ПВК Вагнэра набрала больш за тысячу расейскіх вязняў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны


Выданне «Вёрстка» сумесна з фондам «Русь Сидящая» высветліла, што вярбоўшчыкі ад так званай ПВК Вагнэра пабывалі ўжо як мінімум у 17 калоніях у 10 рэгіёнах Расейскай Федэрацыі.

Як піша «Вёрстка», прапановы прыняць удзел у вайне супраць Украіны прынялі больш за тысячу зняволеных. Акрамя таго, на базе адной з устаноў, мяркуючы па паведамленнях асуджаных і іх сваякоў, арганізаваны пункт спецыяльнай падрыхтоўкі, дзе тыя, хто пагадзіўся адправіцца на вайну, праходзяць своеасаблівыя вучэнні па 20 гадзін у дзень.  

Па звестках выдання, якія былі пацверджаны крыніцамі ўнутры калоніяў, часцей за ўсё рэкруцёры ПВК бывалі ў калоніях строгага рэжыму – такіх 14 з 17. Пры гэтым адна з іх прызначана для былых работнікаў судоў і праваахоўных органаў. У двух выпадках вярбоўшчыкі наведвалі калоніі агульнага рэжыму і толькі ў адным выпадку – калонію асаблівага рэжыму. 

У першую чаргу, рэкруцёры праяўляюць цікавасць да асуджаных па артыкулах аб забойствах і разбоі. 

Як мінімум у двух калоніях, мяркуючы па паведамленнях, якія паступаюць праваабаронцам, на асуджаных, якія пагадзіліся ваяваць, але потым перадумалі, цяпер аказваюць ціск і адпраўляюць іх у штрафныя ізалятары. 

Каментар
Як расейскіх зэкаў вярбуюць на вайну: гарматнае мяса за € 3000
2022.07.12 15:31

Па версіі праваабаронцаў, тых, хто згаджаецца, адпраўляюць этапам да Растоўскай вобласці, а кантракт аб працы ў ПВК заключаюць толькі пасля праходжання падрыхтоўкі.

Па дадзеных праваабаронцаў, ужо 12 асуджаных патрапілі ў шпіталь у Луганску з баявымі раненнямі. Усе яны праходзяць лячэнне пад пазыўнымі. Яшчэ як мінімум пяцёра, паводле інфармацыі «Руси сидящей», загінулі. 

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў