«На ўсю прапагандысцкую моц». Якія пагрозы нясуць заявы пра смерць іракца і чаму эскалацыя будзе працягвацца


Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуску «Райгардас», Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы, у якім улады Літвы вінавацяць афіцыйны Менск, абвастрыўся звесткамі пра смерць іракца. Разбіраемся з тым, якія могуць быць наступствы гэтага і ці апошні гэта інцыдэнт на памежжы.

Што адбылося

Афіцыйныя паведамленні пра смерць мігранта на беларуска-літоўскай мяжы пакуль не выклікаюць адназначнага даверу. У Памежным камітэце заяўляюць, што асобу неславянскай аблічнасці знайшлі ў цяжкім стане каля вёскі Беняконі. Нягледзячы на дапамогу, ён нібыта памёр.

«Пул Первого» і праўладныя тэлеграм-каналы, а таксама дэпутат Алег Гайдукевіч ужо назвалі яго грамадзянінам Іраку, які быў моцна збіты і вяртаўся з Літвы. Што ён там рабіў, не ўдакладняецца. Лукашэнка ўжо даручыў знайсці блізкіх памерлага, выдаць ім візы і дапамагчы прыехаць у Беларусю. Сітуацыя застаецца ў яго на кантролі.

Hавiны
Беларускі памежны камітэт заявіў пра гібель «чалавека неславянскай знешнасці» на мяжы з Літвой
2021.08.04 11:42

Цікава, што інфармацыя пра здарэнне з’явілася спачатку ў неафіцыйных тэлеграм-каналах, пасля – у дзяржмедыях і ў апошнюю чаргу – у Памежным камітэце. Таксама ўлады адназначна вінавацяць у смерці іншаземца літоўскі бок, а іншыя версіі (няшчаснае здарэнне, канфлікт з іншымі мігрантамі, беларускімі жыхарамі і г. д.) нават не разглядаюцца.

І ўжо з самай раніцы каля амбасады Літвы ў Менску прайшоў праўладны пікет у абарону мігрантаў у Літве. Цікава, што заяву на пікет варта падаваць не пазней як за 15 дзён да акцыі, і прысутнічаць на ёй у масках нельга. Усё гэта было парушана пікетоўцамі, як і адлегласць ад дыппрадстаўніцтва, на якой праходзіў мітынг.

У той жа час у Літве кажуць, што даведаліся пра інцыдэнт толькі з навінаў, і называюць паведамленні беларускіх уладаў правакацыяй.

«Мы можам гэта пракаментаваць як відавочную дэзынфармацыю. Супраць Літвы вядзецца гібрыдная атака, і распаўсюд дадзенай дэзынфармацыі – прыклад гэтага. Гэта бздура, казкі братоў Грымаў», – сказала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце (Agnė Bilotaitė).

Hавiны
Гэта казкі братоў Грымаў. Кіраўніца МУС Літвы пра смерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы
2021.08.04 16:09

Ранейшыя правакацыі не спрацавалі?

Як адзначыў у каментары «Белсату» аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка, дагэтуль невядома, наколькі афіцыйная версія падзеяў праўдзівая.

«У нас пакуль няма дакладных доказаў. Няма й пацверджання ад нейкай замежнай амбасады, што сапраўды ейны грамадзянін памёр. Таму, пакуль усяго гэтага няма, я б разглядаў усю гэтую сітуацыю як нейкі ўкід», – адзначыў аналітык.

Пры гэтым ён дапускае, што нехта на мяжы ўсё ж мог памерці, бо «ствараючы гэты рукатворны крызіс з мігрантамі на мяжы, Беларусь фактычна сябе ставіць у сітуацыю бандыцкай групоўкі». І ў такой сітуацыі ёсць вялікая рызыка, што рана ці позна нехта можа загінуць, мяркуе Вадзім Мажэйка.

Літоўскі памежнік. Літва, 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

«Увесь гэты міграцыйны крызіс створаны, каб нашкодзіць Літве. І, адпаведна, Менск зацікаўлены ў тым, каб як мага болей Літву ў яго ўцягваць. Таму розныя правакацыі ідуць у ход. Мы ўжо бачылі гісторыі, што літоўцы нібыта мігрантаў б’юць, потым паказвалі відэа, што нехта нібыта быў паранены. Паколькі гэта ўсё не спрацавала, то цяпер кажуць, што літоўцы забілі. Гэта эскалацыя, на якую беларускі рэжым ідзе, і падобна, што гатовы ісці і надалей», – падкрэсліў аналітык BISS.

«Надзвычайна сур’ёзны выклік»

У сваю чаргу старэйшы аналітык Цэнтру новых ідэяў, былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч мяркуе, што ва ўмовах, калі «бакі не прызнаюць адзін аднаго і таму могуць колькі заўгодна абвінавачваць адзін аднаго ў гібелі іракца і правакацыях», немагчыма правесці сапраўднае расследаванне і знайсці праўду пра абставіны інцыдэнту. Таму ён чакае далейшага абвастрэння ў стасунках паміж Менскам і Вільняй.

«Далейшае абвастрэнне [будзе. – Рэд. belsat.eu]. Мяркую, што кожны з бакоў паспрабуе скарыстацца выпадкам у сваіх мэтах», – заявіў ён у каментары «Белсату».

На думку былога дыпламата, «эпізод з гібеллю іракца будзе раскручаны афіцыйным Менскам на ўсю прапагандысцкую моц». Робіцца гэта, каб ціснуць на Літву і караць яе за падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў.

Літоўскі памежнік каля літоўска-беларускай мяжы. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

«Для Літвы гэты крызіс – надзвычайна сурʼёзны выклік, які яна не пацягне самастойна. Таму гэта спрыяльная нагода прыцягнуць увагу ЕЗ да сябе, да беларускай праблемы як пагрозы міграцыйнай бяспекі Еўразвязу. Да гэтага моманту не сказаць каб намаганні Вільні ў гэтым кірунку былі эфектыўнымі. Магчыма, першая міграцыйная ахвяра зменіць сітуацыю», – адзначыў Павел Мацукевіч.

«Любая іскра здольная распаліць небяспечны агонь»

Агулам аналітык таксама мяркуе, што ў сітуацыі, калі стасункі паміж краінамі напружаныя, «любая іскра здольная распаліць небяспечны агонь».

«Асабліва ў сітуацыі, калі бакі карыстаюцца крызісам. Я спадзяюся, што да крайнасцяў не дойдзе, бо канфлікт у гэтым выпадку наогул не вырашае ніякую з праблем», – заявіў ён.

Павел Мацукевіч адзначыў, што дзеля пераадолення крызісу ЕЗ і Літва спрабуюць дамовіцца з Багдадам, «але пакуль гэта прыводзіць да адваротнага эфекту – нарошчванню рэйсаў з Іраку ў Беларусь».

Афіцэры «Frontex» вывучаюць мяжу разам з літоўскімі калегамі. Толькі пасля гэтага яны пачнуць патруляваць яе самастойна. Пераважна гэта ахоўнікі і паліцыянты з вялікім досведам, яны ўдзельнічалі ў місіях у Міжземнаморскім рэгіёне або ў міжнародных місіях у Афрыцы і Азіі. На здымку – тэрыторыя каля пункту пропуску «Райгардас», Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

«Рашэнне міграцыйнай праблемы знаходзіцца ў Беларусі. Менавіта Менск можа абмежаваць рэйсы і заблакаваць уезд мігрантам, што і рабіў раней. Пакуль час для такіх дамоўленасцяў не прыйшоў, бо яны патрабуюць узаемных саступак», – заявіў аналітык.

Таму цяпер, падкрэсліў Павел Мацукевіч, «перыяд абвастрэння – правакацый і ўзаемных абвінавачванняў».

Hавiны
У Літве «ваяры Алаха» пагражаюць праз электронныя лісты адпомсціць «за братоў-мусульманаў»
2021.08.04 19:37

Днямі Літва прыняла пастанову пра вяртанне мігрантаў у Беларусь. З 3 жніўня памежныя службы суседняй краіны могуць не прапускаць мігрантаў, а тых, каго зловяць недалёка ад беларускай мяжы, будуць вяртаць назад. Агульная колькасць затрыманых на беларуска-літоўскай мяжы з пачатку года перавысіла чатыры тысячы асобаў. Большасць мінула мяжу цягам апошніх двух месяцаў.

Сярод мігрантаў пераважаюць жыхары Іраку. Пераважна мужчыны, хоць шмат сем’яў з маленькімі дзецьмі. Некаторыя вельмі добра гавораць па-нямецку і не хаваюць, што мэта іхнага падарожжа – Германія. Іншыя запэўніваюць, што хочуць застацца ў Літве. На здымку – жыхары лагеру для ўцекачоў. Капчаміесціс, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

МГ belsat.eu

Стужка навінаў