Кангрэсмены ЗША папрасілі МВФ не даваць Беларусі амаль мільярд долараў


Міжнародны валютны фонд размяркоўвае сродкі на аднаўленне пасля пандэміі каронавірусу. Дапамога мае пайсці ўсім краінам, незалежна ад палітычнай сітуацыі.

Долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў ад Дэмакратычнай партыі Біл Кітынг апублікаваў у Twitter ліст да Міжнароднага валютнага фонду ад чатырох кангрэсменаў – двух дэмакратаў і двух рэспубліканцаў.

Лідары кокуса «Сябры Беларусі» выказалі шкадаванне з нагоды таго, што Міжнародны валютны фонд вырашыў прафінансаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў межах праграмы дапамогі на аднаўленне пасля пандэміі каронавірусу. Беларусі паводле гэтай праграмы мае дастацца эквівалент $ 950 млн у «адмысловых правах пазыкі» (SDR).

Hавiны
Падобна, МВФ дасць Беларусі амаль мільярд долараў. Але ці дазволяць ім скарыстацца?
2021.07.30 09:00

«Рэжым Лукашэнкі прыціскаў і жорстка абыходзіўся са сваім народам – і мусіць несці адказнасць за свае дзеянні, вартыя асуджэння», – пішуць кангрэсмены ў МВФ.

Выдача амаль мільярда долараў рэжыму Лукашэнкі падрывае намаганні дэмакратычнага руху Беларусі ў барацьбе супраць рэпрэсіяў рэжыму, пішуць яны. Таксама выдача грошай супярэчыць прагрэсу, якога дасягнулі ЗША і іх саюзнікі ў санкцыях і павелічэнні выдаткаў рэжыму. Да таго ж, доступ да грошай пашле сігнал іншым аўтарытарным рэжымам аб тым, што яны могуць быць «узнагароджаныя за спансаваны дзяржавай гвалт супраць сваіх грамадзянаў».

Нявыдача крытычна неабходных рэжыму сродкаў, пішуць кангрэсмены, мусіць трываць да таго моманту, пакуль рэжым не пойдзе на дыялог з Каардынацыйнай радай і не арганізуе свабодныя і справядлівыя выбары.

АА belsat.eu

Стужка навінаў