, Шаўчэнка, Валадзіміраўка, Невельскае, Новабахмутаўка, Няйталава і Краснагораўка.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках актыўныя баявыя дзеянні не праводзіліся. Расейскія абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Кансцянцінопаль, Залізнічнае, Варвараўка, Урэмаўка, Мар’інка, Гуляйполе, Гуляйпольскае, Малыя Шчарбакі, Цяміраўка і Белагор’е.

На паўднёвабужскім кірунку акупанты засяродзіліся на ўтрыманні занятых пазіцыяў і правядзенні паветранай выведкі з дапамогай беспілотнікаў

Акрамя гэтага яны абстралялі ваколіцы населеных пунктаў Мікалаеў, Луч, Ліманы, Новая Зара, Новамікалаеўка, Кобзарцы, Любаміраўка, Кісялёўка, Андрэеўка, Лазавое, Белагорка, Асакораўка, Пацёмкіна і Зялёны гай.

Таксама расейцы нанеслі ракетны ўдар па інфраструктурным аб’екце ў ваколіцах населенага пункту Мікалаеўка Адэскай вобласці.

Тым часам кіраўніка створанай акупантамі часовай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзіміра Сальда, імаверна, атруцілі. Учора яго пераправілі з больніцы на Херсоншчыне ў адну з медустановаў Крыму. Сёння Сальду стала горш, яго падключылі да штучнай вентыляцыі лёгкіх і ўвялі ў кому. У такім стане яго пераправяць на лекаванне ў Маскву.

Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй

Эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) выказалі меркаванне, што Украіна ўпершыню пачала актыўна вызначаць хаду вайны. Цяпер яна захоплівае стратэгічную ініцыятыву і вымушае Расею пераразмяркоўваць сілы і мяняць прыярытэты ў адказ на ўкраінскія контрнаступальныя аперацыі.

У прыватнасці, цяпер расейскія войскі ўсё часцей перакідаюць асабовы склад і тэхніку ў Херсонскую і Запарожскую вобласці на шкоду сваім намаганням у захопе Славянску і Сіверску, ад якіх яны, здаецца, адмовіліся, мяркуюць аналітыкі. Расейскія сілы таксама пераразмяшчаюць ваенную тэхніку ў Крым з іншых частак Украіны.

Раней расейскія сілы ўжо адводзілі або прыпынялі наступальныя аперацыі на Харкаў і паўднёвую вось, каб зрабіць прыярытэтным захоп Луганскай вобласці. Але тады яны рабілі гэта з уласнай ініцыятывы, праз змены прыярытэтаў камандавання.

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў пра мабілізацыю на тэрыторыях вобласці, занятых Расеяй. Адзначаецца, што ў шэрагу гарадоў Луганшчыны, што перайшлі пад кантроль Расеі, мясцовым жыхарам раздаюць позвы проста на вуліцах, а на прадпрыемствах патрабуюць спісы працаўнікоў.

Тым часам выданне «Вёрстка» сумесна з фондам «Русь Сидящая» высветліла, што вярбоўшчыкі ад так званай ПВК Вагнэра наведалі як мінімум 17 калоніяў у 10 рэгіёнах Расейскай Федэрацыі. У першую чаргу, рэкруцёры праяўляюць цікавасць да асуджаных па артыкулах аб забойствах і разбоі. У выніку прапановы прыняць удзел у вайне супраць Украіны прынялі больш за тысячу зняволеных. Акрамя таго, на базе адной з установаў, мяркуючы па паведамленнях асуджаных і іх сваякоў, арганізаваны пункт спецыяльнай падрыхтоўкі, дзе тыя, хто пагадзіўся адправіцца на вайну, праходзяць своеасаблівыя вучэнні па 20 гадзін у дзень.

СБУ паведаміла пра затрыманне былога супрацоўніка Мінабароны Украіны, якога падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. Мяркуецца, што былы намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны ў званні генерал-маёра перадаваў расейскім спецслужбам інфармацыю з грыфамі «сакрэтна» і «зусім сакрэтна». Яго выкрылі і затрымалі неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Падчас вобшуку на працоўным месцы мужчына спрабаваў забіць з пісталета Макарава супрацоўнікаў следча-аператыўнай групы СБУ.

Міністр інфраструктуры Аляксандр Кубракоў паведаміў, што ранкам 5 жніўня тры судны з украінскім збожжам пакінулі парты і накіраваліся ў бок Стамбулу марскім гуманітарным калідорам. Агулам гэтыя судны маюць на борце больш за 58 тысяч тонаў кукурузы.

«Прапагандысцкая спецаперацыя». Навошта Расея выстаўляе байцоў палка «Азоў» людажэрамі?

BK belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату