Еўразвяз заклікаў да адкрытага і незалежнага расследавання падзеяў у Каракалпакстане

Еўрапейскі Звяз заклікаў Узбекістан «да адкрытага і незалежнага расследавання гвалтоўных падзеяў у Каракалпакстане», якія здарыліся пасля публікацыі паправак да Канстытуцыі Узбекістану. Пра гэта паведаміла Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці.

«Мы глыбока шкадуем аб загінулых і пацярпелых людзях і працягваем уважліва сачыць за развіццём падзеяў. Мы прызнаем крокі прэзідэнта Мірзіёева для хуткага рэагавання на занепакоенасць грамадскасці наконт прапанаваных канстытуцыйных паправак.

Заклікаем бакі праяўляць стрыманасць у сваіх дзеяннях, каб пазбегчы любой эскалацыі або далейшага гвалту», – гаворыцца ў заяве.

ЕЗ заклікаў улады Узбекістану гарантаваць правы чалавека, у тым ліку правы на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязкамі краіны.

«Еўрапейскі Звяз мае трывалыя партнёрскія стасункі з Узбекістанам. Мы падтрымліваем намаганні Узбекістану ў правядзенні рэформаў і заклікаем працягваць гэты працэс праз кансультацыі з грамадзянамі і зацікаўленымі бакамі на аснове міжнародных нормаў і перадавой практыкі», – адзначылі ў ЕЗ.

У выніку хваляванняў у Нукусе, паводле звестак Генеральнай пракуратуры Узбекістану, загінулі 18 чалавек, 243 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Падчас пратэстаў ва Узбекістане загінулі мінімум 18 асобаў

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны