Ціханоўская распавяла, што замінае стварыць кабінет для транзіту ўлады


Святлана Ціханоўская і Павел Латушка размаўляюць з журналістамі у Беларускім доме ў Варшаве. 5 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Арганізацыі пераходнага органу замінаюць кадравыя праблемы, заявіла Святлана Ціханоўская ў аўторак, адказваючы на пытанне журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі ў Варшаве.

Паводле беларускай дэмакратычнай лідаркі, стварэнне нацыянальнага органу для транзіту ўлады, пра які было аб’яўлена ў лютым 2022 года, усё яшчэ знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

«У нас ёсць кадравыя праблемы, – заявіла Святлана Ціханоўская. – Але грамадскі запыт на такое прадстаўніцтва ёсць – мы над гэтым працуем».

Ціханоўская распавяла, што ў жніўні плануецца правесці кангрэс беларусаў, каб падсумаваць вынікі працы дэмакратычных сілаў за апошнія два гады, а таксама абмеркаваць змены ў стратэгіі барацьбы супраць рэжыму.

«Цяпер мы змагаемся не толькі за новыя выбары ў нашай краіне, але за незалежнасць Беларусі. Магчыма, будуць змены ў стратэгіях і падыходах», – дадала Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка размаўляюць з журналістамі у Беларускім доме ў Варшаве. 5 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Прысутны на прэс-канферэнцыі Павел Латушка заявіў, што на кангрэсе абмяркуюць, між іншага, арганізацыю нацыяльна-вызваленчага руху і стратэгію далейшых дачыненняў з Украінай.

Адказваючы на пытанне «Белсату» пра ролю сілавікоў у вызваленчым руху, кіраўнік Народнага антыкрізіснага ўпраўлення паведаміў, што гэта будзе вырашацца на жнівеньскім кангрэсе.

«Без удзелу такіх ініцыятываў, як «ByPol», «Кіберпартызаны», «План Перамога» і «План Супраціў» і іншых структураў, уявіць эфектыўнасць такога руху цяжка. Аднак, вельмі важнае шырокае грамадскае падтрыманне гэтага руху. Трэба знайсці такія інструменты, якія забяспечаць удзел моцных арганізацыяў унутры руху, гэтак і максімальнае прадстаўніцтва беларусаў у ім», – дадаў Латушка.

Святлана Ціханоўска з чальцамі свайго Офісу пакідае Беларускі дом у Варшаве пасля размовы з журналістамі 5 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

4-5 ліпеня Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Варшаве. У панядзелак Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім, у аўторак правядзе сустрэчы з прэзідэнтам Анджэем Дудам і міністрам аховы здароўя Адамам Нядзельскім.

Жора Ройтбард belsat.eu

Стужка навінаў