Лукашэнка шукае новых Озвалдаў

Рэжым прапаноўвае палякам, літоўцам і латышам замяніць свабоду на рабства. Ці знойдуцца ахвотныя?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Спрасціць працэдуру атрымання беларускага грамадзянства для палякаў, літоўцаў і латышоў! Гучна загадаў Аляксандр Лукашэнка і, вядома ж, дадаў, што такая прывабная прапанова датычыць не ўсіх ахвотных, а толькі тых, хто будзе «працаваць, жыць па-беларуску». Хутчэй за ўсё, дыктатар меў на ўвазе «жыць па-лукашэнкаўску», паводле ягоных прынцыпаў і бачання жыцця.

Чэргаў па пашпарты пад беларускімі пасольствамі ў Варшаве, Вільні ці Рызе не відаць, а Лукашэнка ўжо паставіў варункі і выключыў тых, хто хацеў бы прыехаць у Беларусь, але жыць па-польску, па-літоўску і па-латышску. Не, Беларусі такіх не трэба. Не трэба нейкіх там польскіх ці літоўскіх школаў, ідзіце ў тыя, што ёсць, расейскія. Не трэба тут ніякіх Саюзаў палякаў, саюз можа быць толькі адзін – савецкі. Але ж, на жаль, гэта далёка не галоўная прычына непрывабнасці сённяшняй Беларусі.

Давайце паедзем на саванну, зловім там ільва і спытаем яго: паедзеш жыць у наш заапарк? Не хочаш? Чаму? Тут жа так добра, сонейка свеціць, есці даюць паводле раскладу, будзеш мець новых сяброў. Нават будзеш хадзіць дзе заўгодна і колькі захочаш. Дзе заўгодна, але за кратамі. Відавочна, Лукашэнка думае, што свабода – гэта неістотны нюанс. І, бадай, сапраўды не ведае, як жывуць суседзі. Складана ўявіць, што пасля больш чым трыццаці гадоў жыцця ў свабодным дэмакратычным грамадстве, дзе няма фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсіяў і палітычных вязняў, знойдуцца ахвотныя перабрацца ў лагер Лукашэнкі. А ёсць жа і іншы фактар – узровень жыцця, які ў суседніх краінах Еўразвязу значна вышэйшы. Сярэдні заробак у Польшчы – 4760 злотых «на рукі« (1050 еўраў), Літве – каля 1000 еўраў, Латвіі – 950 еўраў. Таму пры пераездзе ў Беларусь жыхары гэтых краінаў мусяць не толькі ахвяраваць сваёй свабодай і прыстасавацца да новых таталітарных парадкаў, але і новага, значна сціплейшага жыцця. Яны не паедуць прынамсі раз на год адпачываць за мяжу. Не купяць новага аўта, а будуць бясконца рамантаваць старое. Не набудуць дзялкі зямлі ці лесу, бо прыватнай уласнасці таксама няма. Нібыта ёсць, але паводле дамовы ты не ўласнік, а толькі арандатар зямлі. І трэба памятаць, што дзяржава можа ўсё, ты – нічога. Ці шмат знойдзецца ахвотных?

Лі Гарві Озвалд. Крыніца: wikipedia.org

Былі такія прыклады ў гісторыі. Лі Гарві Озвалд некалі перабраўся з ЗША ў Савецкі Саюз, жыў у Менску і там ажаніўся. Станіслаў Шушкевіч, які працаваў з ім на Менскім радыёзаводзе і вучыў расейскай мове, распавядаў мне, што Озсвалду далі найлепшы заробак, знайшлі кватэру. Маўляў, іншыя рабочыя абураліся, але ўсё разумелі і маўчалі. А Озвалд пакаштаваў савецкай рэчаіснасці і вярнуўся ў ЗША. Здабыў сусветную вядомасць як падазраваны ў забойстве Джона Кенэдзі. Да суда не дажыў, падчас траспартавання ў іншую турму быў смяротна паранены ўладальнікам начнога клубу Джэкам Рубі 24 лістапада 1963 года, праз два дні пасля смерці амерыканскага прэзідэнта. Да канца не вядома, навошта паехаў у Савецкі Саюз і чаго там шукаў, але ў тыя часы здараліся такія сітуацыі. Ставала дзівакоў, якія захапляліся камуністычнай ідэалогіяй і ахвяравалі ёй сваё папярэдняе жыццё. Свабоду пачыналі лічыць рабствам, а рабства – свабодай.

Лукашэнка не мае сваёй уласнай ідэалогіі і адзінае, што можа прапанаваць, – рабства. І мяркуе, што гэтага хопіць, каб у сённяшняй Польшчы ці краінах Балтыі знайсці новых Озвалдаў.

Руслан Шошын для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў