Палітвязня Ігара Аліневіча перавялі ў памяшканне камернага тыпу пасля 30 содняў у ШІЗА


Палітвязень Ігар Аліневіч, асуджаны на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, пасля 30 содняў у ШІЗА быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) калоніі № 20 у Мазыры. Пра гэта ён паведаміў у лісце да сваёй маці, піша «Вясна».

«А вось і я з’явіўся нарэшце! Пасля 30 дзён у ШІЗА пераведзены ў ПКТ. Так што цяпер з матрацам, коўдрай, гарбатай. Скажу, што пасля 1,5 года ў розных СІЗА пабыць на самоце – вельмі карысная опцыя», – цытуе ліст, дасланы палітвязнем Ігарам Аліневічам маці з калоніі ў Мазыры, праваабарончы цэнтр «Вясна».

Анархісты Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў, Дзмітрый Рэзановіч і Дзмітрый Дубоўскі падчас суда.
Фота: a_partisans / Telegram

Палітвязень паведамляе, што прывёў сябе да «палепшанай фізічнай формы», але галоўнае, як піша, дасягнуў глыбіннага пагружэння ў думкі пра мінулае, цяперашняе і будучае.

«Будзеце смяяцца, але ледзь хапала часу – столькі ўсяго прыйшло ў галаву!» – піша ў лісце Ігар Аліневіч. Ён просіць у лістах да яго ўкладаць чыстыя аркушы і канверты («Заказныя – не трэба, паштоўкі – не трэба. Тут строгі ўлік», – напісаў Аліневіч).

  • Пісаць палітвязню трэба на адрас: ПК № 20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу.

Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча напрыканцы траўня этапавалі ў мазырскую папраўчую калонію № 20. Проста з каранціну яго кінулі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і ўтрымлівалі там з надуманых прычынаў 30 содняў. Аліневіч быў асуджаны на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму 22 снежня 2021 года. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і ч. 1 арт. 333-1 («Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў»).

Артыкулы
Як у Беларусі катуюць палітвязняў. 10 гісторыяў пра нечалавечае стаўленне
2022.06.21 12:45

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў