«Я проста хацела бегчы». Крысціна Ціманоўская заклікала беларусаў не баяцца. ВІДЭА, ФОТА


Беларуская атлетка Крысціна Ціманоўская, якая ўваходзіла ў склад нацыянальнай зборнай на Алімпійскіх гульнях у Японіі, напярэдадні прыляцела ў Варшаву. Сёння, 5 жніўня, яна дае сваю першую прэсавую канферэнцыю пасля скандалу, калі яе гвалтам хацелі вывезці з Токіа ў Менск. «Белсат» вядзе наўпроставую трансляцыю.

Дзякуючы намаганням Беларускага фонду спартовай салідарнасці, беларускай дыяспары і міжнароднай супольнасці Ціманоўская атрымала магчымасць прыехаць у Польшчу.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве. 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

«Гатовая дапамагаць кожнаму»

«Я гатовая дапамагчы людзям, якія могуць апынуцца ў падобнай сітуацыі. Я хачу сказаць беларусам, якія баяцца, калі на іх аказваецца нейкі ціск, каб яны смела пра гэта заяўлялі. І калі нехта адчувае ціск ці нейкія псіхалагічныя праблемы, яны могуць смела напісаць мне – я таксама паспрабую падтрымаць кожнага і адказаць кожнаму», – сказала Ціманоўская.

Пра палітычны скандал

«Я злёгку здзіўленая, што ўся гэтая сітуацыя стала такім палітычным скандалам, бо гэта датычыла толькі спорту. Гэта была яшчэ адна памылка, з-за якой дзве спартоўкі не змаглі прыехаць, і я проста хацела, каб за гэтую памылку панеслі адказнасць», – заявіла Ціманоўская.

«Я не думала пра палітычны прытулак. Усё, што я хачу, – гэта застацца ў спорце, працягнуць сваю спартовую карʼеру. Я параілася з бацькамі, якія парэкамендавалі мне ехаць у Польшчу, бо яны змогуць прыязджаць сюды часам».

«Я адчуваю сябе значна лепш тут. Я адчуваю сябе ў бяспецы. Мой муж ужо па дарозе ў Польшчу. Я чакаю яго», – распавяла Ціманоўская.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве. 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

Не планавала не вяртацца ў Беларусь

«Я не магла ўявіць, што такая сітуацыя можа адбыцца. Я актыўна вяду Instagram, і перад Алімпійскімі гульнямі я рабіла пост пра мае планы па вяртанні з Алімпіяды. У мяне павінныя былі быць спаборніцтвы 15 жніўня, і я абмяркоўвала са сваім менеджарам, як я буду з Беларусі ляцець на спаборніцтвы. Пасля заканчэння сезону мы планавалі паляцець на адпачынак, я планавала закончыць навучанне. Таксама планавалі далей займацца працай, якую мы пачалі ў Менску», – распавяла Ціманоўская.

Павел Латушка і Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве. 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

Як прымалася рашэнне

«Калі мне далі час на тое, каб сабраць чамадан, я старалася максімальна цягнуць час. Я стэлефаноўвалася з бацькамі, з мужам. Мы раіліся, што рабіць. Першапачаткова было прынятае рашэнне ўсё ж такі вярнуцца дадому. Таксама я паспрабавала звязацца з Фондам спартовай салідарнасці, і яны мне адказалі, што калі я прыму рашэнне ўсё ж такі не вяртацца ў Беларусь, яны змогуць мне дапамагчы. І ўжо калі я ішла ў машыну, мне патэлефанавала бабуля, і было літаральна 5 секундаў, за якія яна паспела сказаць, што «табе нельга вяртацца ў Беларусь». Я разумею, што яна не так проста гэта сказала. Магчыма, нехта ў Беларусі паспеў ёй перадаць, што мяне будзе чакаць, калі я вярнуся. А тут я адчуваю сябе ў бяспецы», – расказала Ціманоўская.

Пра ціск з боку дзяржаўных медыяў

«Мне распавялі мае бацькі пра тое, што па тэлевізары ўжо гавораць пра мяне і кажуць дрэнныя рэчы. Пра тое, што я не скарысталася шанцам прабегчы на Алімпіядзе ў тым відзе спорту, у якім ніколі ў жыцці не брала ўдзелу, і што я недаспартоўка. Таксама мне даслалі фота з Тэлеграм-каналу, дзе пакідалі спасылку на мой акаўнт на «Інстаграме» з просьбай пісаць мне дрэнныя рэчы. Так, мне паступала шмат паведамленняў у «Інстаграм», але ўжо ў той момант нашмат больш было словаў падтрымання ад людзей, таму я чытала больш пазітыўных паведамленняў, чым негатыўных», – кажа Ціманоўская.

Крысціна Ціманоўская, беларуская лёгкаатлетка, якую прымусова хацелі вывезці з Алімпіяды ў Токіа, адказвае на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі ў Варшаве. Польша прапанавала стартоўцы гуманітарную візу. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Пра планы і бацькоў

«Я думаю, што калі сёння мой муж прыедзе сюды, мы павінны разам прыняць рашэнне [ці заставацца ў Польшчы]. На дадзены момант я не магу нічога адказаць. Але я спадзяюся, што мы зможам застацца тут і працягнуць тут маю карʼеру, а муж зможа знайсці тут працу.

У мяне ёсць трэнер у Аўстрыі, і, вядома ж, хацелася б працягнуць працаваць з ім, калі гэта магчыма. Таксама апошнія два гады мой муж дапамагаў мне трэнавацца ў Менску, быў маім другім трэнерам. Калі ён прыедзе сюды, я думаю, што мы паспрабуем трэнавацца разам з мужам.

Я вельмі хвалююся за сваіх бацькоў, якія засталіся ў Беларусі. Тым больш што мой бацька хворы – у яго праблемы з сэрцам, і за апошнія дні ягоны стан пагоршыўся. Але я спадзяюся, што нічога дрэннага з імі не адбудзецца», – заявіла Крысціна Ціманоўская.

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, і лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская падчас прэс-канферэнцыі. Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу ў Токіа пасля таго, як кіраўніцтва алімпійскай каманды Беларусі спрабавала яе сілай вывезці на радзіму з Алімпіяды. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

«Перад прэс-канферэнцыяй я атрымаў званок ад генеральнага дырэктара Міністэрства культуры і спорту Польшчы. Заўтра ў Крысціны плануецца сустрэча, дзе папярэдне можна будзе абмеркаваць магчымую дапамогу з боку польскіх уладаў для будучай спартовай карʼеры і прафесійнай дзейнасці Крысціны. Але я хачу яшчэ раз падкрэсліць: ніхто не навязвае Крысціне рашэнне – яна гэта рашэнне прымаць будзе самастойна. Польскае Міністэрства культуры і спорту гатовае прапанаваць сваю дапамогу», – распавёў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

«Я вельмі засмучаная тым, што ў мяне адабралі шанец на Алімпійскія гульні. Гэта былі доўгія пяць гадоў рыхтавання, прыйшлося шмат перажыць – і траўмы, і COVID, але ўсё-такі я спадзяюся на тое, што ў маім жыцці гэта былі не апошнія Алімпійскія гульні, я разлічваю яшчэ як мінімум на два такія старты. Буду рабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуцца ў шыхт і працягнуць сваю карʼеру.

Я буду гатовая вярнуцца ў Беларусь, калі буду ўпэўненая ў тым, што маё перабыванне там будзе бяспечным», – заявіла Ціманоўская.

«9 жніўня пройдзе Марафон свабоды Фонду спартовай салідарнасці, у якім я буду браць удзел», – паведаміла Ціманоўская.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

Аб адхіленні Крысціны ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях

«Заўтра будзе разглядацца пытанне, ці правамернае рашэнне Беларуссі аб адхіленні Крысціны ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях. Да сённяшняга моманту мы не ведаем, ці падаў НАК Беларусі адпаведныя дакументы, што таксама ўскладняе разгляд гэтага пытання.

Мы разлічваем, што рашэнне будзе прынятае на карысць Крысціны. Яе інтарэсы рэпрэзентуек японскі адвакат, а таксама Беларускі фонд спартовай салідарнасці», – заявіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Павел Латушка на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве. 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

Пра спробу прымусовага вывазу з Алімпіяды

«Калі адбылася першая размова пра тое, што я не буду ўдзельнічаць у другой дыстанцыі (400 метраў), мне сказалі, што рашэнне ўжо прынятае за мяне і фактычна набыты білет, і я мушу адправіцца дадому. Яны спыталі: «Згодная ты ці не, і калі так, то мы паведамім у НАК, што ты згодная». Я адказала, што з гэтым рашэннем не згодная і настойваю на тым, каб узяць удзел у бегу на 200 метраў. Пасля гэтага была зусім іншая размова: што калі я пайду супраць волі, то будуць прынятыя іншыя меры. Пасля гэтага галоўны трэнер сказаў: «Добра, ты можаш бегчы». На наступны дзень да мяне ўжо прыйшлі і сказалі, што не пытаюцца, ужо набыты білет, я павінна сабраць рэчы і ляцець у Беларусь», – расказала спартоўка.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская падчас прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Што было ў аэрапорце Токіа

«Па прыбыцці ў аэрапорт я загадзя выкарыстала гугл-перакладчык і перавяла на японскую мову, што мне патрэбна дапамога. Я падышла да паліцыі, паказала гэты перакладчык. Яны не адразу зразумелі, што адбываецца. Да прадстаўніка паліцыі падышоў хтосьці з акрэдытацыяй «Токіо-2020». Ён таксама паглядзеў, што ў мяне ў тэлефоне. У гэты момант да мяне падышоў чалавек з нашага НАК, які суправаджаў мяне. Ён спытаў, што я раблю. Я сказала, што страціла нешта ў алімпійскай вёсцы, і мне неабходна гэта знайсці. Ён пачаў казаць: «Што ты там страціла?» Калі чалавек з акрэдытацыяй сказаў паліцыянтам, што нешта адбываецца, і нешта тут не так, мяне адвялі ўбок. Туды падышло вельмі шмат паліцыі, і ў мяне пачалі браць паказанні. Яны забралі мае рэчы і стараліся, каб я не заставалася побач з чалавекам, які мяне суправаджаў. Калі ўсё стала вядома з навінаў і калі беларуская дыяспара патлумачыла паліцыі, што адбываецца, мяне павялі ў бяспечнае памяшканне і зрабілі ўсё, каб я была ў бяспецы», – расказала Ціманоўская.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве. 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

«Што значыць «я проста хачу бегчы» ў вашых сацыяльных сетках?»

«Я не хачу ўцякаць ад кагосьці. Сэнс гэтага паслання ў тым, што я проста хацела прабегчы на Алімпійскіх гульнях. Гэта была мая мара, я да гэтага вельмі моцна імкнулася, і спадзяюся, што далей я змагу гэта працягнуць [займацца спортам]», – патлумачыла Ціманоўская.

Журналісты ў чаканні пачатку прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВШ / Белсат

Крысціна Ціманоўская мелася выступіць на Алімпіядзе 2 жніўня ў папярэднім забегу на дыстанцыі 200 метраў, аднак НАК Беларусі адхіліў яе ад удзелу ў Алімпіядзе і прыняў рашэнне адправіць Ціманоўскую дадому ў сувязі «з яе эмацыйна-псіхалагічным станам». Спартовы арбітражны суд адмовіўся скасаваць адхіленне атлеткі ад гульняў.

1 жніўня Ціманоўская ў такійскім аэрапорце звярнулася ў паліцыю і запісала відэа, у якім прасіла дапамогі, бо на яе ціснуць і спрабуюць вывезці без ейнай згоды. Паліцыя суправадзіла дзяўчыну ў гатэль, на наступны дзень Польшча дала ёй гуманітарную візу.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа, 1 жніўня 2021 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Да таго Ціманоўская апублікавала відэа, у якім расказвала, што яе, не спытаўшы, выставілі на спаборніцтвы, да якіх яна не рыхтавалася: на эстафету «4 па 400». Яна раскрытыкавала спартовых чыноўнікаў Беларусі за тое, што лёгкаатлетак, якія мусілі бегчы гэтую эстафету, не дапусцілі да Алімпіяды праз недастатковую колькасць допінг-пробаў. Чыноўнікі пагражалі ёй за гэтае відэа.

belsat.eu

Стужка навінаў