Беларускія гандбольныя клубы шукаюць варыянты абыходу санкцыяў. І ўжо прыдумалі некалькі спосабаў


Пасля пачатку вайны ва Украіне супраць федэрацыяў гандболу Беларусі і Расеі міжнародныя структуру ўвялі санкцыі: 28 лютага было заяўлена, што клубам і зборным усіх узростаў забаронена браць удзел у спаборніцтвах пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі гандболу. У чэрвені забарону працягнулі яшчэ на год. Федэрацыі гэтых краінаў шукалі варыянты абыходу забаронаў і прыдумалі альтэрнатыўныя рашэнні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чэмпіянат Еўропы па гандболе сярод мужчын (EHF 2022). Гуляюць Беларусь супраць Польшчы. На здымку – паляк Патрык Вальчак (злева) і беларус Вячаслаў Бохан (справа). Браціслава, Славакія. 16 студзеня 2022 года.
Фота: Radovan Stoklasa / Reuters / Forum

Гуляць у еўрапейскай лізе, якую стварыў «Газпром»

Расейскія і беларускія каманды згулялі паміж сабою некалькі таварыскіх турніраў і пастанавілі ў гэтым напрамку ісці далей. Федэрацыі гандболу Беларусі і Расеі працавалі над стварэннем супольнага турніру, што меўся абʼяднаць па чатыры каманды з гэтых краінаў і стартаваць узімку. Але ў выніку пастанавілі іначай. Федэрацыі гандболу Расеі (ФРГ) і Беларусі (БФГ) падпісалі пагадненне з Паўднёва-ўсходняю гандбольнаю лігай (СЭГА-ліга). Плануецца, што ад кожнай краіны ў новым турніры возьмуць удзел па чатыры каманды – найлепшыя па выніках сезону – 2021/2022 клубы нацыянальных чэмпіянатаў. Старт новага сезону запланавалі на 30 верасня. Але фішка ў тым, што нават у гэтай лізе беларусы і расейцы здолеюць гуляць толькі паміж сабою, для іх стварылі так званы ўсходні дывізіён. У «еўрапейскай групе» турніру, які спансаруе «Газпром», выступаюць 7 камандаў – з Сербіі, Харватыі, Паўночнай Македоніі, Славаччыны. Яны ўжо правялі першыя гульні.

Запрасіць у чэмпіянат клубы з Кітаю

Такі варыянт прыдумалі ў жаночым чэмпіянаце Расеі. У турніры выступіць адмыслова створаная кітайская каманда, якія атрымала назву «Фенікс». А мужчынскі чэмпіянат Беларусі па гандболе ўпершыню будзе адкрыты: як стала вядома 4 жніўня, у ім выступіць каманда з Кітаю – «Бусел Кітаю». Фактычна гэта каманда з кітайскіх студэнтаў, якія навучаліся ў Еўропе. Некалькі сезонаў таму каманда Пекінскага ўніверсітэту гуляла ў СЭГА-лізе і прагуляла ўсе свае гульні. Кітайскі гандбол мае аматарскі ўзровень, але цяпер для федэрацыі Расеі і Беларусі гэта не галоўнае, самае важнае – паказаць, што санкцыі бʼюць не так балюча.

Аляксандр Апейкін: Запрашэнне кітайскай каманды – сведчанне поўнага заняпаду беларускага гандболу

«Белсат» папрасіў пракаментаваць запрашэнне кітайскага клубу ў беларускі чэмпіянат былога кіраўніка менскага клубу «Віцязь», а цяпер выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна.

«Для мяне гэта прафанацыя і здзек з беларускага гандболу. Бо я папросту не магу зразумець логікі: гэта нешта дае чэмпіянату ці гэта PR-крок? Спрабую знайсці разуменне, для чаго гэта, мо гэта нейкая дыпламатычная гульня. І самае галоўнае – зʼяўленне гэтага клубу не ўзмацняе чэмпіянату, гэта вельмі слабая каманда, якая зойме апошняе альбо перадапошняе месца. Гэта прафанацыя, якая ні на што не ўплывае. Можа, яны разлічваюць, што можна будзе права трансляцыі гэтага клубу прадаваць у Кітай ці зацікавіць букмекераў?» – задаецца пытаннем Аляксандр Апейкін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуска Лілія Арцюховіч (злева), левы паўсярэдні клуба «БНТУ-БелАЗ», і немка Алісья Штоле (справа) на гандбольным матчы ў Нямеччыне. 25 верасня 2019 года.
Фота: xEIBNER / RolandxSippelx EPRSL / East News

Былы кіраўнік сталічнага «Віцязя», клубу, які падтрымаў беларусаў у 2020-м і за гэта быў зліквідаваны, адзначае, што Федэрацыя гандболу Беларусі проста не выконвае сваіх заданняў: «Звернем увагу на наступнае. Кітайская каманда робіцца сёмаю камандаю чэмпіянату, то бок у чэмпіянаце гулялі шэсць камандаў. Пра які гандбол можна казаць? Гандбол – гэта вельмі танны від спорту, ён побач не стаіць з хакеем і футболам. Таму ён вельмі папулярны ў Еўропе, для яго шмат не трэба – зала, мячы, гульцы. Але аказваецца, што ў Беларусі няма рэсурсаў не толькі на яшчэ адзін дывізіён, яны не могуць стварыць нават уласнай сёмай каманды ў чэмпіянаце. На ўсю Беларусь мы маем толькі шэсць клубаў. Запрашэнне кітайскай каманды – сведчанне поўнага заняпаду беларускага гандболу. Гэта ілюзія, што чэмпіянат Беларусі камусьці цікавы. Ён нікому не цікавы».

Самы магутны ўдар

Наймацней на сабе санкцыі адчуў чэмпіён Беларусі – «Мяшкоў» (Берасце). Гэты клуб добра жыў на расейскія грошы ды ўваходзіў у эліту еўрапейскага клубнага гандболу. У Берасце кожны год прыязджалі найлепшыя клубы свету. Пакуль ва Украіне не пачалася вайна. Дарэчы, гульцы каманды ніяк не выказалі сваёй пазіцыі ні ў жніўні 2020-га, ні ў лютым 2022-га. Быццам усё гэта іх не датычыла.

У выніку клуб адхілілі ад удзелу ў Лізе чэмпіёнаў, трэнерскі штаб і гульцы з пашпартамі ЕЗ пакінулі каманду. На змену ім БГК падпісаў адразу пяцёх расейцаў.

Калі раней мяшкоўцы рыхтаваліся да сезону ў Еўропе і гулялі з найлепшымі еўрапейскімі клубамі, то цяпер такой магчымасці няма. Каманда рыхтуецца ў Беларусі.

Але пры гэтым у планах берасцейскага клубу, акрамя чэмпіянату і Кубка Беларусі, значыцца міжнародны турнір – СЭГА-ліга – «Паўднёвая плынь». У планах арганізатараў – дагуляць мінулы сезон, якога не скончылі праз каронавірус. Гэтак, напрыклад, у «Мяшкова» (Берасце) на 25 жніўня запланаваны выезд у Біталу на гульню супраць «Эўрафарму» з Паўночнай Македоніі. У ЕГФ ніяк не адрэагавалі на гэта, звычайна еўрапейскія федэрацыі ў такіх выпадках не рэкамендуюць чальцам сваіх арганізацыяў праводзіць падобных гульняў.

Чэмпіёна Украіны падтрымала Нямеччына

Затое ЕГФ не дапусціў найлепшага клубу Украіны – «Матор» – да Лігі чэмпіёнаў. Адна з прычынаў – вайна. Але еўрагандбольныя чыноўнікі абяцалі запрасіць украінскі клуб у чэмпіёнскую лігу налета. Салідарызаваўся з украінцамі Нямецкі гандбольны звяз, які запрасіў запарожскі клуб у свой чэмпіянат, значна мацнейшы за ўкраінскі. Гандбалісты запарожскага «Матора» наступны сезон правядуць у другой нямецкай Бундэслізе, а размесцяцца ў Дусэльдорфе.

АС belsat.eu

Стужка навінаў