Гарадзенскі карыдор: як жыхары Іраку прабіваюцца ў Літву праз Беларусь


Шматлікія групы іншаземцаў заўважаныя апошнімі днямі не толькі ў Менску і Ашмянах, але і ў Горадні. «Белсат» высвятляў, куды накіроўваюцца замежнікі, якія называюць сябе турыстамі.

Пачынаючы з панядзелку ў Горадні ўсё часцей можна пабачыць групы асобаў, якія падобныя да жыхароў Блізкага Усходу. Тое, што іх значна паболела, заўважылі гарадзенцы, якія працуюць недалёка ад аўтавакзалу. Пра падобныя групы таксама паведамляюць мясцовыя, якія жывуць каля чыгуначнага вакзалу.

Іракцы ловяць таксі ў Горадні 4 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле нашых суразмоўцаў, звычайна гэтыя групы накіроўваюцца ў двары, дзе спрабуюць выклікаць таксоўку.

Адна з такіх групаў з 10-ці чалавек была заўважаная 4-га жніўня ў двары на вуліцы Карла Маркса, недалёка ад аўтавакзалу. Сярод іх – мужчына за 50 гадоў, жанчына падобнага веку, дзяўчына гадоў сямнаццаці, чацвёра дарослых мужчынаў, маленькія дзеці гадоў па пяць. Усе былі з валізкамі, апранутыя ў спартовае і зручнае адзенне. Магчыма, цэлая сям’я.

Выклікалі таксі да аграгарадку Гіркі ў Воранаўскім раёне, недалёка ад мяжы. Паводле саміх іншаземцаў, яны прыляцелі з Іраку ў Менск, прыехалі ў Горадню, а адтуль накіроўваюцца ў Гіркі. Самі пра сябе яны кажуць, што проста турысты.

Група іракцаў у Горадні 4 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Белсат» таксама атрымаў інфармацыю, што групы мужчын, падобныя да жыхароў Блізкага Усходу, ўсё часцей заўважаныя ў памежных вёсках і мястэчках на Гарадзеншчыне. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, шмат іншаземцаў з’явіліся тут у ліпені. Яны паводзяць сябе свабодна, не хаваючыся, набываюць тавары ў мясцовых крамах. Апранутыя добра, трапляюцца студэнты-замежнікі, якія вучыліся ў менскіх універсітэтах, у прыватнасці, БНТУ. Памежнікі ніяк не рэагуюць на іх прысутнасць у памежнай зоне.

Паводле нашых крыніц, пасля таго, як Літва пачала разварочваць мігрантаў на мяжы, у памежжы пачалі зʼяўляцца іншаземцы, якія просяць выклікаць ім таксоўку ў Горадню.

Штодзень літоўскія памежнікі ловяць сотні мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі. Літоўскія ўлады падазраюць рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі плыні нелегальнай міграцыі, вінавацяць беларускіх памежнікаў у бяздзеянні. Некаторыя мігранты кажуць, што на беларускім баку іх інструктуюць невядомыя.

Аналітыка
«На ўсю прапагандысцкую моц». Якія пагрозы нясуць заявы пра смерць іракца і чаму эскалацыя будзе працягвацца
2021.08.05 09:19
Hавiны
Іракцы адкрыта расказваюць, як з Беларусі трапіць у Літву без дакументаў
2021.08.03 18:35

belsat.eu

Стужка навінаў