«Я ненавіджу таталітарныя рэжымы». Беларускі анархіст тлумачыць, чаму едзе ва Украіну на фронт


Мы сустрэліся з Аляксеем (імя змененае на просьбу героя) у адным з польскіх сквотаў. Тут знайшлі прытулак шмат якія беларускія анархісты, некаторыя вымушаныя былі бегчы з краіны з-за пагрозы крымінальнага пераследу з палітычных матываў.

З пачатку вайны ў гэтай прасторы пачалі прымаць і ўкраінскіх уцекачоў. Тут жа, у сквоце, жыве і Аляксей. Раней ён здымаў жытло ў Варшаве, але перад паездкаю ва Украіну перабраўся сюды. «У Польшчы жыву з 2019 года. Прыкладна пяць гадоў таму трапіў пад пільную ўвагу ГУБАЗіКу. Пачаліся прэвентыўныя затрыманні. Гэта было задоўга да 2020 года, тады беларусы яшчэ спалі. Мне проста надакучыла катацца па турмах, і пасля чарговага арышту я вырашыў зʼехаць», – кажа суразмоўца.

Аляксей.
Фота: Белсат

Мы падымаемся на апошні паверх сквоту: тут у пакоі жыве Аляксей з сяброўкаю. На сценах – шмат беларускіх плакатаў, украінскі і бел-чырвона-белы сцягі, анархісцкія лозунгі. Ідэямі анархізму Аляксей зацікавіўся ў падлеткавым узросце. «Чытаў Крапоткіна, Бакуніна – усё як мае быць. З нейкага моманту зрабіўся прыхільнікам талентаў Нестара Іванавіча Махно. І гэта, безумоўна, паўплывала на маё рашэнне ісці на вайну. Не сумняваўся ні секунды ў правільнасці свайго выбару, гэтая вайна – самае горшае, што я бачыў у сваім жыцці. Увесь час перад вачыма шматпавярховік са скразной дзірой. Я ненавіджу ўсе гэтыя таталітарныя рэжымы, яны выгналі мяне з майго дому, а цяпер забіваюць маіх суседзяў. Гэта не мае права на існаванне, і я проста не магу заставацца ўбаку і назіраць. Ёсць шмат спосабаў дапамагчы Украіне, але я вырашыў змагацца са зброяй у руках».

У арміі хлопец ніколі не служыў, гэта будзе ягоны першы вайсковы досвед. Запытваем ў Аляксея: на ягоную думку, ці магчымае збройнае вызваленне Беларусі? «Не да канца разумею, як гэта будзе ажыццяўляцца, які план. І таму на дадзены момант стаўлю сабе за мэту максімальна эфектыўна авалодаць рознымі ваеннымі навыкамі. Далей будзе відаць, але натуральна, калі стане пытанне – я гатовы змагацца за Беларусь. Я заўжды думаю пра вяртанне дадому. Не тое каб мне дрэнна ў Польшчы, не, я бясконца ўдзячны палякам, гэта сапраўднае добрасуседства, але дом ёсць дом, а мой дом – гэта Беларусь!»

Анархісцкія плакаты ў пакоі Аляксея. Польшча. Чэрвень 2022 года.
Фота: Белсат

Аляксей спускаецца ва ўнутраны двор сквоту. Тут сабраліся ягоныя сябры – сёння развітальная імпрэза. Хутка хлопец апынецца ў палку Каліноўскага. Пазней запытваем, што больш за ўсё запомнілася за вечар: «Быў момант, калі да мяне падышла дзяўчынка-падлетак, якая была вымушаная ўцякаць з Украіны са сваёй сямʼёй, і сарамліва спытала, калі я зʼязджаю, і пажадала поспехаў. Вельмі кранальны момант, проста да слёз».

Фота: Белсат

Хтосьці грае на акардэоне. Спяваюць песні: у асноўным стары панк-рок, але паміж імі чуваць і ўкраінская песня. «Сябры, вядома ж, за мяне хвалююцца. Пару чалавек спрабавалі мяне адгаворваць, але млява – разумелі, што не выйдзе. Усё роўна ім плюс у карму за спробу. Большасць паставілася з разуменнем і павагаю да майго выбару. Чуў пра анархічныя фармаванні, але асабліва не сачыў за гэтым, буду рады з імі сустрэцца».

Стужка навінаў