Прымусовая вакцынацыя ў Беларусі: даплаты, пагрозы, звальненні і патрабаванні

Афіцыйна ў нашай краіне поўны курс вакцынацыі ад каронавіруса прайшлі крыху болей за мільён асобаў. Агулам гэты паказнік не дасягае нават 10 %. У параўнанні з суседняй Еўропай, дзе прышчапіліся амаль 50 % грамадзянаў, вынікі даволі сціплыя. Таму ўлады Беларусы выкарыстоўваюць бізун і пернік, каб заахвоціць людзей зрабіць прышчэпку.

Міністэрства здароўя Беларусі паведамляе, што першую дозу вакцыны супраць COVID-19 атрымалі 1,408 млн грамадзянаў краіны. З гэтага ліку больш за 1,016 млн асобаў прайшлі поўны курс вакцынацыі, гэта ўсяго 9,11 % беларусаў.

Улады імкнуцца павялічыць гэты паказнік. На некаторых прадпрыемствах нават заахвочваюць людзей зрабіць прышчэпку. Гэтак, у якасці перніка працаўнікам МТЗ за наяўнасць сертыфікату аб вакцынацыі заплоцяць 80 рублёў.

Падобнае было і на фабрыцы «Камунарка».

«Пасля поўнай вакцынацыі прыносім дакумент і пішам заяву на матэрыяльнае заахвочванне памерам 100 рублёў. Прычым прышчэпку можна зрабіць як на прадпрыемстве, гэтак і ў любой паліклініцы. Але заахвочванне выплацяць не ўсім. Кіраўніцтва кажа, што грошай не хоць кожнаму, толькі тым, хто зробіць прышчэпкі ў першых шэрагах», – распавёў «Белсату» працаўнік прадпрыемства.

Цэнтр вакцынацыі ў ГЦ «Экспабел». Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года. Фота: АК / Белсат

Ажно 150 рублёў прэміі вакцынаваным выплочвалі на Барысаўскім заводзе медычных прэпаратаў. Але акцыя хутка завершылася, і замест перніка пачалі ўжываць бізун, кажа працаўнік прадпрыемства.

«Прэмію дадуць толькі тым, хто прышчапіўся да 22 ліпеня ўключна. Больш гэтая выплата ажыццяўляцца не будзе. А цяпер людзям, якія не прышчапіліся, проста не будуць працягваць кантрактаў. Хацелася б нагадаць, што згодна з арт. 45 Закону РБ «Аб ахове здароўя», пацыент мае права адмовіцца ад правядзення прышчэпак», – кажа працаўнік прадпрыемства.

Прымусовая вакцынацыя. Фота: чытачы «Белсату»

Цяпер працаўнікі заводу распавядаюць, што тым, хто не зрабіў прышчэпкі, пагражаюць не працягнуць кантракту, адмаўляюцца падпісаць заявы на адпачынак за свой рахунак, пазбаўляюць выплатаў і іншых матэрыяльных узнагародаў.

І сапраўды, паводле чытачоў «Белсату» ўлады і кіраўніцтва шмат якіх прадпрыемстваў і ўстановаў з усёй краіны часцей выкарыстоўваюць бізун, чым пернік.

«Вакцынавацца ўсіх працаўнікоў таксама прымушаюць ва ўніверсітэце ім. А. А. Куляшова. Пагражаюць нявыплатай прэміяў. Але людзі не хочуць рабіць прышчэпкі, паколькі не давяраюць расейскай і кітайскай вакцынам. У нас жа няма ніякай альтэрнатывы і выбару, можам прышчапіцца толькі тым, што ёсць. Іншая справа – на Захадзе, дзе людзі могуць выбраць і зрабіць больш бяспечную прышчэпку, якая зарэкамендавала сябе», – распавёў «Белсату» работнік універсітэту імя А. Куляшова.

Працаўнікі сістэмы адукацыі распавядаюць, што кіраўніцтва калектываў патрабуе зрабіць прышчэпкі да 1 верасня, каб да пачатку новага навучальнага года ў настаўнікаў выпрацаваўся імунітэт. А тым, хто не жадае рабіць прышчэпак, пагражаюць звальненнем.

Прымусовая вакцынацыя. Фота: чытачы «Белсату»

«На фармацэўтычным прадпрыемстве УП «Менскінтэркапс» пагражаюць не толькі не працягнуць кантракту, але і абмежаваць доступ на працу, а, адпаведна, за прагулы потым звольніць. Палохалі месяц таму, на мінулым тыдні даслалі галоўнага эпідэміёлага Заводскога раёну на лекцыю. Пакуль яшчэ нядопускаў не было. Працуе шмат людзей перадпенсійнага ўзросту, і слабахарактарныя з-за страху прышчапляюцца патроху», – распавёў «Белсату» працаўнік прадпрыемства.

У суседняй Расеі таксама пагражаюць і прымушаюць прышчапіцца

У Расеі вакцыну атрымалі 25 % грамадзянаў краіны. Навінавыя парталы Расеі паведамляюць пра прымусовую вакцынацыю пад пагрозаю звальнення. Разам з тым, кіраўніцтва краіны склала спіс работнікаў, якія мусяць прышчапіцца, бо цесна кантактуюць з вялікай колькасцю людзей. Гэта медыкі, працаўнікі культурніцкіх установаў, сферы гандлю і паслугаў, а таксама іншыя спецыялісты.

Вакцынацыя ад каронавіруснай інфекцыі. Масква, снежань 2020 г. Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Паводле рэсурсу «Медуза», цяпер у 45 расейскіх рэгіёнах уведзеная абавязковая вакцынацыя для пэўных катэгорыяў працаўнікоў. У калектывах мусіць быць прышчэплена не меней за 60 % равботнікаў першай дозай да 15 ліпеня і другой дозай – да 15 жніўня. У адваротным выпадку працадаўцам пагражае штраф.

Пункт вакцынацыі ад COVID-19 у Варшаве. Студзень 2021 г. Фота: Adam Chelstowski / Forum

Вакцынацыя ў Польшчы

У суседняй Польшчы дзве дозы прышчэпак ад каронавіруса атрымалі каля 46,5 % грамадзянаў краіны. Урад Польшчы рыхтуецца да чацвёртай хвалі каронавіруса і ў сувязі з гэтым Медычная рада заклікае прэмʼер-міністра краіны Матэўша Маравецкага ўвесці абавязковую вакцынацыю для медычнага персаналу і настаўнікаў.

«Мы добра ведаем, што шпіталі – гэта месцы, дзе вельмі лёгка падхапіць каронавірус. Ёсць таксама мноства цяжка хворых людзей, для якіх заражэнне можа азначаць цяжкое цячэнне хваробы або нават смерць. Таму Медычная рада рэкамендуе ўвесці абавязковыя прышчэпкі для медычных працаўнікоў. Служба аховы здароўя, у прыватнасці, мусіць быць неўспрымальнай да COVID-19, таму што гэта не толькі нашыя дактары, медсёстры, але і дыягносты, лабаранты, якія абслугоўваюць пацыентаў і грамадзянаў», – цытуе словы прэмʼер-міністра Матэўша Маравецкага ягоная прэсавая служба.

Свет рыхтуецца да трэцяй хвалі

Індыйскі штам каронавіруса ў Лідскім раёне

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны