Улады Беларусі ўвялі санкцыі супраць 190 кампаніяў з замежнымі інвестарамі


5 ліпеня на Нацыянальным прававым партале апублікаваная пастанова Савету Міністраў, якая вызначае пералік кампаніяў, замежным удзельнікам якіх забараняецца распараджацца акцыямі без дазволу ўладаў.

У пералік пастановы № 436 ад 1 ліпеня 2022 года трапілі юрыдычныя асобы Беларусі, акцыянерамі якіх ёсць замежныя юрыдычныя ці фізічныя асобы «з замежных дзяржаваў, якія чыняць несяброўскія дзеянні». Такім інвестарам «забараняецца адчужэнне доляў (акцыяў) у статутных фондах». Гэта значыць, яны не могуць распараджацца акцыямі па-свойму – без дазволу Міністэрства фінансаў.

«Для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь акцыі блакуюцца на рахунках «дэпо» іх уладальнікаў згодна з пералікам на падставе прадпісання Міністэрства фінансаў аб накладанні абмежаванняў у распараджэнні каштоўнымі паперамі», – гаворыцца ў пастанове.

У пералік трапілі 190 кампаніяў, у тым ліку:

  • ЗАТ «Еўраопт», інвестар якой – публічная кампанія з абмежаванай адказнасцю «Eurotorg Holding» (Кіпр).
  • «Лукойл Беларусь» – інвестар «ЛУКОЙЛ Интэрнэшнл ГмбХ» (Аўстрыя).
  • «EPAM Systems» – інвестар «EPAM Systems Cyprys Limited» (Кіпр).
  • «Лідскае піва» – 96,4 % акцыяў належаць кампаніі «Olvi» (Фінляндыя).
  • ААТ «Спартак» – акцыянер «Double Star International Ltd» (Брытанскія Віргінскія Астравы).

У пераліку – і тыя супольныя прадпрыемствы, доля якіх належыць прыватным асобам. Прыкладам, ААТ «Бабруйскі камбінат», «Беларускія шпалеры», «Марозпрадукт» ды іншыя.

Пастанова набыла моц пасля яе афіцыйнага апублікавання 5 ліпеня.

Аналітыка
Беларусы выбіраюць рублём: суайчыннікі шукаюць магчымасці набыць тавары з Еўропы, а не з Расеі
2022.07.04 17:08

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў