Палітзняволеную студэнтку Дануту Пярэдню асудзілі на шэсць з паловай гадоў калоніі


Суд Кіраўскага раёну асудзіў 20-гадовую студэнтку Дануту Пярэдню на 6,5 года калоніі. Яна прызнаная вінаватай у прычыненні шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і абразе Лукашэнкі, паведаміла праваабарончая валанцёрская група «MAYDAY».

Палітзняволеная студэнтка Данута Пярэдня. Крыніца фота: prisoners.spring96.org

Прысуд быў вынесены яшчэ 1 ліпеня. Данута Пярэдня была прызнаная вінаватай у дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК) і ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). 20-гадовай студэнтцы прысудзілі шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму.

У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна перапосціла ў адзін з чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі ў развязванні вайны ва Украіне. Там нібыта змяшчаўся і заклік да вулічных выступаў, гаварылася пра адсутнасць перспектываў для беларускага войска, калі яно ўступіць у вайну.

Данута была студэнткай-выдатніцай, але пасля завядзення на яе справы дзяўчыну адлічылі з Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Яе затрымалі на чацвёрты дзень вайны ва Украіне – 28 лютага. 10 чэрвеня КДБ абнавіў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» – туды дадалі 9 чалавек, сярод якіх была і Данута Пярэдня. У чэрвені праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яе палітзняволенай.

На дзень 5 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1232 чалавекі.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў